Марыя ідзе перад з намі ў пілігрымцы веры

Кожнае слова скіраванага да Марыі прывітання св. Альжбеты мае вельмі глыбокі сэнс, «аднак, [яго] ключавое значэнне ў тым, што яна гаворыць пад канец: „І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам“ (гл. Лк 1, 45). Гэтыя словы можна паставіць побач з выразам „поўная ласкі“ ў прывітанні Анёла. У іх раскрываецца асноўны змест марыялогіі, асноўная праўда пра Марыю, якая стала сапраўды прысутнаю ў таямніцы Хрыста менавіта таму, што „паверыла“»1. «Марыя на працягу ўсяго шляху свайго пакорлівага мацярынскага „fiat“ будзе пацвярджаць, што „насуперак надзеі Яна паверыла надзеі“»2.

Выпрабаванні веры

Шлях да святасці вядзе праз выпрабаванні веры. Гэтыя выпрабаванні, якім мы падвяргаемся, могуць быць вельмі цяжкімі, бо пакуль яны трываюць, мы не ў стане зразумець сэн­су таго, што адбываецца. Ласку разумення некаторых выпрабаванняў мы атрымліваем звычайна толькі пасля таго, як яны мінаюць. Да гэтага нам можа здавацца, што мы трапілі ў сітуацыю без выйсця.

Так перажывалі свае выпрабаванні веры ізраільцяне на шляху да Зямлі Абяцанай. Бог здзяйсняў цуды, аднак не вырашаў да канца ўсіх праблемаў народа, які Ён выводзіў з егіпецкай няволі.

Падобнае адбываецца і ў тваім жыцці.
Хоць Бог пастаянна прымае ў ім удзел,
аднак не вырашае да канца
ўсе твае цяжкасці.
Ён не вызваляе цябе ад закліку
прымаць усе выпрабаванні
паводле веры —
па прыкладзе Той, якая ідзе перад намі
«ў пілігрымцы веры»3.

Выпрабаванні веры ў жыцці Марыі

Марыя праходзіла праз асабліва цяжкія выпрабаванні даверу да Бога. Яе «пілігры­маванне ў веры» было бесперапынным перажываннем усё новых сітуацый, якія пера­ўзыходзілі магчымасці чалавечага разумення. І тады Яна праяўляла «поўную паслухмя­насць розуму і волі Богу»4.

Жыццё Марыі —
гэта няспыннае даручэнне сябе Богу.
Паміж Марыяй і Богам
пастаянна ажыццяўлялася
дзівосная лучнасць асобаў,
пабудаваная на глыбокай веры,
на цалкавітым і пастаянна ўзнаўляемым
даручэнні сябе Богу,
на ўсё большай супольнасці жыцця.
Тая, якая даверылася Богу,
для якой воля Бога —
таксама і тады, калі яна незразумелая, —
з’яўляецца найвышэйшаю каштоўнасцю,
жывучы воляю Бога,
жыве Яго жыццём.

Паверыць у «немагчымае»

Гэтая асаблівая сувязь паміж Богам і Марыяй вельмі яскрава выяўляецца пры Звеставанні, калі Бог уводзіць Яе ў незвычайную блізкасць з Ім.

Бог з бязмежнаю любоўю абвяшчае Ёй сваю волю, а Марыя адказвае на гэта цалкавітаю адданасцю, хоць Яна і стаіць перад абліччам нечага такога, што цалкам пера­ўзыходзіць магчымасці чалавечага розуму. Пазней увесь час Марыя будзе жыць сказаным пры Звеставанні «fiat», і тым самым Яна як бы няспынна будзе ўзнаўляць свой акт даручэння сябе Богу.

Ян Павел ІІ кажа, што Марыя вучыць нас пакорна прымаць «неспасцігальныя прысуды» і «нязведаныя шляхі» Бога. Тая, «якая з адвечнай волі Найвышэйшага апынулася, можна сказаць, у самым цэнтры гэтых „неспасцігальных прысудаў“ і „нязведаных шляхоў“ Божых, падпарадкоўваецца ў цем­ры веры, прымаючы цалкам і з адкрытым сэрцам усё тое, што прадвызначана Божым планам»5.

Прамаўляючы сваё «fiat»,
Марыя паверыла ў штосьці немагчымае,
а пазней з непахіснаю вераю
чакала здзяйснення гэтага.
Насуперак усялякім рацыянальным
высновам,
Яна паверыла Богу,
і калі апыналася
перад абліччам новых выпрабаванняў,
нязменна
прымала іх, выказваючы
свой поўны давер да Бога.


Cлавамір Беля.
Паводле кнігі «На руках у Марыі»
(выд. «Про Хрысто», 2006 год).

1. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Redemptoris Mater, 12.
2. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Redemptoris Mater, 14.
3. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium, 58.
4. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя Dei Verbum, 5.
5. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Redemptoris Mater, 14.

 

Цэтлікі: Маці Божая

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней