Маліцца целам

Насамрэч, заўсёды хачу паўтараць
толькі малую і простую праўду:
як распачаць жыццё, трымаючы за руку Бога.
Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа

(Эдыта Штайн)


Сярод чалавечых фактараў, якія дапамагаюць малітве, важная таксама пастава цела. Аднак цела можа быць стомленым, паддадзеным спакусам, болю і г.д. да такой ступені, што мы часам лічым яго сур’ёзнай перашкодай ва ўсялякага роду духоўнай актыўнасці.

Разам з тым цела таксама можа, павінна і хоча маліцца. Трэба пакончыць з раз­дзяленнем цялеснасць – дух. Мы з’яўляемся ўцелаўлёнай душой і ажыўленым целам: маё сэрца і цела радасна ўсклікаюць да Бога жывога (пар. Пс 85). Трэба прызнаць, што нашае цела добрае, яно з’яўляецца святыняй Духа Святога, і трэба адпаведна рыхтаваць яго да малітвы, каб яно не толькі не было перашкодаю, але сталася адным з элементаў, што дапамагае малітве. Мы можам лягчэй гэтага дасягнуць, калі будзем прытрымлівацца пэўных парадаў.

Малітоўная пастава

Маем на ўвазе толькі паставы цела, расслабенне мышцаў і жэсты. Гэта простыя дзеянні, але, калі выкарыстоўваць іх правільна, то яны прыносяць шмат карысці: канцэнтруюць асобу ў яе сапраўдным цэнтры, перамагаючы рассеянасць; скіроўваюць малітву да прасцейшых і глыбейшых формаў; дапамагаюць суцішыцца.

Мы ведаем, што маліцца — значыць быць перад Богам. Таму ўсё, што аблегчыць нашаму целу магчымасць такога прабывання, аблегчыць таксама і малітву.

Узгадаем наступныя парады:

  • наша пастава павінна спрыяць слуханню, увазе, скіраванню ў нутро, дыялогу, праслаўленню, захапленню і г.д.;
  • сярод мноства правілаў кожны з нас павінен знайсці ўласныя паставы, звязаныя з паасобнымі момантамі;
  • найчасцей практыкаваныя малітоўныя паставы — гэта:
    1) стаянне;
    2) сядзенне (на крэсле, на пятках, абапіраючыся (альбо не) на стульчыку; усходнім спосабам, напр., у позе лотасу;
    3) на каленях;
    4) ляжанне крыжам (ніцма).
    Кожная пастава падкрэсліваецца адпаведнымі жэстамі;
  • пастава цела павінна аблегчыць расслабленне мышцаў і нерваў, спрыяць канцэнтрацыі нашай увагі і думак.

Уявім сабе, што мы сядзім на крэсле:

  • захоўваем прамы вугал паміж ступнямі і бёдрамі ног, паміж нагамі і тулавам;
  • пазваночнік павінен быць прамы, але не напружаны;
  • ніколі не молімся са звешанай альбо адкінутай назад галавою; узнімаем карак, падбародак набліжаем да шыі;
  • плечы, рукі і далоні павінны быць цалкам расслабленымі;
  • вочы злёгку прыплю­шчаныя.

Мы жывём у рытме, які часта выклікае ў нас фізічнае і псіхічнае напружанне, таму трэба старацца рыхтаваць сваё цела да малітвы такім чынам, каб яна была на самай справе сяброўскаю размоваю з Тым, пра каго ведаем, што Ён нас любіць, а мы вучымся любіць нашага Пана і душой, і целам.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла