Сакрэт эфектыўнасці малітвы на ружанцы

Молячыся Ружанец, я нярэдка лаўлю сябе на тым, што не магу доўга засяроджваць свае думкі на манатоннай малітве і паўтараю яе словы амаль механічна… Ці мае сэнс такая малітва? Як з гэтым змагацца? Ці не будзе занядбаннем, калі я малюся Ружанец у дарозе, у думках, а не на каленях перад абразом?


Малітва з’яўляецца неад’емнаю часткаю жыцця кожнага хрысціяніна. Гэта асноўны і найважнейшы спосаб камунікацыі з Богам, які дае магчымасць і пагаварыць, і паслухаць Яго. За тысячагоддзі адносінаў з Панам у розных культурах і традыцыях выпрацаваліся самыя разнастайныя спосабы малення. У католікаў адной з найбольш папулярных і любімых формаў малітвы ужо шматлікія стагоддзі застаецца Ружанец. Многія вернікі лёгка завучваюць знешні парадак чытання малітваў на пацерках, аднак толькі «адгаворванне» пабожных формулаў без асэнсавання іх зместу можа хутка стамляць манатоннасцю і адчуваннем бессэнсоўнасці. Такое скажэнне і ператварэнне Ружанца ў «мантру» можа знеахвоціць і заблакаваць пазнанне яго сапраўднага хрысціянскага прызначэння і глыбіні.

Малітва-разважанне над Божым словам

У ружанцовай малітве знешняя форма павінна дапамагаць верніку сканцэнтравацца на разважанні Евангелля, на што асабліва звяртаў увагу папа Леў XIII (тэме Ружанца ён прысвяціў ажно 16 дакументаў). Увесь Ружанец падзелены на часткі і «таямніцы» для таго, каб даць магчымасць верніку «прайсціся» разам з Марыяй у медытацыйнай малітве праз усю гісторыю Збаўлення, апісаную ў Евангеллі, — ад звеставання да хвалы неба — і ў святле разважаных евангельскіх таямніцаў паглядзець на сваё жыццё. Такая малітва-разважанне над Божым словам дае магчымасць зусім у іншым (евангельскім) ракурсе ўбачыць сваю надзённую сітуацыю, яна дазваляе Богу і Марыі паказваць, а нам — у засяроджанні глядзець і слухаць.

Каб не паддацца спакусе сканцэнтравацца толькі на знешняй форме Ружанца (адгаворванні) і не знеахвоціцца манатоннасцю і складанасцю разважання, неабходна ведаць некаторыя простыя, але важныя духоўныя і псіхафізічныя правілы добрай малітвы.

Месца малітвы

У першую чаргу неабходна дбаць пра знешнюю (фізічную) годнасць і зручнасць месца і часу малітвы. Іншымі словамі, трэба паклапаціцца пра знешні бок малітвы. Калі Ружанец патрабуе атмасферы засяро­джанасці, разважання, кантакту са словам Божым, то ўсё гэта не атрымаецца ў шумным месцы, дзе наша ўвага рассейваецца гукамі, відовішчамі, пахамі.

Псіхафізічны стан

Акрамя знешніх раздражняльнікаў, існуюць яшчэ ўнутраныя. Гэта наш асабісты псіхафізічны стан: напрыклад, пачуццё голаду, санлівасць, выкананне розных абавязкаў, заданняў, прабыванне ў дарозе і да т.п. Калі няма адпаведных знешніх абставінаў і ўнутранага медытацыйнага настрою, то няма і добрага Ружанца. Што ж тады рабіць? Ці рэальна ў нашым мітуслівым свеце, дзе ўсё шуміць, спяшаецца, атакуе нас гукамі, вобразамі, абавязкамі і заданнямі, знайсці месца і час на ціхую і засяроджаную малітву? Рэальна! Але гэта патрабуе нашай асабістай арганізаванасці, бо калі мы можам арганізавацца і выдзеліць спецыяльны час на тое, каб пайсці ў краму, цырульню, пошту, школу, то чаму па тым жа прынцыпе не арганізаваць сабе выхад у касцёл на Ружанец? У святыні мы знойдзем адпаведную псіхафізічную і духоўную атмасферу для гэтай малітвы. Цішыня, рэлігійныя вобразы, Біблія (тэксты для разважання ружанцовых таямніцаў), кленчнік, прабыванне ў прысутнасці Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Калі вернік не мае магчымасці прыйсці ў касцёл на ружанцовую малітву, тады для яе неабходна арганізаваць час і месца, якія дазваляюць мець жыццёвыя ўмовы: прыдарожны крыж або капліца, уласны хатні алтарык, ціхі пакойчык з крыжам і абразом, нейкае месца на ўлонні прыроды. Ад знешніх умоваў і нашых асабістых запатрабаванняў залежыць, наколькі мы зможам заглыбіцца ў разважанне ружанцовых (евангельскіх) таямніцаў.

Супольная малітва

Яшчэ адным спосабам стварэння добрых умоваў для Ружанца з’яўляецца супольная малітва. Нават калі не зусім зручныя знешнія ўмовы, то супольнае маленне ўголас за­звычай мацней ангажуе асобу і спрыяе лепшай канцэнтрацыі на малітве. Увогуле малітва ўголас і чытанне слова Божага лепш канцэнтруе на змесце, чым чытанне і маленне «вачыма» або «ў думках», — нездарма нашыя продкі заўсёды імкнуліся маліцца супольна і ўголас.

Малітоўныя ўстаўкі-заклікі

Яшчэ адзін спосаб вызваліцца ад руціннасці і манатоннасці ў Ружанцы  — гэта малітоўныя ўстаўкі-заклікі ў малітве «Вітай, Марыя...», якія нагадваюць пра разважаную таямніцу. Напрыклад, медытуючы таямніцу Бічавання Хрыста, пасля словаў: «…плод улоння Твайго, Езус», можна дадаць: «які за нас цярпеў бічаванні». Так у кожнай таямніцы будзе свой новы заклік, які дапамагае засяродзіцца на разважанай евангельскай праўдзе.

Тэкст Святога Пісання і малюнкі-вобразы

Вялікія духоўныя настаўнікі вучэння аб ружанцовай малітве, такія як св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор (кніга «Цудоўны сакрэт святога Ружанца»), раяць заўсёды падчас малітвы мець перад вачыма і тэкст Святога Пісання, звязаны з пэўнаю таямніцаю, і малюнак-вобраз, які яе адлюстроўвае. Гэта таксама дапамагае ў канцэнтрацыі падчас разважання Евангелля.

Паставы цела

Калі гаварыць пра найбольш аптымальную паставу цела, варта зазначыць, што яна залежыць ад нашага стану: духоўнага і псіхафізічнага. Найбольш глыбокай і адпаведнай малітоўнай паставай з’яўляецца пазіцыя на каленях — яна сімвалізуе пакорнасць і прыніжэнне перад Богам. Толькі перад Ім чалавек становіцца на калені. Зыходзячы з таго, што пыха — гэта асноўны і найцяжэйшы ў выкараненні з грахоў, пастава прыніжэння перад Богам з’яўляецца добрым лекам. Нездарма злыя духі і богаадступнікі не жадаюць схіліць калена перад Створцам. На гэта звярнуў асаблівую ўвагу папа Бэнэдыкт XVI у кнізе «Дух літургіі». Тут можна ўзгадаць і тэксты Св. Пісання, якія ўхваляюць паставу ўкленчвання перад Богам (Флп 2, 9-10; Рым 14, 11; 2 Цім 2, 18; Гал 1, 7). Пра ўкленчванне прыгожа казаў і св. Ян Павел II: «Чым больш Бог удзяляецца душы, чым больш уліваецца ў яе праз дары Духа Святога, тым больш кідае яе на калені» (казанне на 50-годдзе смерці св. Альберта Хмялёўскага).

Вядома, што калені павінны дапамагаць у малітве, а не перашкаджаць. Таму, калі сапраўды боль або нязруч­насць у каленях перашкаджаюць малітве, неабходна адразу змяніць паставу цела. Тут усё залежыць ад сумлення, асабістай самаацэнкі верніка, ад таго, ці сапраўды ён не жадае стаяць на каленях па фізічных прычынах.

Пастава цела падчас Ружанца павінна дапамагаць у разважанні Евангелля, выказваць нашу пакорнасць і пашану перад Богам. Таму нельга нават думаць, што на малітву можна прылегчы, рассесціся на канапе ці закінуць нагу на нагу. Псіхафізічна і духоўна гэтыя паставы не адпаведныя працэ­су малітвы, асабліва ружанцовай, таму нельга ляжаць у часе малітвы, але (!) можна маліцца падчас ляжання. Нельга працаваць падчас малітвы, але можна маліцца ў часе працы. Усё залежыць ад нашага стану, намеру, абставінаў і акалічнасцяў. Калі на Ружанец мы ідзем у парк, то ідзем, а не кленчым. Калі молімся разам з парафіяй у касцёле, то молімся гэтак, як моліцца ўся супольнасць.

Лепей штосьці, чым нічога

У малітве, як і кожнай добрай справе, варта памятаць пра адно вельмі важнае, практычнае і карыснае правіла: лепей штосьці, чым нічога. Варта памятаць, якой павінна быць добрая малітва, добры Ружанец і правільная пастава цела. Але, калі няма магчымасці або не атрымліваецца добра арганізаваць месца, час для малітвы, адпаведна настроіцца на яе, то варта маліцца так, як умеем і можам у дадзены момант.
Варта ў шчырасці і пакорнасці перад Богам спачатку папра­сіць: «Пане, навучы нас маліцца» (Лк 11,1). І тады тое, што нам было не пад сілу змяніць, пачне змяняцца пад уздзеяннем Божай ласкі, якую мы шчыра, з вераю паклікалі на дапамогу.


Ксёдз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.


 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла