Старанны, сціплы, адданы…

Вясна, красавік — гэта пара, калі абуджаецца прырода, зелянее трава, дзе-нідзе зацвітаюць кветкі, узнімаецца настрой. І вось у гэтую прыгожую пару нарадзіўся наш цудоўны святар капуцын Юрый Краўчанка, які працуе ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Ён адзначыў свой дзень нараджэння 23 красавіка. Гэта сапраўды святар ад Бога: адказны, старанны, сціплы, адданы сваёй справе, працавіты. Пан Бог надзяліў яго вялікай мудрасцю ў духоўнай справе, каб даносіць Божае слова да нашых сэрцаў, душаў, каб мы адкрываліся на Божую ласку. А яшчэ наш айцец Юрый — нястомны працаўнік. Ён аддае вельмі шмат часу, сілаў, энергіі працы з моладдзю, будаўніцтву касцёла. 

А як ён праводзіць святую Імшу з дзеткамі! Ён з імі гутарыць, задае ім пытанні, каб яны лепш засвоілі і зразумелі Божае слова, вучыць іх дабру, любові, нават праводзіць доследы…

Айцец Юрый — вельмі таленавіты чалавек. У яго, як кажуць, залатыя рукі, вялікія здольнасці ў вырабе рэчаў з дрэва: гэта вельмі прыгожыя сталы, крэслы, тумбачкі, ложкі, на якіх нашы браты капуцыны адпачываюць і, напэўна, сняць добрыя сны.

Мы, вернікі парафіі святога Казіміра, вельмі ўдзячныя Пану Богу за такога святара і жадаем нашаму дарагому айцу Юрыю моцнага здароўя, плёну, вытрымкі на нялёгкім шляху, да якога паклікаў яго Пан Бог. Няхай міласэрны Езус прытуліць яго да свайго Найсвяцейшага Сэрца, а Маці Божая абараняе ад небяспекі і атуляе сваёю бясконцай любоўю.

З павагаю і любоўю — парафіяне касцёла святога Казіміра ў Маладзечне.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла