Ён лечыць нашы раны

Малітва ў нашым духоўным жыцці... Мы так часта наракаем, што Пан Бог не жадае адгукацца на нашы малітвы! Але ці заўсёды мы заўважаем, калі яны выслуханыя Ім? Ці спяшаемся тады дзякаваць Пану Богу за тое, што Ён пачуў нашы малітвы і адгукнуўся на іх? Гэтаму ўменню варта вучыцца. І адна з формаў падзякі — сведчанне. Калі мы дзелімся з іншымі тым, што Пан Бог чыніць у нашым жыцці, мы тым самым і дзякуем Яму, і праслаўляем цудоўныя Яго справы. Не будзем жа скупымі на падзяку і праслаўленне! Сёння сваім сведчаннем дзеліцца Тэрэза Шарафановіч з Наваполацка.


Хвала Хрысту!

Мяне завуць Тэрэза. Я нарадзілася ў каталіцкай сям’і, была ахрышчаная ў Каталіцкім Касцёле. Але працяглы час, калі ў нашай краіне панаваў атэізм, я не практыкавала веры, жыла, нібы проста плыла па цячэнні. Калі ж Пан Бог паклікаў мяне і я пайшла на гэты покліч, не перастаю радасна здзіўляцца Ягонай міласэрнасці, любові, цудоўнаму ўсёведанню пра нас, Ягоных дзяцей.

Цяпер я прагну пазнаваць нашага Бога праз малітву, святыя сакрамэнты, чытанне Божага слова. Я палюбіла Святое Пісанне. Шмат чытаю духоўнай літаратуры. Разумею, што мне трэба паспець навярстаць тое, што было страчана за тыя гады, калі я была далёка ад Касцёла, хоць не магу сказаць, што нават тады я была атэісткай. Думаю, не, бо ў кожнай складанай сітуацыі, праблеме я, як умела, прасіла Пана Бога ўвайсці ў тое, што я альбо мае блізкія перажываюць.

Думаю, гэта плён малітваў святой памяці маёй мамы. Яна была чалавекам моцнай веры. Калі ж яе не стала, я адчула сваю асірацеласць не толькі фізічна. Мне пачало не хапаць чагосьці вельмі важнага… Цяпер разумею, што мне пачало не ставаць мамінай малітоўнай падтрымкі. Менавіта тады, у чарговы раз прыйшоўшы ў касцёл па аплаткі на Божае Нараджэнне, Пан Бог праз словы святара вельмі моцна прамовіў да майго сэрца. З маёй душы нібы апала заслона. Я зразумела, што мушу кардынальна змяніць маё жыццё.

Так пачалося маё духоўнае адраджэнне. Я перажыла моцнае пакаянне, пачала жыць сакрамэнтальным жыццём. Але калі Пан Бог прыхо­дзіць да нас, Ён вельмі часта ле­чыць не толькі душу, але да­кранаецца таксама да сэрцаў тых, хто жыве побач з намі. Гэтаксама, як Езус увайшоў у дом начальніка мытнікаў Закхея, які дзеля таго, каб убачыць Езуса, не пасаромеўся залезці на смакоўніцу. А Езус узнагародзіў адвагу Закхея тым, што прыйшоў у ягоны дом і сказаў: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты» (Лк 19, 9).

Штосьці падобнае адбылося са мной і маімі роднымі. Пан Бог аздаравіў не толькі маю душу, але і душы дарагіх мне людзей. Раскажу падрабязней пра адзін выпадак.

Быў час, калі ў мяне склаліся няпростыя адносіны з маім сынам. Я не жадала прыняць ягоных поглядаў на жыццё, некаторых ягоных паводзінаў. А ён не хацеў разумець майго болю. Часам нашы размовы перарасталі ў спрэчкі. Адна такая спрэчка разгарэлася тады, калі сын сказаў, што ён хоча выехаць з нашай краіны. Я разумела, што цяпер многія шукаюць шчасця дзесьці далёка ад роднага дому. Я не асуджаю гэтых людзей — такі настаў час. Але тое, як паспешліва сын хацеў гэта зрабіць, і некаторыя нюансы ягонай задумы выклікалі ў мяне ня­згоду. Мы моцна пасварыліся. Сын паехаў з нашага дома ў Мінск, дзе ён тады жыў, не развітаўшыся, — як кажуць, бразнуў дзвярыма. Ці трэба казаць, як разрывалася ад болю маё сэрца? Тыя жанчыны, якія маюць дарослых дзяцей, мяне зразумеюць.

Група вернікаў з нашай парафіі збіралася ў тыя дні паехаць на аднадзённую духоўную сустрэчу ў Оршу, на «Вінаграднік». Паехала і я. Можа больш таму, што трэба было некуды сябе падзець.

Калі пачалася заступніцкая малітва, я падышла да двух святароў, коратка расказала ім пра сваю праблему і папрасіла аб малітве ў гэтай інтэнцыі. Мне было вельмі горка, я ледзьве стрымлівала сябе, каб не расплакацца пры людзях. Стала на калені — і пачалася малітва. Я чула асобныя словы святара, які маліўся і прасіў Пана Бога вярнуць майго сына ў родны дом. Пакрысе ў маю душу пачаў уваходзіць спакой… Я моўчкі прыслухоўвалася да гэтага новага адчування…

«Вінаграднік» скончыўся. Святар паблагаславіў нас усіх, і мы вырушылі дахаты. Як толькі села ў маршрутку, адразу ўключыла тэлефон, бо ўвесь дзень ён быў адключаны. За гэты час мне было шмат званкоў… ад майго сына. Але было вельмі позна, і я не стала перазвоньваць яму, вырашыла пачакаць да раніцы. Дзіўны спакой агарнуў мяне — я ўжо ведала, што гэтая справа знаходзіцца ў Божых руках.

Прыехала дахаты, ціхенька лягла і спакойна заснула. А раніцай выйшла ў калідор і аслупянела: на дыванку стаялі чаравікі майго сына — ён прыехаў уначы і паціху таксама лёг спаць. Мы абняліся так радасна, нібы не бачыліся шмат гадоў. Сын сказаў потым, што ён увечары клаўся ўжо спаць, але потым нібы нейкая нябачная сіла падняла яго з ложка. Ён зразумеў, што яму вельмі трэба сустрэцца са мной… Дык і паехаў дадому праз ноч.

Гэтая гісторыя — толькі адзін прыклад таго, як Пан Бог перавязвае нашыя раны, лечыць іх, атуляе сваім Айцоўскім клопатам. Мінулым летам я пайшла пілігрымам з Полацка ў Росіцу і ахвяравала гэты шлях за майго сына. Вельмі мяне вярэдзіла тое, што ён яшчэ не мае сваёй сям’і. Калі айцец Андрэй Сідаровіч тлумачыў нам, што такое абстыненцыя, што яе можна ахвяроўваць таксама за іншых людзей, я задумалася. Адно мяне стрымлівала: неўзабаве мы з мужам збіраліся паехаць у госці ў Францыю. Пабыць у Францыі і не пакаштаваць французскага віна?.. Але ж трэба вучыцца пераступаць праз спакусы! І я адмовілася ад ужывання алкаголю — на год. Скажу адразу: паездкі гэта мне не сапсавала! Я адчувала сябе вельмі добра. Гэтак жа, як і цяпер. Тым больш, што мой сын нядаўна заручыўся з вельмі добрай дзяўчынай…

За ўсё хвала нашаму Пану і Збаўцу!


Падрыхтавала Ірына Жарнасек

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней