Ці дазваляе Касцёл крэміраванне памерлых?

У наш час усё больш лю­дзей, асабліва ў вялікіх гарадах, рашаюцца на крэміраванне памерлых. Для Беларусі гэта новы звычай. Традыцыйна мы прызвычаеныя да таго, што каля вёскі ці горада месцяцца могілкі, дзе спачыва­юць целы памерлых. Узнесеныя на магілах продкаў крыжы, помнікі, каплічкі, прыгожыя кветкі і дрэвы — усё гэта стварае своеасаблівую атмасферу засяроджанасці, малітвы, пра­стору цішыні і сустрэчы з вечнасцю. Аднак на сучасных могілках у вялікіх гарадах усё больш узвышаюцца сцены з капсуламі праху крэміраваных нябожчыкаў. Некаторыя людзі пасля крэміравання памерлых нават трымаюць іх попел не на могілках, а дома — на каміне, у шафе ці нейкім іншым месцы, у адмысловай пасудзіне або ў ювелірным упрыгожванні.


Натуральна, што многія католікі задаюць пытанне аб дапушчальнасці крэміравання памерлых, месцах і ўмовах захавання іх попелу. Ці адпавядае гэты звычай нормам хрысціянскай веры?

Калі шукаць аргументы за крэміраванне, то найчасцей у хрысціянскім асяроддзі прыводзяцца практычныя прычыны: рост насельніцтва і гарадоў вымушае эканоміць дарагія зямельныя надзелы, крэмацыя дазваляе не толькі эканоміць на аплаце за месца, але таксама скарачае плошчу пахаванняў дзякуючы спецыяльным сценам (калумбарыям) з нішамі для урнаў з прахам памерлых. Адносная таннасць такіх могілак робіць іх даступнымі для многіх лю­дзей.

Прыхільнікі крэмацыі прыводзяць яшчэ адзін аргумент — экалагічны. Спальванне цела адбываецца пры тэмпературы 800–10000С, а пасля гэтага яно захоўваецца ў герметычнай урне. Высокая тэмпература дазваляе знішчыць усялякія заразныя інфекцыі або вірусы, якія магло маць цела нябожчыка. Традыцыйнае ж пахаванне, асабліва вялікай колькасці памерлых, а тым больш у вільготных мес­цах, можа прыводзіць да забруджвання падземных водаў у працэсе разлажэння целаў, а таксама пераносіць розную заразу. Некаторыя прыводзяць псіхалагічны (хоць і дыскусійны) аргумент, што, маўляў, усведамленне разлажэння целаў больш цяж­кае для ўспрымання, чым спальванне, а таму гэта нібыта больш гуманны спосаб пахавання.

Аргументы супраць крэмацыі часцей зводзяцца да наступных. У першую чаргу, падкрэсліваецца язычніцкі, у недалёкім мінулым выразна антыхрысціянскі характар крэмацыі, прапагандаваны масонамі. Спальванне стварае ўражанне, што няма ніякага веч­нага жыцця. Чалавек пасля крэмацыі нібыта зусім пера­стае існаваць, бо амаль нічога ад яго не застаецца. Такое меркаванне сілкуе няверу ва ўваскрашэнне. Наяўнасць цела больш спрыяе ўяўленню пра тое, што яно можа быць ажыўленае, а душа можа вярнуцца ў яго. Цяжка ўявіць уваскрашэнне са жменькі попелу. Да чаго вяртацца душы? Акрамя таго, у большасці культураў спальванне азначае знішчэнне ўсяго злога. Няўжо крэмацыя цела азначае спальванне яго як чагосьці дрэннага?

У хрысціянскай веры цела лічыцца
святыняй Духа Святога (гл. 1 Кар 6, 19),
бясцэннай каштоўнасцю, за якую аддаў жыццё Езус,
і якое асвяціў, стаўшы чалавекам, і гэтае цела ўзнёс
на нябесны Божы трон, і паса­дзіў праваруч Бога Айца (гл. Мк 16, 19).

Праціўнікі крэмацыі падкрэсліваюць, што яна і тэалагічна, і літургічна пярэчыць хрысціянскай выразнасці традыцыйнага пахавання, якое падкрэслівае веру ва ўваскрашэнне памерлых.

Прыхільнікі традыцыйнага спосабу пахавання цела ў зямлі падкрэсліваюць, што гэта біблійная традыцыя. Святое Пісанне нагадвае, што чалавечае цела ўзятае з зямлі і ў зямлю павінна вярнуцца (гл. Быц 3, 19). Пахаванне нябожчыка ў зямлі нагадвае «сон» у чаканні ўваскрашэння. Нам лягчэй уявіць уваскрашэнне нават раскладзенага цела з зямлі (гл. Эзх 37, 1–12), чым паўстанне з мёртвых без наяўнасці парэштак цела. Пахаванне ў труне мае выразны тэалагічны і літургічны сімвал спачывання цела і пашаны да яго. Згадаем, што Пан Езус быў пакладзены менавіта ў магілу і адтуль уваскрос. Урэшце згадаем пра псіхалагічны аспект пахавання цела ў зямлю — гэта спрыяе больш выразнай памяці пра памерлых і больш глыбокаму перажыванню жалобы.

Касцёл аж да сярэдзіны ХХ ст. негатыўна ставіўся да крэміравання памерлых. Гэта было найперш звязана з моцным негатывам да язычніцкіх вераванняў.

Калі ж грамадская сітуацыя змянілася і спальванне
нябожчыкаў адарвалася ад розных ідэалогій і рэлігій,
стаўшы зручным эканамічным дзеяннем,
тады змянілася і стаўленне Касцёла да гэтай практыкі.

З часоў Другога Ватыканскага Сабору ў афіцыйных яго дакументах мы знаходзім пацвярджэнне разумення таго, што крэмацыя «сёння становіцца часта пажаданай не па прычыне нянавісці да Касцёла ці хрысціянскіх звычаяў, але толькі з увагі на гігіену, эканамічныя ці іншыя рацыі на грамад­скім ці прыватным узроўні» (Інструкцыя Святога Афіцыя, Кангрэгацыя веравучэння, 1963). Той самы дакумент перасцерагае вернікаў не думаць, што крэміраваныя целы не змогуць уваскрэснуць, бо «спальванне (крэміраванне) парэштак, якое не закранае душу і не перашкаджае Божай Усемагутнасці ў адбудаванні цела, не мае значэння само па сабе і не прыводзіць да аб’ектыўнага адкідвання гэтага догмата» (Інструкцыя Святога Афіцыя, 1963). Гаворка ідзе пра веру ў несмяротнасць душы і ўваскрашэнне цела. Бог уваскрасіць чалавека незалежна ад таго, што сталася з яго целам.

Калі ў 1983 г. быў выдадзены новы Кодэкс Кананічнага Права Касцёла, то там была агавораная дапушчальнасць крэмацыі:

«Касцёл настойліва заахвочвае захаваць
пабожны звычай пахавання цел памерлых.
Аднак не забараняецца крэміраванне,
калі яно выбрана не з прычынаў,
нязгодных з хрысціянскім вучэннем» (пар. ККП, 1176, § 3).

Як бачым, хоць Касцёлам і дапускаецца спальванне целаў нябожчыкаў, аднак ён заахвочвае вернікаў, па магчымасці, прытрымлівацца традыцыйнага спосабу пахаванняў у магіле, бо спальванне цела «размывае» тэалагічную праўду і нагляднасць літургічнай сімволікі хрысціянскай веры ў спачын памерлага, сцірае выразнасць пашаны да цела, чаканне яго ўваскрашэння.

Калі ўсё ж такі з эканамічных ці экалагічных меркаванняў хтосьці арганізоўвае каталіцкае пахаванне з крэміраваннем, то неабходна памятаць прынамсі пра асноўныя абавязковыя нормы: абрад пахавання памерлых павінен адбыцца перад спальваннем цела; абрад пахавання пасля крэміравання дапускаецца толькі ў крайніх выпадках, калі няма іншай магчымасці. Таксама неабходна памятаць, што урна з попелам павінна мець сваё месца захавання на могілках, а не ў кватэры ці іншым месцы. 

Нягледзячы на дыскусіі вакол крэміравання памерлых, найперш істотна, каб хрысціяне ва ўсіх гэтых традыцыях не згубілі найважнейшага — абавязковай і пастаяннай малітоўнай памяці пра сваіх блізкіх. Што б ні сталася з це­лам, памерлай асобе перадусім патрэбна наша заступніцкая малітва, а магіла і могілкі з’яўляюцца найлепшым наглядным і выразным месцам, якое заахвочвае да памяці і малітвы за тых, хто адышоў у вечнасць і рыхтуецца да ўваскрашэння.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла