Папа прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі

Цяпер Апостальскім нунцыем у Беларусі будзе мансеньёр Габар Пінтэр, якому адначасова нададзена год­насць арцыбіскупа. 

Новы дыпламатычны прад­стаўнік Святога Айца нарадзіўся ў Венгрыі (Кун­сэнтмартан) 9 сакавіка 1964 года. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 г. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 года. Працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

Новы Апостальскі нунцый ведае венгерскую, італьян­скую, англійскую, нямецкую, іспанскую, французскую, рускую, шведскую і крэольскую мовы. Мансеньёр Габар Пінтэр зменіць на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. 13 лістапада 2015 г. Святы Айцец прызначыў італьянскага іерарха, які выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі на працягу чатырох з паловай гадоў, Апостальскім нунцыем ва Украіне. 

Новы Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь, мансеньёр Габар Пінтэр, праз Ватыканскае радыё скіраваў прывітальнае слова да біскупаў, святароў, членаў манаскіх супольнасцяў і ўсіх вернікаў Беларусі. Ватыканскі дыпламат лічыць, што яго венгерскае паходжанне і веданне «рэальнасці камуністычнага мінулага» дапаможа яму лепш зразумець сённяшнюю сітуацыю Касцёла і грамадства ў Беларусі. Мы прыводзім тэкст яго прывітання цалкам (у перакладзе).

Прывітальнае слова новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі

Я шчыра дзякую Ватыканскаму радыё за магчымасць скіраваць мае самыя цёплыя словы прывітання з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі да ўсіх біскупаў, святароў, законнікаў, законніцаў, да ўсіх вернікаў, да братоў і сясцёр праваслаўных і ўсіх грамадзянаў добрай волі на Беларусі.

Гэта вялікі гонар і радасць для мяне — мець магчымасць прадстаўляць Святога Айца ў вашай цудоўнай краіне, сярод гэтага высакароднага народа, у Касцёле, так драматычна пацярпелым і ў той жа час настолькі жывым.

Той факт, што я паходжу з Венгрыі і таму ведаю рэальнасць камуністычнага мінулага, несумненна, дапаможа мне лепш зразумець сённяшнюю сітуацыю Касцёла і грамадства ў Беларусі.

Я быў вельмі рады атрымаць інфармацыю пра плённае су­працоўніцтва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, якое многія лічаць мадэллю экуменізму. Для мяне будзе прыярытэтам развіццё і паглыбленне гэтага братняга і сапраўднага хрысціянскага суіснавання.

У пачатку ліпеня ў Будславе будзе адзначацца 25-я гадавіна заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што стала сімвалам адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі. На жаль, я не змагу прысутнічаць сярод вас фізічна, але буду там духоўна і ў маіх малітвах.

Я прашу вас шмат маліцца за мяне ў бліжэйшыя месяцы, падчас якіх я буду рыхтавацца з вялікай радасцю і шырока адкрытым сэрцам, каб у бліжэйшы час сустрэць вас з жаданнем быць вашым братам, які падтрымлівае вас у веры, міласэрнасці і надзеі.

Вена, 15 мая 2016 г., Нядзеля Спаслання Святога Духа.
Мансеньёр доктар Габар Пінтэр.

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла