Пра святую Імшу: важныя дробязі

Ксёндз Уладзімір Русак у сваёй рубрыцы «Пра святую Імшу» тлумачыць нам значэнне розных элементаў літургіі. У гэтым артыкуле святар працягвае расказваць пра прыгатаванне дароў.


Спяшаючыся па дарозе жыцця, карыстаючыся тымі дабротамі, што атрымліваем з рукі Айца Стварыцеля, мы схільныя не звяртаць увагі на дробязі. Яны здаюцца не істотнымі, яны, найчасцей, не ўплываюць на нашыя рашэнні. Яны дробныя і часта проста не вартыя нашай увагі.

Аднак ёсць рэчы, якія, на першы погляд, невялікія, але змяняюць наш падыход да той ці іншай справы. Соль альбо прыправа ў параўнанні са страваю, да якой яны дадаюцца, нязначныя, але без іх страву часам нават немагчыма з’есці, не гаворачы пра адпаведны смак, які робіць страву кулінарным шэдэўрам.

Так і ў літургіі на першы погляд нязначныя рэчы існуюць для таго, каб мы лепш разумелі, што адбываецца на алтары.

Працягваючы разважанне над абрадамі ахвяравання дароў, варта звярнуць яшчэ ўвагу на два моманты. Мы ўжо гаварылі, што на алтар прыносяцца хлеб і віно, якія можна разглядаць як сімвал нашай штодзённасці. Ужо на алтары святар дадае да віна невялікую колькасць вады (гл. Агульныя ўводзіны ў Рымскі Імшал, 142). Са старажытных часоў змешванне віна з вадою ў паўднёвых краінах практыкуецца для лепшага наталення смагі. Але ў літургіі хрысціянаў гэты абрад набыў новы сэнс і азначае злучэнне прыроды (натуры) Божай з прыродай (натурай) чалавечай у Хрысце. Менавіта дзякуючы гэтай лучнасці Божага і чалавечага ў Езусе Хрысце Ён з’яўляецца тым, хто злучае нябеснае і зямное, тым, хто як Бог схіляецца да чалавека, а як чалавек узносіцца да вышыняў Божых. Езус Бог становіцца святаром для нас, каб разам з намі прыносіць Нябеснаму Айцу тое, што мы з Яго шчодрай рукі прымаем. Такім чынам, можна сказаць, што злучэнне вады і віна — гэта не толькі сімвал Бога — чалаве­часці Хрыста, але і своеасаблівы заклік ператвараць усё зямное ў дарогу да нябеснага.

Другі момант таксама звязаны з вадою. Напрыканцы абрадаў ахвяравання дароў святар абмывае рукі. Першапачаткова гэтая дзея прысутнічала ў літургіі як гігіенічная неабходнасць. Справа ў тым, што не ўсё тое, што святар прымаў у старажытнасці ў якасці ахвяраў вернікаў падчас працэсіі з дарамі, можна было назваць чыстым. Але для хрысціяніна вада — гэта не толькі сродак для змывання фізічнага бруду. У многіх рэлігіях прысутнічае рытуальнае абмыццё, але толькі веруючых у Хрыста вада ў момант хросту сапраўды вызваляе з бруду граху. І як на пачатку святой Імшы акрапленне асвячонай вадою нагадвае нам пра наш уласны хрост, так і святар, абмываючы рукі, кажа: «Змый з мяне, Пане, віну маю і ачысці мяне ад граху майго», і такім чынам сцвярджае жаданне прынесці ахвяру з чыстым сэрцам.


Ксёндз Уладзімір Русак

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла