Лекі ад бессэнсоўнасці

Нашае жыццё напоўнена мэтамі, памкненнямі, матывацыямі і імпульсамі да дзеяння. Ад таго, наколькі мы ўсведамляем сабе мэту ці якуюсьці неабходнасць, залежыць наша руплівасць, стараннасць. У сваю чаргу, нежаданне і немагчымасць бачання мэты пазбаўля­юць нас запалу і вядуць да абыя­кавасці, фармальнага выканання нашых абавязкаў. І гэта можа стацца не толькі з нашымі жыццёвымі заданнямі, але і з нашым рэлігійным жыццём.


Часам бывае, што фармальным з’яўляецца не хрысціянства, а хрысціянскія знакі. Яны, так бы мовіць, баналізуюцца. І хоць, здаецца, гэта меншая пагроза ў параўнанні з фармалізацыяй хрысціян­ства, варта звярнуць на гэтую з’яву ўвагу. Адным з выпадкаў, калі мы можам сустрэцца з такой духоўнай неахайнасцю, з’яўляецца знак святога крыжа, які мы чынім на сабе.

Старажытныя хрысціяне распачыналі і заканчвалі кожны свой занятак знакам крыжа. Яны разумелі, што ад моманту хросту трэба ўсё рабіць дзеля Бога і ў Яго Імя. 

І сёння знак крыжа для хрысціяніна павінен быць не толькі пацвярджэннем вызнання сваёй веры. Робячы на сабе знак крыжа, трэба ўсведамляць, што мы выконваем тую ці іншую справу дзеля нашага Бога, у якога верым, якога любім. І яшчэ больш: распачынаючы штосьці ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога мы запрашаем на дапамогу Таго, Хто першы нас палюбіў, Хто здольны даць нам сваю моц. Усведамленне блізкасці Бога, які дзейнічае разам з намі, можа надаць нашым намаганням новы сэнс і дадаць неабходныя сілы ў выкананні нашых абавязкаў.

Касцёл навучае нас, што ў цэнтры духоўнага жыцця хрысціяніна павінна знахо­дзіцца Эўхарыстыя. Менавіта з Эўхарыстыі мы можам чэрпаць сілы для нашых што­дзённых справаў. Менавіта на Эўхарыстыі мы можам сустрэцца непараўнальна блізка з Тым, Хто дае нам жыццё і дзеля Каго мы ў сваю чаргу жывём. Але, на жаль, нават такі цуд Божай любові для многіх можа застацца бясплённым. Чаму?

Можа таму, што мы да канца не разумеем, што адбываецца на алтары?

Можа таму, што недастаткова ўважлівыя падчас святой Імшы?

Можа таму, што наведванне касцёла ў нядзелю стала для нас адною са звычак?

А можа таму, што мы не бачым сэнсу зноў і зноў прыкладаць намаганні, каб быць лепшымі?

Бог бачыць нашыя сэрцы, якія церпяць ад недахопу сілаў, мудрасці, а часам і матывацыі. І Ён ведае, што самім нам надзвычай цяжка перамагаць гэты нядуг. Таму Ён запрашае нас вярнуцца да пачатку, каб распачаць нанова з Ім і ў Яго Імя.

А на пачатку Эўхарыстыі мы робім на сабе знак крыжа, вымаўляючы словы: «У Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн». Свядома і старанна.


Ксёндз Уладзімір Русак 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла