Зрабіць радыкальны крок

Гутарка Ірыны Жарнасек з айцом марыянінам Андрэем Сідаровічам

— Айцец Андрэй, Вы служылі ў Росіцы  і раней, а нядаўна зноў распачалі тут службу. Змянілася за гэты час парафія? Заўважна гэта?

— Я служыў у росіцкай парафіі восем гадоў таму. Што кінулася ў вочы цяпер? Найперш тое, што парафія прыкметна паменшала. Па аб’ектыўных прычынах. У 2000 годзе ў Росіцы жыло 600 чалавек, восем гадоў таму — больш за 400, а цяпер — 150. Як змянілася Росіца? Яна пачала больш піць гарэлку. Такая горкая праўда.

— П’янства, здаецца, квітнее цяпер усюды…

— Так, але ў паменшанай настолькі колькасці жыхароў вёскі гэта проста лезе ў вочы сваёй трагічнасцю. Зразумела, што многія людзі страцілі працу, бо пазачыняліся ўстановы, у якіх яны працавалі. Больш адважныя выехалі адсюль, знайшлі сябе дзесьці ў іншым месцы.

— Сумна. Зрэшты, падобную карціну можна назіраць у многіх нашых вёсках. Але скажыце: п’янства — гэта праблема толькі вёскі альбо таксама і парафіі?

— Вострае пытанне… І як на яго адказаць, каб не зманіць? Так, у пэўным сэнсе, гэта і наша праблема. Скажам, адзін чалавек альбо два з сям’і прыходзяць у касцёл, моляцца, а другая частка сям’і ў гэты час дзесьці ў «абнімку з зялёным зміем». Такія сумныя рэаліі.

— Спадзяюся, п’яныя хоць у касцёл не прыходзяць?

— Чаму? Бывае і такое. Калі ўжо дакладней, колькі разоў на выхадзе з касцёла я затрымліваў мужчын нападпітку. Цяжка такое зразумець? Мне таксама. Бо, здавалася б, калі ты ўжо выпіў, то што ж ты пхнешся ў святыню?! Чаго тут шукаеш? Ды не абавязкова нават быць вернікам, каб разумець, што калі ты ўваходзіш у нейкую прастору, якая адрозніваецца ад крамы, ад тваёй хаты, то тут павінны быць і адпаведныя паводзіны. Напрыклад, калі чалавек прыходзіць у бальніцу, ён жа ведае, што там свае правілы: халат на плечы, бахілы на ногі і гэтак далей. Альбо калі ты прыйдзеш п’яны на прыём да доктара, то калі гэта не нарколаг, цябе найхутчэй проста папросяць выйсці.

П’янства набыло характар абсалютнага бескультур’я, бо часам чалавек не прызнае ніякіх межаў.

— Кажуць жа: п’янаму мора па калена…

— Менавіта. І тады ён можа з таго «мора» пайсці проста ў касцёл альбо заявіцца да святара ў кляштар і плесці там усялякую бязглуздзіцу…

— Нават так?

— Здзіўляецеся? Для многіх з іх гэта — звычайная рэч. У адной з вёсак нашай парафіі нядаўна здарыўся такі выпадак. Мяне папрасілі памаліцца на пахаванні. Прыязджаю і бачу, што мужчыны, якія капалі магілу, на моцным падпітку. Я нават разгубіўся. Ну але што ж — трэба пахаваць чалавека. Вырашыў пасля малітвы зрэагаваць на гэта. Молімся… А калі пачалі апускаць труну ў магілу, адзін з капачоў проста не ўтрымаўся на нагах і зваліўся ўслед за нябожчыкам у магілу. Ягоныя сябрукі пачалі яго выцягваць, панесліся мацюкі… Уяўляеце карціну? Прызнаюся, няпроста мне было стрымацца, але Пан Бог даў ласку такой ціхасці, спакою. Тады я і сказаў сам сабе: «Усё. Кропка. Трэба з гэтым штосьці рабіць». П’яныя капачы, памінанне нябожчыка гарэлкай за жалобным сталом, памінанне чаркай адразу ж на могілках — хіба магчыма з усім гэтым мірыцца? Таму пасля таго выпадку мы з пробашчам Чаславам Курэчкам абмеркавалі ўсё гэта і прыйшлі да высновы, што з распіццём гарэлкі на пахаваннях трэба рашуча змагацца, бо яно з’яўляецца знявагай веры, абразай чалавечай годнасці і святарскага служэння. Каталіцкае пахаванне — гэта не свецкая паніхіда, але малітва, набажэнства. І мы прынялі такое рашэнне: калі сям’я нябожчыка не згаджаецца, што пахаванне адбудзецца без гарэлкі, то ў такім разе мы, святары, не згаджаемся браць удзел у пахаванні.

— Сурова. Але іначай і нельга, мабыць. Толькі вось падумалася: а ці справядліва гэта ў адносінах да таго чалавека, які памёр?

— Мы ж не патрабуем чагосьці надзвычайнага. Гэта норма нашай веры, якая, на жаль, тут парушалася. Мусім ачысціцца. Мы не ўмешваемся, напрыклад, у святкаванне вяселля ці нейкай іншай сямейнай урачыстасці. А вось адыход чалавека ў вечнасць мусім шанаваць больш. Калі ж так здарыцца, што сям’я ўсё ж не згодзіцца з нашымі патрабаваннямі, то на могілкі мы, святары, не пойдзем, а ў касцёле, вядома, будзем маліцца за памерлага. Дарэчы, гэтага ж правіла прытрымліваюцца і тутэйшыя праваслаўныя святары, што не можа не радаваць.

— А Вы сказалі ўжо пра сваё рашэнне вернікам? Як яны паставіліся да яго?

— Так, мы сказалі пра гэта ў нашых парафіях. Водгукі лю­дзей абсалютна здаровыя. Яны падтрымалі нас. Адна парафіянка сведчыла, напрыклад, што калі памірала яе маці, то яна папрасіла, каб жалобны стол быў без гарэлкі. Дачка выканала яе апошнюю волю, нягледзячы на тое, што некаторыя вяскоўцы абураліся, нават не пайшлі за стол. Але яна гэта перажыла, бо для яе важней было выканаць апошнюю волю роднага чалавека.

— Дзякуй Богу, што ёсць і такія прыклады. А мне прыгадаўся таксама яшчэ вось такі выпадак. Адна маці катэгарычна адмовілася, каб алкагольныя напоі былі на жалобным стале па яе сыне. Яе сын загінуў з-за гарэлкі, і маці сказала, што не пацерпіць, каб на пахаванні яе сына была гарэлка, бо яна ўжо прынесла столькі бяды!

— Ведаеце, калі я хадзіў па калядзе, то столькі наслухаўся трагічных гісторый, прычынай якіх стаў алкаголь!.. Гэта штосьці страшнае! Практычна палова сем’яў альбо пакутуе ад алкагольнай праблемы, альбо ўжо страціла роднага чалавека з-за яе. Хтосьці скончыў жыццё самагубствам, кагосьці скалечылі п’яныя сябрукі, хтосьці загінуў у нейкай аварыі, дзесьці муж жонку ледзьве не застрэліў… 

— Айцец Андрэй, як Вы лічыце, што ўсё ж з’яўляецца прычынай такога разгулу п’янства? Эканамічныя праблемы? Крызіс?

— Не думаю, што толькі гэта. Вядома, хацелася б, каб людзі больш зараблялі, асабліва ў вёсках, бо людская праца, у большасці цяжкая, забірае і сілы, і здароўе. І ўсё ж, думаю, што не ўсё вырашаюць заробкі. Бо калі чалавек траціць столькі грошай на гарэлку, на пакупку цыгарэтаў замест таго, каб за гэтыя самыя грошы набыць штосьці для сям’і, зрэшты, і самому проста смачна з’есці, прыгожа апрануцца, то корань бяды ўсё ж не толькі ў матэрыяльным забеспячэнні.

— Як крыўдна ўсё ж, што людзі марнуюць свае жыцці! І ўсё гэта ў такім святым месцы!.. Няўжо яны не разумеюць, што Росіца — гэта святое, вельмі дарагое для многіх і многіх людзей, якія прыязджаюць сюды, каб духоўна ўмацавацца, набрацца сілаў для годнага жыцця?

— Не раз я думаў пра гэта… Балюча. Бо месца святое, можна сказаць, жывая рана нашай зямлі… Шчыра кажучы, мне вельмі цяжка прымірыць гэтыя рэаліі… Напачатку думаў, што можа мы, марыяне, тут чагосьці не дапрацоўваем. Але хадзіў па калядзе, размаўляў з людзьмі і бачыў, як шмат ёсць удзячных людзей, шмат тых, для каго касцёл стаў вельмі дарагім месцам, стаў іх жыццём. Я не магу сказаць, што нашы парафіяне — кепскія людзі. Ну не, ні ў якім разе! Адно што іх мала…

— Ойча, што ж могуць зрабіць, як могуць супрацьстаяць злу п’янства тыя, каго пакуль што, як Вы кажаце, мала?

— А яны могуць зрабіць вельмі шмат, калі будуць непрымірымыя да гэтага зла. Калі не проста самі не будуць співацца, але адкажуць на гэты выклік радыкальна, катэгарычна не згаджаючыся, каб не толькі на пахаванні была гарэлка, але і ў іншых месцах супрацьпаставяць ёй іншыя, здаровыя каштоўнасці. Хіба мы не можам цікава арганізаваць нашыя святы, каб гарэлка не лілася на іх ракой?

Што праўда, каталіцкае вучэнне не наказвае вернікам абавязковай абстыненцыі ад ужывання алкаголю. Але згодна са Святым Пісаннем Касцёл папярэджвае вернікаў і навучае, што ўжыванне алкаголю павінна быць умеркаваным. Святое Пісанне папярэджвае, што чалавек, які злоўжывае алкаголем, часта паддаецца многім грахам. У беларускай рэчаіснасці ў тых сем’ях, дзе існуе гэтая праблема, члены сем’яў пакліканыя да больш радыкальнай барацьбы з алкаголем. Калі ў сям’і ёсць хтосьці, хто ад гэтай праблемы пакутуе, а мы прагнем яму дапамагчы, то мае сэнс у сям’і адмовіцца ад ужывання алкаголю. Цалкам. Каб не спакушаць чалавека лішні раз. Гэта, вядома, пэўная ахвяра з боку людзей, якія хочуць дапамагчы бліжняму змагацца з алкагольнай залежнасцю. Але варта дзеля такой дапамогі прыняць абстыненцыю і не ўжываць алкаголю. Гэта — форма посту. Думаю, што без гэтага дапамагчы хвораму на алкаголь немагчыма. 

— Ведаю, што вось Вы, напрыклад, адмовіліся ад ужывання алкаголю на гэты год і ахвяравалі свой пост у інтэнцыі ордэну марыянаў, да якога Вы належыце.

— Ёсць такое (смяецца). Я ўжо другі год трываю ў абстыненцыі. Папярэдні год ахвяраваў за моладзь, а гэты — за наш ордэн. Заснавальнік ордэну марыянаў, айцец Станіслаў Папчынскі, быў абстынентам і раіў гэткі ж стыль жыцця сабратам. Ведаю, што айцец Юзаф Пятушка цвёрда трымаецца гэтага правіла. А таксама іншыя айцы марыяне: хто на год, а хто і на большы тэрмін раз-пораз прымаюць абстыненцыю. Я падумваю, каб як падзяку за дар кананізацыі нашага айца заснавальніка, якая адбудзецца ў Рыме 5 чэрвеня гэтага года, прыняць абстыненцыю на ўсё жыццё. Але яшчэ трэба памаліцца мне ў гэтай інтэнцыі, паразважаць.

— Летам, калі мы ішлі ў пілігрымцы з Полацка ў Росіцу, па Вашым заахвочванні некалькі пілігрымаў таксама прынялі абстыненцыю на год. Дарэчы, я таксама.

— Спадзяюся, не шкадуеце аб гэтым. А гэтае натхненне прыйшло да мяне на рэнавацыях. Ёсць такія рэкалекцыі ў манахаў, яны трываюць месяц, мы іх перажываем раз на пяць гадоў. Дык вось я чытаў Божае слова, і мяне вельмі моцна ўразілі словы прарока Абакума: «Гора таму, хто змушае сябра свайго да піцця, даючы атруту сваю і ап’яняючы яго, каб бачыць сорам яго!» (пар. Абк 2, 15). А слова Божае, як вядома, мае моц прамаўляць не толькі да таго, хто яго прачытаў, але і да іншых. Таму ў выніку абстыненцыю прынялі 7 марыянаў і… дакладна не памятаю, але ці не столькі ж свецкіх вернікаў з нашай той пілігрымкі.

— Дарэчы, апошнім часам на ўрачыстасцях у жніўні ў Росіцы бываюць такія карысныя сустрэчы, на якіх робяцца сведчанні тых, хто змагаўся з алкагольнай залежнасцю і перамог у гэтым змаганні, альбо тых, хто жыве разам з залежнымі ад алкаголю лю­дзьмі. Вельмі патрэбныя такія гутаркі. Таму сёння я кажу «дзякуй» ад значнай групы людзей, для якіх карысныя такія сустрэчы, размовы. Разам са мной прыехала сёлета на свята вяргіняў у Росіцу адна маладая жанчына з Наваполацка, бо ёй было вельмі важна прыняць абстыненцыю менавіта ў Росіцы.

— Мы з айцом Чаславам вырашылі аднавіць кнігу цвярозага ладу жыцця, у якую будзе магчымасць запісацца кожнаму парафіяніну, а таксама тым, хто прыедзе да нас. Чаму гэта важна зрабіць у Росіцы? Бо Росіца — месца радыкальнага выбару. І трэба нам вучыцца рабіць гэты выбар, каб выпрасіць у Бога ласку цвярозасці калі не для сябе, бо гэта для нас не актуальна, то для блізкіх нам людзей. А лю­дзей з такімі праблемамі вакол нас вельмі шмат. Безумоўна, гэты выбар запатрабуе пэўнай ахвярнасці, вытрымкі, супраць­стаяння тым, хто не зразумее яго. Спакусаў будзе шмат. Але ўсё магчыма, калі такое рашэнне прымаць пераканана. Варта прасіць дапамогі ў нашых мучанікаў для годнага выканання пастаўленай мэты дзеля большага дабра.

— І ніякіх выключэнняў пасля такога выбару ўжо быць не можа.

— Безумоўна. Без розніцы, з якой прычыны ладзіцца нейкае застолле, у якім вы прымаеце ўдзел. Спіртное на ім — не для вас. На перыяд абстыненцыі. Гэта канкрэтная форма духоўнага змагання, магчыма, трохі прызабытая.

— Ну і прызнайцеся, айцец Андрэй, ніколі не парушылі Вы свайго абяцання цвярозасці за гады абстыненцыі? 

— Было… Усяго я ў сваім жыцці шэсць гадоў трываў у абстыненцыі. За гэты час пару разоў спакусіўся, але потым са шкадаваннем перапрашаў Бога і зноў вяртаўся да сваёй пастановы. Мы ўсе слабыя, і рознае можа здарыцца. Важна не адступацца, але пасля таго, калі, напрыклад, здарыцца, што спакусішся на нейкі кілішак ці на бакал шампанскага, важна вярнуцца да ранейшай пастановы. Перапрасіць Пана Бога і вярнуцца. Вытрываць. А мне яшчэ дапамог у гэтай справе спорт, бо ўжыванне алкаголю ідзе ўразрэз са спортам. А калі чалавек хоча трымаць нейкую фізічную форму, то адступацца ўжо не варта.

— Словам, змаганне ідзе шырокім фронтам.

— Я ж тут не адкрываю нічога новага. Многія святары вельмі прынцыпова ставяцца да гэтай праблемы, не стамляюцца павучаць вернікаў. Невыпадкова і тое, што групы ананімных алкаголікаў, тых людзей, якія змагаюцца са злом п’янства, часта існуюць пры парафіях. Ведаю, што такія групы ёсць у Жодзіне, Барысаве, Оршы, у Мінску, Наваполацку, у іншых гарадах і вёсках. Я таксама хачу прапанаваць нашым мясцовым людзям стварыць такую групу пры касцёле. 

— Поспехаў Вам, ойча, у гэтай няпростай, але такой патрэбнай справе!

— Дзякуй! Словам: п’янству — бой!

***

Калі наша гутарка была ўжо падрыхтаваная, айцец Андрэй Сідаровіч распавёў, што ён ужо склаў у росіцкім касцёле свае абяцанні абстыненцыі ад алкаголю на ўсё жыццё. Шчыра жадаю яму вытрываць у гэтай высакароднай справе.

А яшчэ за гэты час здарыўся такі выпадак. На чарговае пахаванне, у часе якога сваякі памерлага не пажадалі адмовіцца ад ужывання алкаголю, айцы Андрэй і Часлаў адмовіліся паехаць. Людзі, на жаль, выбралі алкаголь, а не малітву на могілках.

Аб’явіў айцец Андрэй і аб стварэнні пры парафіі групы ананімных алкаголікаў. Запрасіў прыходзіць і парафіянаў, калі хто мае такія праблемы, і проста вяскоўцаў. На першую сустрэчу не прыйшоў ніхто. Айцец Андрэй сказаў, што будзе цярпліва чакаць. Маліцца і чакаць.


Гутарыла Ірына Жарнасек
Фота Элана Лыскова-Юсупава

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла