І ўзвысіўся крыж…

 

Страшную гісторыю пра тое, як з лёхаў былога касцёла і кляштара дамініканаў у Валынцах, што на Дрысеншчыне, прадстаўнікі бязбожнай улады ХХ стагоддзя выкінулі парэшткі людзей ды згрузілі іх проста ў канаве, каля тутэйшых могілак, я пачула ў 90-я гады. Распавёў мне яе жыхар Валынцаў — Канстанцін Палынскі. Кім былі тыя людзі, з якімі ўлада так зацята змагалася? І чаму яны, нават мёртвыя, ажно так моцна перашкаджалі гэтай уладзе? За што ім так жорстка помсцілі ваяўнічыя бязбожнікі?


Гэта былі фундатары касцёла і кляштара з роду Забельскіх-Шчытоў, а таксама айцы ды браты дамінікане, якія служылі тут, выкладчыкі слыннай на ўсю ваколіцу Забельскай дамініканскай акадэміі.

Найвыразней пра хараство страчанага ўнікальнага помніка архітэктуры распавядае нам акварэль Напалеона Орды. На ёй — шэдэўр слыннага віленскага дойліда Глаўбіца, таго самага, чыйму таленту наш Полацк абавязаны сучасным выглядам Сафійскага сабора, адлюстраваны ва ўсёй велічы ды красе. Кляштар быў скасаваны, і дзейнасць айцоў дамініканаў забароненая царскай уладай, а будынкі касцёла і кляштара зруйнаваныя ды разбураныя савецкай.

У старажытных мурах кляштара ўлада размясціла школу. Ну і нібыта ж не выпадала, каб у падзямеллі пад школай знаходзіліся нябожчыкі! Дык і выкінулі іх вон — каб не перашкаджалі. Узламалі больш за 200 дамавінаў і парэшткі лю­дзей вывезлі на павозках, запрэжаных коньмі, ды выгрузілі блізу могілак, бульдозерам засунулі яму, зараўнялі. Нібыта нічога й не было...

Але ж няма нічога, як кажуць, таемнага, што б не выявілася, бо сведкі былі. І яны запамяталі, што рабілася на іх вачах. Праўда, тыя, хто чыніў усё гэта, нават і не спрабавалі хаваць сваіх дзеянняў. Можа, нават ганарыліся імі. А вучні, якія вучыліся тады ў Валынецкай школе, ды іх бацькі распавядалі потым, што ў дамавінах былі не шкілеты, а менавіта людскія целы, на якіх захавалася таксама і адзенне…

Разбурэнне апошняга прыстанку чалавека зазвычай называюць не інакш як вандалізмам. Але тады наўрад ці хто асмеліўся б назваць гэта ў Валынцах вандалізмам. Тады гэткі чын называлі змаганнем за светлую будучыню людзей, барацьбой з «опіумам для народа».

Змаганне тое мела свой сумны і, як цяпер падаецца, лагічны працяг. Напрыканцы мінулага стагоддзя ўжо іншае пакаленне вандалаў прыйшло на мясцовыя могілкі ў Валынцах. Гэтыя ўжо дзейнічалі патаемна: уначы яны апаганілі ды разрабавалі некалькі магілаў на мясцовых могілках.

Дарэчы, могілкі ў Валынцах сапраўды ўнікальныя — старасвецкія. На іх знайшлі свой апошні спачын і прадстаўнікі з родаў Забелаў-Шчытоў, Храпавіцкіх, Пацэвічаў і айцы дамінікане. Вандалы разбурылі тады некалькі старажытных крыжоў, помнікаў, знявечылі надмагіллі. Памятаецца, былі тады абураныя водгукі на тыя падзеі ў прэсе. Сяржук Сокалаў-Воюш адгукнуўся на іх песняй-пратэстам. А зусім нядаўна гісторыя паўтарылася зноў…

Што ж ім так перашкаджаюць, тым вандалам, прыгожыя старасвецкія могілкі? Супраць каго альбо супраць чаго яны так зацята ваююць?

Ды ў іх не запытаеш — яны ж прыходзяць на свае чорныя справы пад покрывам начы… Але тое, што з помнікаў па­збіваныя крыжы ды параскіданыя там жа, сведчыць, што сюды з’яўляюцца з ламамі ды рыдлёўкамі зацятыя ворагі Хрыстовага крыжа. Бо як інакш растлумачыць такое?!

Сумная гісторыя. Страшная. Яна расцягнулася на некалькі дзесяцігоддзяў.

Памятаю, неяк аднойчы ў часе пілігрымавання з Полацка ў Росіцу настаўніца Валынецкай школы Наталля Лакотка прапанавала мне паглядзець іх могілкі. Я шмат чула пра іх да таго і з радасцю згадзілася. Мы блукалі разам з ёю па тых могілках, чыталі надмагільныя надпісы, і маё сэрца разрывалася ад усведамлення таго, наколькі бяздумным і жорсткім можа быць чалавек. Спадарыня Наталля прывяла мяне тады на зарослае месца збоч могілак, дзе былі закапаныя парэшткі нябожчыкаў з кляштарнага падзямелля. «Мы з мужам марым пра тое, каб некалі на гэтым месцы ўзняўся крыж», — сказала яна. Для гэтага патрэбныя былі нейкія там дазволы з сур’ёзных кабінетаў, якія, вядома, не заўсёды лёгка атрымаць…

І вось наша чарговая пілігрымка з Полацка ў Росіцу. Як заўсёды, наш шлях пралягае праз Валынцы, дзе клопат аб арганізацыі начлегу і харчавання пілігрымаў бяруць на сябе з года ў год Наталля, яе муж Сяргей ды яшчэ некалькі чалавек. Парафіі ў Валынцах няма, але нас тут заўсёды сустракаюць вельмі сардэчна. На гэты раз нас чакала прыемная неспа­дзяванка — нам прапанавалі прыняць удзел у асвячэнні… крыжа на тым месцы, дзе былі закапаныя людскія парэшткі з кляштара. Наталля з Сяргеем усё ж дабіліся свайго! І гэта, аказваецца, няпраўда, што для таго, каб рабіць добрыя справы, патрэбна шмат людзей ды нейкія асаблівыя сродкі і ўмовы. Добра, што ў Наталлі і Сяргея ўсё ж ёсць аднадумцы і сярод вяскоўцаў, і сярод неабыякавых людзей з Верхнядзвінска.

На жаль, на гэты раз з самой Наталляй мне не давялося сустрэцца — яна падарожнічала дзесьці на байдарках. Але быў Сяргей, ён і завёў нас на тое месца, дзе ўзвышаўся нядаўна ўстаноўлены крыж, а пры ім — невысокі камень з пранікнёным надпісам:

Даруйце злачынцам,
хто прах ваш парушыў.
Зямныя грахі хай узважаць Нябёсы.
Ды як бы людскія ні склаліся лёсы —
не прах уваскрэсне, а нашыя душы.

Аўтар гэтых радкоў — Антон Бубала. Ён разам са сваім сябрам Пятром Квяцінскім ды яшчэ некалькімі аднадумцамі таксама прыехаў з Верхнядзвінска, каб удзельнічаць у асвячэнні крыжа. Кіраўнік нашай пілігрымкі айцец Аляксандр Жарнасек і пробашч парафіі з Верхнядзвінска Аляксандр Грыцкевіч здзейснілі гэты пачэсны чын. Малітва была няспешнай, пранікнёнай, напоўненай такім вялікім сэнсам!.. Стаім яшчэ нейкі час пасля яе на тым месцы ў маўчанні…

Божа! Не дазволь больш гаспадарыць на нашай зямлі бязбожнікам! Зрэшты, кожны мае права на свабоду веравызнання, мае права таксама і не верыць зусім. Ты, Ойча, шануеш нашу свабоду, але ж як магчыма, каб дараваная Табой свабода выкарыстоўвалася на такое?.. Не, такога права ў чалавека проста няма, і гэта незалежна ад таго, да якога веравызнання, канфесіі, партыі ён належыць. Важна, каб ён проста быў чалавекам.

Такая вось гісторыя. Страшная і сумная, бо паказвае, на якія жудасныя рэчы можа быць здольны чалавек, калі ён жыве без Бога. Але адначасна гэтая гісторыя ўсё ж і прыгожая, бо яна паказвае таксама, што кожны чалавек можа годна пражываць сваё жыццё, рабіць годныя справы і ў любых абставінах заставацца верным Хрысту. А яшчэ гэтая гісторыя прыгожая тым, што ў Валынцах з’явіўся гэты крыж — знак памяці па тых, хто даўным-даўно жыў на гэтай зямлі. Яны заслужылі, каб гэты крыж узвышаўся тут і нагадваў жывым: людзі, будзьце людзьмі! Да гэтага вы пакліканыя.


Ірэна Задарожная
Фота Веранікі Скрабатун

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла