«Laudato si’» («Будзь праслаўлёны»)

З’явілася новая энцыкліка папы Францішка пра клопат аб супольным доме — нашай Зямлі

«Які свет мы хочам перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія цяпер падрастаюць?» (160). Гэтае пытанне знаходзіцца ў цэнтры «Laudato si’» — доўгачаканай энцыклікі папы Францішка аб клопаце пра супольны дом чалавецтва. Пантыфік працягвае: «Гэтае пытанне тычыцца асяроддзя не толькі ў вузкім сэнсе, бо немагчыма разглядаць яго ізалявана», а вядзе да разважання пра сэнс жыцця і каштоўнасці, якія закладзены ў фундамент сацыяльнага існавання: «Дзеля якой мэты мы прыйшлі ў гэты свет? Дзеля чаго працуем і за што змагаемся? Чаму гэтая зямля мае патрэбу ў нас?». «Калі мы не паставім перад сабой гэтыя глыбокія пытанні, — піша Пантыфік, — не думаю, што наш клопат пра экалогію зможа прынесці значныя вынікі».

Энцыкліка названа паводле воклічу св. Францішка «Laudato si’, mi’ Signore» («Будзь праслаўлёны, мой Пане!»), які ў «Гімне стварэнню» нагадвае, што зямля, наш супольны дом, — гэта «і сястра, з якой мы раздзяляем існаванне, і цудоўная маці, якая прымае нас у абдымкі» (1). Мы самі «з’яўляемся зямлёй (пар. Быц 2, 7). Само наша цела складаецца з элементаў планеты, яе паветра дае нам дыханне, яе вада ажыўляе нас і абнаўляе» (2).

Сёння гэта зямля, зняважаная і разрабаваная, плача, а яе стогн злучаецца з енкам усіх пакінутых у свеце. Папа Францішак заахвочвае прыслухацца да іх і заклікае ўсіх — кожнага асобнага чалавека, сем’і, мясцовыя супольнасці, народы і міжнародную супольнасць — да «экалагічнага навяртання», як казаў св. Ян Павел ІІ, да «змены маршруту», прымаючы на сябе прыгожы і адказны «клопат пра супольны дом». У той жа час папа Францішак прызнае, што ў адносінах да навакольнага асяроддзя і клопату аб прыродзе «назіраецца ўзрастанне адказнасці, сталее шчырая і балючая заклапочанасць тым, што адбываецца з нашай планетай» (19). Пантыфік дзеліцца сваімі спадзяваннямі, якімі прасякнутая ўся энцыкліка, і дасылае ўсім яснае і поўнае надзеі пасланне: «Чалавецтва яшчэ мае здольнасць супрацоўнічаць у будаванні нашага супольнага дома» (13); «чалавек яшчэ здольны на станоўчае ўмяшанне» (58); «не ўсё страчана, таму што людзі, схільныя да крайняй дэградацыі, таксама могуць пераўзысці сябе, нанова рабіць выбар на карысць дабра і адраджацца» (205). 

<…>

Структура энцыклікі апісана ў пятнаццатым раздзеле; яна складаецца з шасці раз­дзелаў. Пачынаецца з аналізу сітуацыі на аснове найлепшых навуковых дадзеных, даступных сёння (раздзел 1), затым звяртаецца да Бібліі і юдэйска-хрысціянскай традыцыі (раздзел 2), вылучае карані праблемы (раздзел 3), якія бачыць у тэхнакратыі і празмернай самаўпэўненасці чалавека. Прапанова энцыклікі (раздзел 4) заключаецца ў «інтэгральнай экалогіі, якая ясна аб’ядноўвае чалавечае і сацыяльнае вымярэнні» (137), непарыўна звязаныя з пытаннем навакольнага асяроддзя. У гэтай перспектыве папа Францішак прапануе (раздзел 5) на кожным узроўні сацыяльнага, эканамічнага, палітычнага жыцця пачаць шчыры дыялог, які дазволіць зрабіць працэс прыняцця рашэнняў у гэтай сферы празрыстым. Ён нагадвае (раздзел 6), што ніводзін праект не можа быць эфектыўным, калі не натхняецца выхаваным і адказным сумленнем. Папа ўказвае на адпраўныя пункты для фармацыі ў гэтым напрамку на адукацыйным, духоўным, касцёльным, палітычным і тэалагічным узроўнях. Тэкст заканчваецца дзвюма малітвамі: для ўсіх, хто верыць у Бога, Стварыцеля і Айца, і для тых, хто верыць у Езуса Хрыста, вытрыманых у рытме «Гімна стварэнню», якім энцыкліка пачынаецца і заканчваецца.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла