Ці веру? Або сімвал веры для мяне — пусты гук?

Нашыя продкі былі перакананыя, што праўда можа быць толькі адна. У дзяцінстве я асабіста не раз чуў гісторыі пра тое, як чалавек праўды шукаў. Сучасны чалавек не робіць сабе праблем з тым, каб дайсці да праўды. Ён выбраў іншы шлях: тое ці іншае сцвярджэнне можна назваць зручным словам «меркаванне».


Гэта слова зручнае па некалькіх прычынах. Найперш таму, што можна пазбавіцца абавязку шукаць праўду — дастаткова мець меркаванне. Па-другое, меркаванне не абавязкова абараняць — ніхто ж не прэтэндуе на беспамылковасць! А меркаванне заўсёды можа змяніцца па тых ці іншых прычынах, у залежнасці ад тых ці іншых умоваў. Ну і нарэшце, гэта проста бяспечна — ніхто не абвінаваціць у фундаменталізме, закасцянеласці і г.д.

Аднак недзе ўнутры такі чалавек будзе адчуваць няўпэўненасць, адсутнасць своеасаблівага ўнутранага стрыжня, які даў бы яму апору, на якой можна было б будаваць жыццё, адносіны, будучыню. Чалавек амаль здолеў адмовіцца ад праўды, але не можа нармальна жыць без веры.

Вызнанне веры падчас святой Імшы — гэта наш адказ на Божае слова, якое мы пачулі хвіліну таму ў чытаннях са Святога Пісання і ў гаміліі (пар. «Агульныя ўво­дзіны да Рымскага Імшала», 67).

Божае слова, якое мы чуем, — гэта не меркаванне, але праўда, якая паходзіць ад Бога. Гэта праўда, якую недастаткова прыняць выключна розумам. Праўда ад Бога патрабуе, каб мы зрабілі выбар: даць ёй месца ў нашым жыцці альбо па-за нашым жыццём.

Мы верым Божаму слову тады, калі жывем так, як навучае нас Хрыстус. Калі ж жывем інакш — абмяжоўваемся толькі дэкларацыяй веры.

Слова «сімвал», якое ўжываецца для азначэння гэтай часткі літургіі, мае вельмі старажытнае значэнне. Калісьці людзі, якія належалі да нейкай блізкай супольнасці, перад расставаннем дзялілі на часткі манету альбо іншы прадмет, пакідаючы кожнаму па частцы, і праз многія гады іх нашчадкі альбо блізкія маглі пры сустрэчы пацвердзіць прыналежнасць да гэтай супольнасці, прыкладаючы свой фрагмент падзеленай рэчы да іншых.

Сучасныя тэхналогіі да­зволілі б зрабіць падробку любога з такіх фрагментаў, але намнога горш, калі хтосьці жадае быць падробленым хрысціянінам, прамаўляючы Сімвал веры ўголас разам з іншымі, але не маючы намеру рэалізоўваць Божае слова ў сваім жыцці.


Ксёндз Уладзімір Русак
Фота Веранікі Скрабатун

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла