Беларуская выстава ў Ватыкане — сведчанне хрысціянскага братэрства і еднасці

18 мая ў музейным комплексе Свя­тога Пасаду адбылося адкрыццё выставы сакральнага мастацтва «Іканапіс Беларусі ХVII–XXI стагоддзяў», што было анансавана ў адным з матэрыялаў мінулага нумара нашага часопіса. Гэтая выстава стала першаю ў гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях.

На цырымоніі адкрыцця сярод шматлікіх іншых удзельнікаў прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, настаяцель праваслаўнага прыхода Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. 

У сваім выступленні мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў адкрыццё гэтай выставы выключнай па значнасці гістарычнай падзеяй, падобнай якой ніколі ў гісторыі не было. «Мы доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі. Гадоў пяць–шэсць таму ідэя арганізацыі гэтай выставы нарадзілася падчас маёй сустрэчы з тагачасным намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргеем Алейнікам, сённяшнім паслом Беларусі пры Святым Пасадзе. Неацэнную ролю ў арганізацыі выставы адыграў былы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Вялікая роля ў яе арганізацыі належыць дырэктарам Ватыканскіх музеяў і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Міністэрству замежных спраў Беларусі і Міністэрству культуры, a таксама Праваслаўнай Царкве і Каталіцкаму Касцёлу», — сказаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, той факт, што беларускія абразы ўпершыню экспануюцца ў сусветна вядомых музеях Ватыкана, гаворыць сам за сябе: «гэта прызнанне добрых канструктыўных адносінаў паміж Беларуссю і Ватыканам», «сведчанне братэрскіх адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнаю Царквою ў Рэспубліцы Беларусь». 

«У беларускім грамадстве, нягледзячы на гістарычныя і нават канфесійныя падзелы, пашана да абраза, перш за ўсё да абраза Божай Маці, з’яўляецца духоўным сімвалам з’яднання нацыі. Пад покрывам Прачыстай, пад абаронай Яе цудатворных абразоў беларускі народ шукаў і знаходзіў сваё збаўленне», — адзначыў арцыпастыр. 

Мітрапаліт выказаў надзею, што выстава каталіцкіх і праваслаўных абразоў Беларусі «будзе спрыяць новай евангелізацыі сучаснага свету», паслужыць далейшаму развіццю адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнаю Царквою, «якія з’яўляюцца паплечнікамі ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў», а таксама паспрыяе развіццю канструктыўных адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам.

Паводле Catholic.by.

Фота Аляксандра Панчанкі.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла