Фацімскія аб'яўленні заклікаюць да малітвы і навяртання

13 мая ў Фаціме пачнецца святкаванне 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай. У сувязі з гэтым публікуем урывак з інтэрв'ю з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, надрукаванага ў нашым часопісе з нагоды распачацця перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай.


— Ваша Эксцэленцыя, Вам пашчасціла сустракацца з сястрою Люцыяй. Распавядзіце, калі ласка, пра тую сустрэчу.

— Такіх сустрэчаў на самай справе было тры. Першы раз у кастрычніку 1991 года. Тады з Масквы ў Фаціму накіравалася невялічкая група расійскіх католікаў — 12 пілігрымаў. Нас прымалі з захапленнем! Падчас набажэнстваў і ў сродках масавай інфармацыі падкрэслівалі, што ўпершыню расійская пілігрымка прыбыла ў Фаціму. Памятаю, тады адбыўся арганізаваны каталіцкай тэлестанцыяй EWТN (тэлеканал Маці Анджэлікі) тэлемост Фаціма — Масква (Чырвоная плошча), і мы былі яго ўдзельнікамі. Тады я спаткаў адну вельмі пажылую жанчыну партугалку, якая два разы ў год — 13 мая і 13 кастрычніка — хадзіла пяшком у Фаціму 70 кіламетраў у інтэнцыі навяртання Расіі (зразумела, што пад словам «Расія» тады разумеўся ўвесь Савецкі Саюз). Я спаткаў шмат лю­дзей з розных краінаў свету, якія гаварылі пра тое, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў маліліся аб навяртанні Расіі. Падчас побыту ў Фаціме я ўпершыню ўбачыў копію іконы Божай Маці Казанскай, якую ў 2004 годзе св. Ян Павел II праз кардынала Вальтэра Каспера, Старшыню Папскай Рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, перадаў Патрыярху Алек­сію II. Тады і нарадзілася думка наведаць сястру Люцыю, якая знаходзілася ў жаночым кармэліцкім кляштары ў горадзе Каімбра. Для гэтага трэба было атрымаць дазвол ад прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння кардынала Ёзафа Ратцынгера, пазней папы Бэнэдыкта XVI. Дазвол быў перасланы праз Апостальскую Нунцыятуру ў Партугаліі. У ім было сказана, што нельга пытаць сястру Люцыю пра трэцюю фацімскую таямніцу. Я паехаў у Каімбру і з хваляваннем накіраваўся ў кляштар сясцёр кармэлітак. Ато ж — я, просты чалавек з маленькага Адэльска, якога лёс занёс у Маскву, павінен быў сустрэцца з чалавекам, які размаўляў з Божай Маці! 

Сустрэча з сястрой Люцыяй. 1991 г.

Размова праз краты прахо­дзіла ў кляштарнай размоўніцы і вялася на ангельскай мове праз перакладчыка. Калі я прадставіўся біскупам з Масквы, сястра Люцыя аж два разы спыталася, ці на самай справе я прыехаў з Масквы. І пасля майго пацвярджэння, што сапраўды гэта так, што ў Маскве ёсць каталіцкі біскуп, яна з радасцю ўсклікнула: «Гэта азначае, што фацімскія абяцанні ажыццяўляюцца!». Падчас размовы сястра Люцыя сказала, што Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў з’яўляецца інструментам у руках Божага Провіду. Яна зазначыла, што фацімскія аб’яўленні датычаць не толькі Каталіцкага Касцёла, але і Праваслаўнай Царквы, і абедзве канфесіі пасля доўгага перыяду атэізацыі павінны супрацоўнічаць. Яна папрасіла перадаць Патрыярху фігурку Божай Маці Фацімскай, што я зрабіў, і потым неаднойчы бачыў яе на яго стале. Мне яна перадала зроблены ёю ружанец.

Сустрэча з сястрой Люцыяй. 1991 г.

Другая сустрэча адбылася ў кастрычніку 1996 года, калі дэлегацыі католікаў з Расіі і Сярэдняй Азіі прынялі пілігрымуючую фігуру Божай Маці Фацімскай. Яна праходзіла ў асобнай зале, але ў прысутнасці настаяцельніцы кляштара. На гэтай сустрэчы былі кардынал Ёзаф Ратцынгер, я і біскупы Юзаф Верт з Новасібірска і Ян Павел Ленга з Караганды. Прысутнічаў таксама Вармінскі арцыбіскуп з Ольштына Эдмунд Пішч, які распавёў пра завяршэнне перэгрынацыі фацімскай фігуркі па Польшчы. Я расказаў ім пра нашыя чаканні ад перэгрынацыі фігуркі па Расіі і Сярэдняй Азіі. Менавіта тады сястра Люцыя сказала, што слова «Расія» з фацімскага паслання азначае ўвесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці. 

Потым адбылося асабістае спатканне кардынала Ёзафа Ратцынгера з сястрою Люцыяй. Ватыканскага іерарха каля кляштара чакала шмат журналістаў, якіх цікавіла трэцяя фацімская таямніца. Кардынал адказаў, што ведае яе, але не можа адкрыць, і дадаў, што ў ёй не гаворыцца пра якісьці катаклізм.

Трэцяе спатканне адбылося ў ліпені 1997 года, калі дэлегацыі католікаў з Расіі і Сярэдняй Азіі прывезлі фацімскую фігурку, якая прайшла шлях у 60 тысяч кіламетраў, у Фаціму. Тады на месцы аб’яўленняў была асвячаная першая напісаная ў Маскве ікона Божай Маці Фацімскай. З ёю мы накіраваліся ў Каімбру і пасля святой Імшы ў капліцы кляштара распавялі сястры Люцыі і іншым сёстрам пра завершаную перэгрынацыю і напісаную ў памяць пра гэтую гістарычную падзею ікону. Тады асабістай размовы не было, бо сястра Люцыя разам з іншымі сёстрамі знаходзілася за традыцыйнымі для сясцёр кармэлітак кратамі.

Усе гэтыя спатканні глыбока запалі мне ў душу: я бачыў і размаўляў са сведкаю фацімскіх аб’яўленняў, з манахіняй, якой сама Марыя даверыла таямніцы гісторыі трагічнага ХХ стагоддзя. Асабіста для сябе я лічу гэта вялікай Божай ласкай і ўдзячны Божаму Провіду за дадзеную мне такую ўнікальную магчымасць. 

Па просьбе Сусветнай апостальскай фацімскай місіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч каранаваў фігуру Маці Божай Фацімскай, якая ў 1950-я гады «наведала» Маскву. Фаціма (Партугалія), 14 кастрычніка 2007 г.

— Сто гадоў — гэта вельмі вялікі адрэзак часу. Наколькі актуальныя, на Вашу думку, фацімскія аб’яўленні сёння?

— Фацімскія аб’яўленні заклікаюць да малітвы і навяртання. Марыя сказала: калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра, калі ж не, то вас чакаюць вялікія беды. Народ не паслухаў Марыі, і прыйшла бяда, наступствы якой мы адчуваем дасюль і яшчэ доўга будзем адчуваць.

Фацімскае пасланне — гэта актуалізацыя закліку Езуса: навяртайцеся і верце ў Евангелле, няспынна маліцеся! Таму яно было актуальным 100 гадоў назад, такім з’яўляецца сёння і такім застанецца назаўсёды. Нельга шукаць вінаватага ў нашых праблемах — неабходна звярнуць увагу на сябе, найперш на заклік Марыі: маліцца і навяртацца, тады ўсё будзе добра. Не трэба наракаць на тое, што Бог нас карае. Не Бог карае, але мы самі наклікаем на сябе пакаранне. Бог шануе свабоду чалавека і цярпліва папярэджвае, як прадухіліць пагрозу.

Святы Ян Павел II падкрэслівае, што фацімскае пасланне прасякнутае любоўю Марыі да чалавека, скіраванае да зраненых цярпеннямі людзей нашага часу, калі зневажаюцца правы чалавека і вядзецца барацьба з Богам, і таму яно актуальнае.

Вернікі маскоўскай катэдры сустракаюць фігуру Маці Божай Фацімскай падчас яе перэгрынацыі па тэрыторыі Расіі і Казахстана (шлях перэгрынацыі склаў 65 тыс. км) у 1996-1997 гг.

— Ваша служэнне ў Расіі — гэта, у пэўнай ступені, таксама спаўненне фацімскага прароцтва. Што самае важнае для Вас было ў гэтым спаўненні?

— Выдзелю тры падзеі. Вяртанне і кансэкрацыю маскоўскай катэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1999 годзе, напярэдадні Вялікага Юбілею 2000-годдзя хрысціянства, як знак таго, што ў сталіцы дзяржавы, якая тры пакаленні прапагандавала ваяўнічы атэізм, Бог жыве і Каталіцкі Касцёл, які ў Расіі мае багатую гісторыю, адраджаецца. Важным было адкрыццё вышэйшай Духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева апосталаў» у 1993 годзе, якое дало магчы­масць распачаць падрыхтоўку сваіх святароў, каб праз іх служэнне Божая ласка замяняла духоўную пустыню аазісам духоўнага жыцця. Значным было і адкрыццё Каледжа каталіцкай тэалогіі, філасофіі і гісторыя імя святога Тамаша Аквінскага ў 1991 годзе. Менавіта каледж, які стаў першай каталіцкай духоўнай школай у Расіі пасля падзення атэістычнага рэжыму, даў моцны штуршок для развіцця навуковай каталіцкай думкі і яе здзяйснення ў штодзённым жыцці. Ён дапамог расійскай інтэлігенцыі фармаваць сябе паводле прынцыпаў каталіцкага вучэння. Нездарма Расія стала першаю краінаю былога СССР, дзе была падрыхтавана і выдадзена Каталіцкая Энцыклапедыя. 

Працэсія падчас урачыстасці 80-годдзя фацімскіх аб'яўленняў. Фаціма (Партугалія), 13 кастрычніка 1997 г.

— Якія надзеі для Касцёла Вы звязваеце з перэгрынацыяй фігуры Маці Божай Фацімскай?

— Я ўскладаю вялікую надзею на перэгрынацыю фігуры Божай Маці Фацімскай. Найперш, так мы павінны падзякаваць Марыі за Яе клопат пра нашу Баць­каўшчыну, за дадзеную ў суровыя гады ганенняў надзею і яе ажыццяўленне. Мы павінны перапрасіць Яе за не да канца выкарыстаныя магчымасці навяртання. Мы таксама будзем прасіць Яе благаслаўлення на будучыню, якая, як бачна сёння, можа быць не бясхмарнаю.

Спадзяюся, што пілігрымка будзе спрыяць сапраўднаму навяртанню, а значыць перамене жыцця і далейшаму адраджэнню веры, надзеі і любові ў нашым народзе. 

Заклікаю вернікаў браць актыўны ўдзел у перэгрынацыі, якая з’яўляецца новым дарам Міласэрнага Бога для нас і нашай Бацькаўшчыны.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла