Ці ўмеем мы прабачаць?

У Евангеллі паводле Лукі ў 17-­м раздзеле пад загалоўкам «Братэрскі напамін» сказана: «Калі ж твой брат зграшыць, дакары яго, а калі пакаецца, прабач яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: „Каюся“, — прабач яму».

Пагадзіцеся, што большасць з нас, нават сказаўшы словы прабачэння, памятаюць пра свае крыўды, расказваюць пра іх, жывуць з імі доўгія гады, трымаючы дыстанцыю з крыўдзіцелем ці нават назаўсёды выдаляюць яго са свайго жыцця, але пры гэтым упарта паўтараюць, што ўсё прабачылі.

А ці так гэта? Ці не ёсць нават бясконцыя аповеды пра нанесеную крыўду маленькаю помстаю — маўляў, няхай усе ведаюць, які ты кепскі, а я — такая добрая, бо ўсё табе прабачыла. Ці ўмееце вы прабачаць? Ці ёсць людзі, якім вы нешта не прабачылі? Ці ёсць штосьці, чаго вы не прабачылі самім сабе? З такімі пытаннямі я звярнулася да людзей рознага ўзросту і заняткаў — праваслаўных і католікаў.

Камінскі Аляксандр, хатні майстар, Наваполацк.

— Я прабачаю даволі лёгка, і не толькі таму, што і сам магу бяздумна некага пакрыўдзіць. Проста гэта ўзаемны працэс, без якога жыццё і чалавечыя адносіны амаль немагчымыя, але не вельмі разумею гэтую ўмову з Евангелля ад Лукі: «... калі пакаецца, прабач яму». А калі чалавек не пакаецца? Не прабачаць? Па­мойму, прабачэнне трымаецца на разуменні і шкадаванні. Мне лягчэй прабачаць, калі я разумею, чаму чалавек так зрабіў. І яшчэ лягчэй, калі я магу сапраўды пашкадаваць яго, таму што свядома нанесеная крыўда ідзе ад уласных праблемаў — ад недахопу ўвагі, любові, ад нерэалізаванасці. Шчаслівыя людзі, як правіла, нікога не крыўдзяць. Калі мы закаханыя — мы любім увесь свет і ніякіх крыўдаў не заўважаем. Зрэшты, недараваныя крыўды найперш шкодзяць нам самім — нашаму штодзённаму настрою, а ў выніку — здароўю. Ці ёсць нешта, чаго я не прабачыў самому сабе? Вядома, ёсць, але я пра гэта гаварыць не буду. Зрэшты, гэта нават не непрабачэнне, а шкадаванне...


Святлана Кузьміч, лабарантка кафедры псіхалогіі і педагогікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінск.

— Я не практыкуючая верніца, але стараюся кіравацца ў жыцці мудрымі словамі галоўнай хрысціянскай малітвы: «І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Я прабачыла нават тым людзям, учынкі якіх засталіся для мяне незразумелымі — значыць так трэба. Сабе не магу прабачыць, дакладней, шкадую, што часам неразумна сябе паводзіла, а яшчэ шкадую, што мала размаўляла са сваімі бацькамі і бабуляю. Мы абмяжоўваемся ў стасунках з роднымі людзьмі пераважна побытавым клопатам, а на душэўныя размовы ў нас не хапае ні сіл, ні часу. Калі родныя адыходзяць у іншы свет, мы шкадуем пра гэта, але чамусьці такая гісторыя паўтараецца ў адносінах з нашымі дзецьмі і ўнукамі. Карыстаючыся нагодаю — ва ўсіх прашу прабачэння.

Данута Бічэль, паэтка, Гродна.

— Так, у маім жыцці ёсць людзі, якім я нечага не прабачыла. І такіх людзей нямала. Праблема ў тым, што я нават сказала некаторым з іх пра сваё прабачэнне, але ўнутры, у маёй душы, у сэрцы, у розуме гэтага не адбылося. Ці ёсць нешта, чаго я не прабачыла самой сабе? Вядома ж, ёсць — і таксама нямала, я грэшная. Зрэшты, выпадковым людзям, якія нічога для мяне не значаць, але якім, напрыклад, не падабаецца, што я кожны дзень кармлю коцікаў каля свайго вакна, я прамаўляю сваё прабачэнне нават уголас. Ці ж нейкі злосны мужчына так ужо вінаваты ў тым, што яму не дадзена любіць гэтых пушыстых чатырохлапых стварэнняў? Ён жа абдзелены ў любові! Я малюся за такіх людзей — разважаю, думаю пра іх абдзеленасць, пра іх магчымыя няшчасці. Часам я прашу прабачэння ў самой сябе, дакладней, у свайго цела — у сваіх рук, якія рабілі нешта не тое, у сваіх ног, якія празмерна натаміліся, у сваіх вачэй і сэрца. На ўсё ёсць адмысловыя малітвы і ўласны роздум — медытацыя, каб скідаць з сябе недараванне, гарманізаваць сябе, бо інакш жыць цяжка. Усё, што мне цяжка прабачыць людзям і самой сабе, я аддаю на суд Пану Богу — толькі Ён можа ўсё разважыць, усё прабачыць.

Ірына Бурак, супрацоўніца выдавецтва «Pro Christo», Мінск.

— Для мяне гэта вельмі складаныя пытанні, таму што яны звязаныя з асабістымі адносінамі, і па гэтай прычыне я не змагу гаварыць пра канкрэтныя прыклады. Часам думаеш, што сапраўды прабачыла, і раптам ра­зумееш — па сваіх адносінах, па сваіх адчуваннях, — што нешта цяжкае, прыкрае ў душы яшчэ засталося. І тады я разумею, што большая праблема ўва мне самой, у маім непрабачэнні самой сабе, бо гэта ж мае адчуванні, мой цяжар, маё неканчатковае прабачэнне сабе за тое, што адносіны склаліся менавіта так, і што, нібыта прабачыўшы, я не адчуваю палёгкі. Часам я думаю пра тое, што некалі ж давядзецца глядзець адзін аднаму ў вочы на тым свеце, а як глядзець, калі няма поўнага прабачэння? Тады я прашу дапамогі ў Езуса. Напэўна, прабачэнне (сапраўднае!) адбываецца не ў адзін момант, а з цягам часу — у кожнага па­свойму, можа, нават гадамі.

Лідзія Шагойка, супрацоўніца Літаратурнага музея, Мінск.

— Экзюперы пісаў, што «жыць — гэта паступова нараджацца». Прабачэнне — гэта таксама паступовы працэс, і праз яго таксама нараджаецца, ачышчаецца душа, таму прабачэнне неабходнае найперш нам самім. Вядома, гаворка ідзе не пра штодзённыя дробязныя крыўды, пасля якіх можна сказаць аўтаматычнае «прабач, калі ласка», а пра сапраўдныя раны, скалечаны лёс, адабранае жыццё. Каму і як прабачаць тым, у каго былі рэпрэсаваныя, расстраляныя дзяды?

Я працую ў музеі і міжволі думаю пра жахлівыя лёсы цэлага пакалення беларусаў, пра тое, наколькі больш магутнаю, моцнаю, прыгожаю была б наша беларуская літаратура, культура, калі б не было столькі ахвяраў. Таму нашы што­дзённыя рэфлексіі на маленькія прыкрасці — нішто ў параўнанні з драмамі, перад якімі праблема прабачэння сапраўды праблема. Уявіце, што побач з вамі жыве сусед, па даносе якога расстралялі ці выслалі ў лагер вашу сям’ю... Мы часта выдумляем сабе праблемы, якіх насамрэч няма, не павінна быць, проста трэ­ба часцей утаймоў­ваць сваё ўласнае «эго» і ўсё прабачаць і людзям, і сабе, а галоўнае: вучыцца нейтралізоўваць сітуацыі, пасля якіх можа вырасці праблема прабачэння. Бог, відаць, усміхаецца, гледзячы на нас сённяшніх — без вайны і без калектывізацыі. Усміхнемся ж і мы і прабачым адзін аднаму ўсе нашы крыўды, бо, як пісаў Максім Багдановіч, «усе мы разам ляцім да зор»…


Падрыхтавала Зося Бараноўская.

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла