Важныя моманты малітвы

Малітва – гэта сяброўства

Малітва з’яўляецца любоўю ў дзеянні, якая агортвае і напаўняе ўсяго чалавека. Гэта доўгія гадзіны вернасці, спалучанай са сціпласцю ў манатонных штодзённых падзеях. Як і сяброўства, малітва патрабуе хвілінаў дыялогу (перадусім слухання), адзіноты, асабістай і больш блізкай камуніі, яснага ўсведамлення адносінаў, якія ёсць адносінамі з Богам. Гэта ўнутраная патрэба быцця сам-насам з Умілаваным. Сапраўдным арантам (лю­дзям малітвы) заўсёды ўласцівае прагненне адзіноты. Прагненне, якое рэалізуецца як у прызначаны час, так і падчас штодзённых заняткаў. Гэта кароткія акты, але яны распаленыя любоўю і распальваюць любоў. Асаблівымі момантамі малітвы, якія падтрымліваюць і ўмацоўваюць сяброўства з Богам, з’яўляюцца:

  • вусная малітва, напрыклад, чытанне Ружанца і іншых малітваў;
  • літургія — малітва літургіі гадзінаў, сакрамэнты, а перадусім —Эўхарыстыя;
  • мысленная малітва — хрысціянская медытацыя і кантэмпляцыя (сузіранне).

Трэба пазбягаць

а) Перажывання малітвы ў апазіцыі да жыцця альбо без яго кантэксту. Малітва не з’яднае мяне з Богам больш, чым жыццё, і само жыццё не мае перавагі над малітвай. Тое, што найбольш яднае, — гэта любоў, не зважаючы на рамкі або стыль жыцця. Калі нейкі з гэтых аспектаў ігнаруецца, то ніводзін з іх не ацалее. Яны павінны весці да адной мэты, бо з’яўляюцца выразам адзінай любові. Малітва лучыцца з жыццём і акрэслівае яго, а жыццё пранікае ў малітву, паглыбляе яе і пашырае.

б) Успрыняцця хвілінаў малітвы (перадусім Эўхарыстыі) як цяжкага абавязку, што можа выклікаць адпрэчванне, знуджанасць.

в) «Спажывецкага менталітэту» ў адносінах з Богам, калі шукаем канкрэтнай маланкавай карысці, якая праяўляецца ў атрыманні пэўнай ласкі альбо ў вырашэнні нейкай праблемы. Трэба таксама пазбягаць успрымання тэхнік ці малітоўных формул як магічных заклінанняў, што павінны заспакоіць адчувальныя недахопы ці таксама прынесці прыемныя адчуванні. Такі падыход вядзе да фрустрацыі і, урэшце, да занядбання малітвы.

Асабістыя адносіны здзяй­сняюцца ў велікадушнасці альбо ўвогуле пераста­юць такімі быць. Велікадушнасць з’яўляецца сутнасцю сяброўства і адзінаю прастораю ўзрастання. Бог з’яўляецца велікадушным і велікадушна дзейнічае ў нас і ўдзяляецца нам. Нам трэба практыкавацца ў велікадушнасці, у вартасцях, якія мы страчваем, бо велікадушнасць з’яўляецца сутнасцю хрысціянскай любові, тым, што яднае нас з Богам і чыніць чалавека арантам (асобай, якая моліцца). 

Малітоўнае жыццё павінна ісці ў пары са здароваю аскезаю, якая павінна выкараняць наш эгаізм і канцэнтраваць на Богу. 

Ідэал хрысціяніна, які моліцца

Магчыма, праходзячы каля касцёла, затрымліваешся на хвілінку, каб прывітацца з Богам, прысутным у табэрнакулюме. Сёння, не змяняючы свайго звычаю, можаш павялічыць гэты час. Застанься даўжэй з Панам. Глядзі на Яго і дазволь, каб Ён глядзеў на цябе. Проста будзь з Ім, бо Ён заўсёды з табой. 

Ці ты некалі прысвяціў Богу ўвесь свой дзень? Чаму не спрабуеш гэта ўчыніць? Вось некалькі падказак для рэалізацыі гэтага:

Выйдзі са штодзённасці. Калі тваё жыццё перапоўнена заняткамі, працай, абавязкамі, напружанасцю, клопатамі, адсутнасцю спакою… Калі прагнеш крыху цішыні, спакою і ўнутранай гармоніі… Калі адчуваеш у сабе прагненне Бога і хочаш шукаць Яго ўсім сэрцам, то, напэўна, табе варта прыпыніцца ў дарозе, адкласці тое, што нясеш на плячах, адысці ў ціхае месца, каб адчуць атмасферу пустыні — гэта добры спосаб вучыцца любіць самога сябе. 

Практычныя парады. Не прымушай сябе да неабходнасці такога дня, калі не хочаш яго, не шукаеш і не маеш такой патрэбы. Загадзя вызнач месца, дзе правядзеш гэты дзень. Пакладзі ў заплечнік крыху ежы, Біблію, сшытак для запісаў думак, якія прыйдуць табе ў галаву. Памятай пра тое, што добра спалучаць хвіліны чытання з прагулкай, адпачынкам, малітвай, цішынёй, сузіраннем краявідаў.

Дух дня пустыні. Пакінь свае пратаптаныя шляхі і шукай дарогі да Пана. Увайдзі ў цішыню і адзіноту. Прымі паставу мабільнасці, адкрытасці. Паспрабуй сканфрантавацца з самім сабою — можа, ужо доўгі час ты жыў па-за сабою да такой ступені, што нават не ведаеш сябе, і прасі Бога, каб паказаў табе сваё Аблічча.

Біблійныя тэксты. Для чытання можаш выбраць фрагменты з Кнігі Зыходу, Прарокаў, Псальмаў, Евангелля, Пасланняў св. Паўла. Дазволь, каб у табе з’явіліся пытанні, і з’явіцца новае святло, у якім убачыш сваё жыццё, людзей, якія цябе акружаюць, сітуацыі, што перажываюць твае браты.

Вярніся да жыцця. Па­дзяліся з тымі, хто цябе акружае, невялічкім братэрскім жэстам: суцеш засмучаных, падтрымлівай тых, хто працуе для іншых, абвяшчай усім, што дае нам жыццё, расказвай сведчаннем твайго жыцця пра Бога, які аднавіў цябе. І сузірай цуды, якія акружаюць цябе, бо свет найбольш змяняецца тады, калі змяняецца чалавек.


 З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла