Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі

О Найсвяцейшая Тройца — Бог Айцец, які выбраў Марыю быць самаю годнаю сярод сваіх дачок; Бог Сын, які даў Ёй ласку быць Тваёю Маці; Бог Дух Святы, які ўчыніў Яе сваёю Абранніцай! Bерым Табе, ушаноўваем Цябе, спадзяемся на Цябе і любім Цябе. Сёння аддаём сябе мацярынскай любові Беззаганнага Сэрца Божай Маці, якая па Тваёй волі ў Фаціме прадказала наша навяртанне.

Марыя, мы прысвячаем і даручаем сябе, нашыя сем’і i Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Будзь для нас Маці, Апякункаю і прыкладам жыцця. Дапамажы нам верна служыць Табе, Твайму Сыну і Яго Касцёлу ў гэты гістарычны і лёсавызначальны час, поўны многіх небяспечных выклікаў. Ты разумееш цяжкасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом. Пачуй нашу просьбу аб дапамозе і ў абдымках сваёй мацярынскай любові ўкрый нас, занепакоеных сваім зямным і вечным лёсам.

Маці Божая, узнясі да трону міласцівага і ўсемагутнага Бога нашу падзяку за шчодрыя ласкі, якімі Ён нас адорвае. Прадстаў наша пакаянне за грахі народа, ахвяру і цярпенні. Выпрасі благаслаўленне на далейшае жыццё, на дасягненне міру, згоды і ўзаемаразумення.

Беззаганнаe Сэрцa Марыі! Няхай праз Тваё заступніцтва Бог літасціва гляне на свой Касцёл, дорачы яму поўную свабоду і ласку шматлікіх і святых пакліканняў да святарства і манаства; няхай успамагае намаганні ў справе еднасці хрысціянаў у імя наказу Хрыста: «Каб усе былі адно»; няхай адорыць мудрасцю дзяржаўную ўладу ў яе клопатах пра дабрабыт народа, яго духоўнае развіццё і захаванне справядлівасці; няхай апякуецца нашымі сем’ямі, каб яны былі моцныя Богам і неразрыўныя; няхай адорыць дзяцей і моладзь духоўным, інтэлектуальным і фізічным развіццём і ахоўвае іх ад грахоўнай спакусы; няхай заблукалым пакажа шлях навяртання, няверуючых прывядзе да пазнання праўды, грэшнікаў — да пакаяння; няхай змілуецца над хворымі і беднымі, над тымі, хто пакутуе і прыгнечаны цяжарам, — над усімі, хто знаходзіцца ў патрэбе. 

О Найсвяцейшая Багародзіца, Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаёмся. Прымі нашае прысвячэнне Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Няхай праз Тваё заступніцтва адбудзецца навяртанне сэрцаў і  пераможа дабро. Маліся за нас, каб мы, выконваючы волю Усемагутнага, заўсёды бралі прыклад з Твайго служэння Яму і бліжняму. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла