Выйсці з палону...

Пазнаёміўшыся з Ларысаю Бусько і пачуўшы сведчанне яе навяртання, яшчэ раз пераконваешся ў тым, што міласэрнасць Божая, сапраўды, незразуметая таямніца Святой Тройцы. Больш востра разумееш і тое, што ніколі нікога нельга патапляць, гаворачы, што яму ніхто ўжо не дапаможа. Чалавек, магчыма, і не дапаможа, але Бог зробіць усё, каб ратаваць сваіх няшчасных дзяцей. Ён і Сына свайго Езуса Хрыста паслаў дзеля гэтага, бо, як вядома з Евангелля, не здаровым патрэбны лекар, а хворым.


Знаёмства з Ларысаю дапамагае глыбей усвядоміць, што сапраўднага навяртання не можа быць без пакоры. Толькі пакорны чалавек здольны прызнаць сваю грахоўнасць, больш за тое, расказаць пра гэта іншым, каб хоць некаму дапамагчы. І мы вельмі ўдзячныя Ларысе за гэта.

Ларыса нарадзілася і вырасла ў сям’і, дзе бацькі злоўжывалі алкаголем. Яна была малодшай з пяці дзяцей. Маці не хацела нараджаць пятае дзіця і збіралася на аборт. Не дазволіў гэтага зрабіць яе бацька, дзед Ларысы, Іван Калтовіч, які ў той час меў Біблію і, магчыма, чытаў яе. Ён тады сказаў сваёй дачцэ, што дзіця, якое народзіцца будзе потым ратаваць увесь іх род. Маці не разумела ягоных слоў, але паслухалася і пакінула дзіця.

Дзяцінства Ларысы было незайздросным. Пастаянныя п’янкі, што адбываліся ў іх хаце, моцна траўмавалі псіхіку дзяўчынкі. Яна часта была бітая і нават не раз перажывала спробы гвалту над сабою ад сабутыльнікаў яе родных. Таму Ларыса старалася ўцякаць ў лес, дзе ёй было ўтульна і добра. Пазней завяла сабаку, каб было смялей, і з ім хавалася ў гушчары ад страшнай рэчаіснасці. Не ведаючы з дзяцінства любові, дзяўчынка лашчылася да ўсіх, хто прытуліць, а яшчэ ёй вельмі хацелася хутчэй сыйсці з дому. Таму рана выйшла замуж і пераехала са сваёй вёскі Блішчына жыць у Смалявічы. Яе муж Васіль таксама быў з сям’і алкаголікаў.

Сямейнай суполкі не атрымалася. Сужэнец піў, гуляў, жыў сам па сабе, а Ларыса — сама па сабе. Пры гэтым яна нарадзіла дваіх дзяцей: сына Уладзіслава і дачку Ангеліну. Супакой і радасць таксама шукала ў выпіўцы. Спрыяла гэтаму і тое, што яе часта запрашалі на вяселлі ў ролі «тамады». Здольнасці да гэтага мела, бо ў свой час скончыла Мінскае культасветвучылішча. Так яна ўсё больш і больш уваходзіла ў алкагольную залежнасць.

І вось, трагедыя — павесіўся яе муж Васіль. Праз некаторы час тое самае зрабіў і сын Уладзіслаў, якому было 17 гадоў. У падлеткавым узросце ён з кампаніяй такіх жа хлопцаў пачаў нюхаць клей, потым ужываць алкаголь і наркотыкі. Ларысе здавалася, што жыццё скончана. Зло, якое звяло ў іншы свет яе родных людзей, бязлітасна знішчала і яе. Жанчына піла ўсё, што гарэла, і рабіла гэта наўмысна, бо не хацела жыць. Нават страх за лёс маленькай Ангеліны не спыняў яе. Дарэчы, дачка на той момант ужо была ў сацыяльным прытулку. З працы ў Смалявіцкім доме культуры Ларысу таксама звольнілі...

Неўзабаве Ларыса пачала чуць галасы мужа і сына, а на сценах сваёй кватэры бачыла іх твары, хоць пры гэтым яна была цвярозаю. Напалоханая жанчына зразумела, што трэба шукаць паратунку. На той час ад яе ўжо адвярнуліся ўсе родныя, блізкія і знаёмыя людзі. Дапамагчы і падтрымаць не было каму. Вядома, што самае галоўнае ў барацьбе з алкагалізмам — пры­знаць сябе залежным чалавекам. Ларыса зрабіла гэта і паехала ў наркалагічны дыспансер у Навінкі. Прай­шла медыкаментознае лячэнне. Не стала кадзіравацца альбо «падшывацца», але папрасіла накіраванне ў рэабілітацыйны цэнтр «Выток», які знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Петруся Броўкі, 7. Лячэнне, рэабілітацыя і шчырае прагненне жанчыны кінуць піць прынеслі плён. Ларыса захацела пачаць жыццё з чыстай старонкі.

Забрала дачку з прытулку і ўладкавалася на працу ў адну з мінскіх кавярняў пасудамыйкай. Нягледзячы на тое, што побач было шмат алкаголю, яна да яго не да­краналася. Праз год ёй патэ­лефанавалі з месца былой працы і прапанавалі месца ў аўтаклубе — гэта арганізацыя і дастаўка канцэртаў, тэатральных пастановак, лекцый, выставаў туды, дзе няма клубаў, а таксама на палі для механізатараў і земляробаў. Ларыса з энтузіязмам узялася за працу і за паўгода зрабіла столькі, колькі іншыя і за год не паспявалі.

Ларыса зрэдку наведвала касцёл і раней, яшчэ тады, калі жыў сын. Цяпер разумее, як шмат Бог даваў у той час знакаў для яе навяртання. Аднак, як гаворыць жанчына, яе нешта не пускала ў святыню. Трывалы шлях да Бога адбыўся ў Ларысы праз групу АА (ананімных алкаголікаў). Былы пробашч парафіі св. Валянціна ў Смалявічах айцец Юрый даў дазвол на стварэнне такой групы пры касцёле, а ў хуткім часе ў Браславе адбыўся трохдзённы форум для групаў АА, і тады Ларыса ўпершыню пайшла на споведзь.

«Я не памятаю, колькі часу спавядалася, але памятаю, што мой шалік, які вісеў на шыі, быў мокры ад слёз», — гаворыць Ларыса.

Пасля гэтага жанчына адчула ў сэрцы палёгку і вялікую Божую любоў да ўсіх і ўсяго. Яна пачала хадзіць у касцёл на біблійныя вечары. Потым зразумела, што абавязкова трэба наведваць і святыя Імшы. Спачатку было цяжка, бо падчас Імшы яе разбіраў ненатуральны смех. Яна разумела, ад каго ён паходзіць, і вырашыла малітвай перамагаць гэта зло. Асаблівую моц адчула ад ружанцовай малітвы і Вяночка да Божай Міласэрнасці. Цяжка было і спавядацца, бо вельмі саромелася святароў. Але з часам Хрыстус даў ласку зразумець, што ў канфесіянале знаходзіцца менавіта Ён, наш Збавіцель, і страх знік.

Паступова душу напаўняла жаданне працаваць пры касцёле. Гатова была выконваць самую чорную працу, але ніхто яе ёй не даручаў, а сама не асмельвалася нешта рабіць. Бачыла, як насцярожана і нават нядобразычліва адносіліся да яе некаторыя парафіяне. Перажывала гэта вельмі балюча, але брала сябе ў рукі і гаварыла: «Я іду не да людзей, а да цябе, Езус! Дапамажы мне!».

І Езус дапамог. Зрабіў Ён гэта праз пробашча — айца Андрэя Квяцінскага, паклікаўшы Ларысу ў Легіён Марыі. І вось ужо амаль тры гады разам з іншымі легіянерамі Ларыса выконвае самую розную працу пры парафіі, а таксама з апостальскай місіяй ходзіць у бальніцу, наведвае хворых і адзінокіх католікаў. Прызнаецца, што ахвяраванне сябе для іншых дае яе жыццю новае вымярэнне і асаблівы сэнс. Ларыса мае дыплом кансультанта па сямейным алкагалізме і наркаманіі. Цешыцца, што ўжо 16-ці сем’ям у Смалявічах дапамагла рэабілітавацца. А яшчэ яна скончыла каталіцкую школу сямейнага жыцця і цяпер шчодра дзеліцца з іншымі ведамі, якія там атрымала.

Чатырнаццацігадовая дачка Ангеліна ідзе за сваёю маці сцяжынкаю веры, дапамагае ёй ва ўсіх справах. Разам яны ў касцёле, разам едуць на рэкалекцыі і йдуць з пілігрымамі ў Будслаў. Ангеліна мае прыгожы голас і іграе на гітары. Супольна з Марыяй Чарняўскай спявае і іграе на Імшы для дзяцей у сваёй парафіі.

Вось ужо год як Ларыса працуе загадчыцай краязнаўчага музея ў Смалявічах. Яе дзень пачынаецца са святой Імшы а 8-й раніцы. Тым, каго гэта здзіўляе, яна тлумачыць, што Богу яна абавязана ўсім і без Яго ёй проста не выжыць.

«Гэта міласэрны Езус мяне вывеў з палону алкагалізму, Ён мяне вырваў з кіпцюроў д’ябла, — гаворыць жанчына, — і я прагну быць вернай Яму».

Людзі, якія добра веда­юць мінулае жыццё Ларысы, уражаныя яе пераменаю. Амаль кожны разумее, што такі цуд не мог здарыцца без Божай ласкі. Таму многія самі задумваюцца над тым, якое месца ў іх жыцці займае Пан Бог. Часам просяць дапамогі для сябе і блізкіх на шляху да ацалення ад нейкай залежнасці. Ларыса з радасцю ідзе насустрач кожнаму, паказваючы, перадусім, дарогу да Бога ў Яго бязмежнай і неспасцігальнай міласэрнасці.


Галіна Калевіч
Фота з сямейнага альбома Л. Бусько

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла