З удзячнасцю за служэнне

«Біскуп — гэта знак прысутнасці Хрыста ў свеце», — напісаў Ян Павел ІІ у сваёй кнізе «Устаньце, хадзем!», таму прысутнасць біскупа сярод вернікаў Касцёла — гэта сапраўдны Божы дар, а для беларускіх вернікаў гэты дар набыў асаблівае значэнне, калі пасля трох пакаленняў пераследавання ў мясцовы Касцёл прыйшлі свае пастыры. У сувязі з гэтым мы дзякуем Богу за ласку святарства для арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які ў гэтым годзе адзначае 35-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, што адбылося 31 мая 1981 г., і 25-годдзе арцыбіскупскага служэння (13 красавіка 1991 г. быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі), а таксама для біскупа Аляксандра Кашкевіча, які ў гэтым годзе адзначае 40-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, што адбылося 30 мая 1976 г., і 25-годдзе біскупства (13 красавіка 1991 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі). Са шчырай удзячнасцю за служэнне нашых дарагіх пастыраў мы жадаем ім моцнага здароўя, шчодрых дароў Духа Святога і незлічоных праяваў Божай міласэрнасці. Няхай Божая ласка атуляе ўсе пачынанні і справы. Натхнення і плёну на Божай ніве!

Рэдакцыя часопісаў «Ave Maria», «Наша вера»
і супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo».

Фота Віталія Палінеўскага і з архіваў біскупаў.

«Кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове — гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека. Кожны з нас, святароў, вельмі выразна спазнае гэта ва ўсім сваім жыцці. Перад веліччу такога дару мы адчуваем, наколькі не дарастаем да яго. Пакліканне — гэта таямніца Божага абрання: „Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў“ (Ян 15, 16). «І ніхто сам сабе не бярэ гэтае годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (Гбр 5, 4). „Перш чым сфармаваў цябе ва ўлонні маці, Я ведаў цябе, перш чым ты прыйшоў на свет, Я асвяціў цябе, прарокам для народаў устанавіў цябе“ (Ер 1, 5). Гэтыя натхнёныя словы павінны праняць глыбокім хваляваннем кожную святарскую душу. Таму, калі мы ў розных абставінах (напрыклад, у сувязі са святарскімі юбілеямі) гаворым пра святарства і даем аб ім свае сведчанні, то павінны рабіць гэта з вялікаю пакораю, усведамляючы, што Бог нас «паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі» (2 Цім 1, 9). Разам з тым мы ўсведамляем, што людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства».

Ян Павел ІІ, «Дар і Таямніца».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла