Камунікат Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь

Салезіянін Аляксандр Яшэўскі прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Яго Святасць папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Мін­ска-Магілёўскай архідыя­цэзіі шаноўнага прэзбітэра Аляксандра Яшэўскага, члена Салезіянскай Кангрэгацыі (Таварыства св. Францішка Сальскага), які ў дадзены момант выконвае абавязкі дырэктара салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарыя парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, даючы яму тытулярную біскупскую катэдру Фурнос майор (Furnоs maior) і скіроўваючы на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі. 

Паведамленне аб новым прызначэнні зроблена прэс-службай Святога Пасаду 9 чэрвеня 2015 г. у 12.00 паводле рымскага часу (13.00 паводле мінскага часу) і адначасова абвешчана Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Пасвячэнне новапрызначанага біскупа адбудзецца 27 чэрвеня 2015 г. у 10.00 у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Апостальская нунцыятура, дзякуючы Богу і Святому Айцу за гэты жэст асаблівай увагі да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, выказвае найлепшыя пажаданні і сардэчныя віншаванні новапрызначанаму біскупу, скіроўваючы іх таксама да ўсіх біскупаў краіны, усіх вернікаў і ўсяго беларускага народа і просячы маліцца за новапрызначанага біскупа і зычліва супрацоўнічаць з ім у справе будавання Хрыстовага Касцёла ў еднасці з іншымі хрысціянамі і ўсімі людзьмі добрай волі — сынамі і дочкамі дарагой беларускай зямлі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла