Персанальны ідэнтыфікатар

 

Сёння ў нашых святынях мы можам убачыць людзей не толькі розных узростаў і нацыянальнасцяў, але таксама і прадстаўнікоў розных рэлігій. Вядома, мусульманін, габрэй альбо будыст не змогуць у поўні ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, прымаючы святую Камунію. Але ніхто іх не будзе выганяць са  святыні, і яны, ведаючы мову, у стане зразумець змест малітваў і іншых тэкстаў, якія гучаць падчас літургіі.


Аднак так было не заўсёды. Падчас святой Імшы, якая цэлебравалася ў першых стагоддзях хрысціянства, быў момант асаблівай малітвы за асобныя групы прысутных на літургіі. І такім чынам той, хто ўзначальваў літургічную супольнасць, маліўся за ўсіх, хто падлягаў публічнаму пакаянню, а пасля гэтага яны пакідалі храм. Пасля адмысловай малітвы, якая чыталася за апантаных злым духам, яны таксама выходзілі. Была малітва і за тых, хто рыхтаваўся да прыняцця святога хросту, — катэхуменаў. Пасля і яны выходзілі. Такім чынам, у святыні заставаліся толькі тыя, хто быў годны прыняць Цела Хрыстовае, — вернікі*. І наставала малітва вернікаў. Што праўда, звычай адмысловых малітваў за асобныя групы хрысціянаў, як і звычай іх выходжання са святыні, з цягам часу знік, але малітва вернікаў зноў атрымала сваё месца ў літургіі дзякуючы Другому Ватыканскаму
Сабору.

Сімвалічна тое, што малітва вернікаў з’яўляецца, як правіла, апошнім акордам літургіі Божага слова (наступныя абрады належаць да іншай часткі святой Імшы — эўхарыстычнай літургіі). Гэта малітва натхнёна пачутым Божым словам. Гэта малітва, якая ўзносіцца з сэрца, перамененага Божай праўдаю. Гэта малітва, якая ўзносіцца за збаўленне ўсіх людзей. Малітва вернікаў вучыць заўважаць тыя патрэбы, якія бачыць Бог, укладаючы свой клопат пра людзей у вусны Касцёла, які моліцца.

Гэта малітва — своеасаблівы ідэнтыфікатар нашага хрысціянства,
бо калі ў нашых сэрцах ёсць месца толькі для ўласных патрэбаў,
то мы рызыкуем не мець у ім месца для Хрыста,
у сэрцы якога ёсць месца для кожнага,
а не толькі для кагосьці асобна.

Звычайны эгаізм і канцэнтрацыя на ўласных патрэбах не толькі заражае вочы нашых сэрцаў блізарукасцю, але і пазбаўляе нас любові да Хрыста, прысутнага ў нашых бліжніх, вядомых нам і невядомых. Таму ў малітве вернікаў мы ўзносім просьбы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, і за збаўленне ўсяго свету, за прыгнечаных жыццёвымі цяжкасцямі, за ўсіх людзей, за мясцовую супольнасць, а таксама за тых, каму асабліва патрэбная наша малітоўная дапамога (пар. АУРІ, 69).


Ксёндз Уладзімір Русак
Фота Валянціны Аўсянікавай

* Трэба сказаць, што гэты звычай не ўспрымаўся хрысціянамі як нейкая дыскрымінацыя, бо падкрэсліваў усведамленне велічыні дару Хрыстовага Цела, для прыняцця якога трэба быць годным. 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла