Маё сэрца перапаўняе ўдзячнасць

Калі гэты нумар рыхтаваўся да друку, нашу рэдакцыю наведаў біскуп-намінант Аляксандр Яшэўскі SDB. У адказ на словы віншаванняў ён сказаў:

— У першую чаргу маё сэрца перапаўняе сапраўды вялікая ўдзячнасць, таму што гэта вельмі вялікі дар, якім Бог адорвае чалавека — святара, законніка. Гэта дар удзячнасці, што менавіта ў гэтым годзе, 200-годдзя юбілею ксяндза Боска і Годзе кансэкраванага жыцця, у маім жыцці здарылася такая падзея. Гэта па-першае. Па-другое, наш Касцёл яшчэ малады, ён расце. Бачна, што ён сапраўды дынамічны, мы маем моцны фундамент, які заклаў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк як першы арцыбіскуп і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Цяпер яго справу працягвае мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. <…> Вядома, у сучасным свеце — крызіс, у тым ліку крызіс з пакліканнямі да святарскага і законнага жыцця. Ведаем, што Магілёўшчына таксама не мае шмат святароў і шмат святыняў. Але ў маёй памяці засталіся словы, якія казаў адзін з выкладчыкаў у Рыме падчас курсу для фарматараў. Ён памятаў Другі Ватыканскі Сабор. Яшчэ як малады клерык памятаў вялікую працэсію біскупаў, якія ўрачыста ўваходзілі ў базыліку святога Пятра на адкрыццё Сабору. Тады ў многіх было пытанне: «Што ж будзе? Што ж будзе? У Касцёле такая вялікая рэвалюцыя…» І вось цяпер, калі ўсе скардзяцца, што няма пакліканняў, што так цяжка ў Касцёле, што здараецца столькі скандалаў, якія прыпісваюцца Касцёлу, гэты выкладчык, маючы ўжо сталы ўзрост, паўтараў нам: «Няважна, колькі нас бу­дзе. Важна, што мы ведаем, якімі мы павінны быць». Мне здаецца, што ў сучаснасці менавіта гэтыя словы павінны натхняць, даваць вялікую надзею і выклікаць давер да Пана Бога. Хрыстус меў толькі дванаццаць Апосталаў, і бачыце, колькі ўдалося зрабіць!.. Таксама і ў нашай рэчаіснасці. Тое, што Бог захоча, як захоча і з кім захоча, тое і будзе зроблена. 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла