Малітва ў супольнасці

Чыстае сэрца, чыстая душа,
чыстая думка і чысты ўчынак
нараджаюцца з малітвы і адрачэння.
Слуга Божы а. Анзэльм Гондэк OCD


Першая невялікая хрысціянская супольнасць з Ерузалема звычайна прыходзіла на малітву ў святыню. Малітва адбывалася а дзявятай гадзіне паводле габрэйскай літургіі. Менавіта гэтая супольнасць дала пачатак новай малітве ў Вячэрніку. У гэтай супольнасці ўсё было агульным, у тым ліку і малітва. Група з адзінаццаці чалавек разам з некаторымі жанчынамі, з Марыяй, Маці Езуса, і Яе роднымі, трывала разам у малітве. Усе яны трывалі ў малітве аднадумна, чакаючы прыйсця Духа Святога. Гэтая дзея была пачаткам пэўнай формы хрысціянскай малітвы, пераходнай паміж літургіяй габрэяў і хрысціянскай літургіяй, якая фармавалася. Гэтая форма малітвы датрывала ажно да нашага часу.

Чым з’яўляецца малітва ў супольнасці?

Гэта малітва невялікай групы — дзвюх альбо болей асобаў, сабраных у імя Езуса, каб звяртацца да Айца. Яе фундаментам з’яўляюцца словы Хрыста: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). Малітва ў групе займае сваё месца паміж асабістай малітвай і літургічнай. Гэта малітва, якую мы прамаўляем і якой дзелімся з іншымі. Прамаўляем яе словамі, спевам, жэстамі альбо маўчаннем, альбо таксама дарам уласнай прысутнасці. Яна дае магчымасць кожнаму з членаў групы ўвайсці ў камунію з пачуццямі і харызмамі іншых: маліцца малітвай іншага чалавека і адчуваць, што ён моліцца з намі. Яна дазваляе адкрыць пасрэдніцтва брата ў нашых адносінах з Богам; развівае перакананне ў тым, што наша ўбогая малітва, праходзячы праз сэрцы іншых, узбагачае і саму сябе, і нас.

Гэта малітва свабодная і вызваляючая.
Свабодная ад фармалізму,
а таксама ад нормаў і рытуалаў:
яна з’яўляецца спантанным праяўленнем крэатыўнасці
і ўбоства групы, ажыўленай натхненнем Духа Святога.

І вызваляючая, бо яна дае магчымасць прамаўлення ўголас і ў прысутнасці іншых уласных адносінаў з Богам. Яна мае аздараўленчае дзеянне, бо вызваляе ад страху, комплексаў і ўнутранага маўчання, уводзіць таго, хто моліцца, у біблейскую свабоду духу і слова, пра якую ўзгадва­юць св. Павел і Дзеі Апосталаў.

Малітва ў супольнасці мае выключнае дзеянне, гарантаванае абяцаннем Езуса: «Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах» (Мц 18, 19). Малітва ў супольнасці мае здольнасць памнажаць, павялічваць моц і інтэнсіўнасць асабістай малітвы кожнага з членаў групы.

Асоба, якая прыходзіць у групу, распачынае свайго роду навучанне ў ёй. Сама група з’яўляецца школаю малітвы праз яе практыкаванне. Група малітвы таксама стварае атмасферу, якая ідэальна спрыяе сяброў­ству. Малітва сама па сабе з’яўляецца рэалізацыяй нашага сяброўства з Богам, Богам-Сябрам. Добрым мастом, які дапамагае ўзнесціся да гэтага сяброўства, з’яўляец­ца чалавечае сяброўства. Св. Тэрэза ад Езуса (Авільская) казала, што «добрым сродкам для таго, каб жыць з Богам, з’яўляецца сяброўства з Ягонымі сябрамі; заўсёды ад гэтага можна атрымаць шмат карысці, ведаю гэта з уласнага вопыту».

Хрысціянская малітва — гэта справа дваіх, бо Дух Езуса ёсць тым, хто абуджае ў нас ініцыятыву, патаемна і выключна. Дзя­куючы Яму мы гаворым — «Ойча». Без Яго мы б не ведалі, як прасіць. З Ім і ў Ім мы ўвахо­дзім у дыялог з Богам. Размаўляем з Ім. Прабываем разам, як сказала б св. Тэрэза, і тое, што на пачатку здаецца вельмі простым, на самай справе такім не з’яўляецца...

Там, дзе ёсць любоў да малітвы, там будуць і цноты, што вынікаюць з малітвы.


З малітваю —
а. Юрый Кулай OCD

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла