Ці можа святар адмовіць у хросце дзіцяці?

Адным з найбольш радасных момантаў у жыцці хрысціянскай сям’і з’яўляецца хрост нованароджанага дзі­цяці. За многія стагоддзі дзейнасці Касцёла на Беларусі прыняцце сакрамэнту хросту стала неад’емнай часткай нашага жыцця. Нават у найбольш цяжкія часы пераследу за веру хрысціяне пакрыёма, рызыкуючы быць пакаранымі, шукалі магчымасці ахрысціць дзіця. У нашыя дні, калі вярнулася свабода веравызнання, можна гаварыць нават пра моду на тое, каб быць ахры­шчаным.


Некаторыя асобы, не маючы сур’ёзнай хрысціянскай свядомасці, глядзяць на хрост як на прыгожы народны звычай, абавязковы сямейны рытуал. Яны прыходзяць да святара, просячы аб хросце для дзіця, і як жа здзіўляюцца некаторыя, калі раптам чуюць ад духоўнай асобы пра нейкія патрабаванні і ўмовы, без выканання якіх дзіця не можа быць ахрышчанае. У такія моманты ўзнікаюць пытанні пра тое, ці можа святар хрысціць усіх без разбору, ці існуюць нейкія незалежныя ад волі душпастыра касцёльныя патрабаванні, ці ўсё ж такі ён вольны сам вырашаць, каго хрысціць, а каго не.

Кодэкс Кананічнага Права (ККП) Каталіцкага Касцёла выразна акрэслівае, пры якіх умовах дзіця можа быць ахрышчанае.

Існуюць дзве галоўныя ўмовы пры ўдзяленні сакрамэнту хросту дзіцяці:
1) неабходна згода бацькоў, або прынамсі аднаго з іх,
або тых, хто законна іх замяняе (апекуноў);
2) неабходна абгрунтаваная надзея на тое,
што дзіця будзе выхавана па-каталіцку.

Калі гэтыя ўмовы выканаць немагчыма, хрост павінен быць адкладзены згодна з устаноўленымі мясцовымі касцёльнымі нормамі, і аб гэтым павінны быць паінфармаваныя бацькі (пар. ККП, 868, § 1). Акрамя таго, «Уводзіны» да «Абраду хросту дзяцей» і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК) звяртаюць увагу на тое, што бацькі павінны належным чынам падрыхтавацца да свядомага ўдзелу ў сакрамэнце хросту дзіцяці. Усё гэта неабходна для таго, каб яны маглі выхаваць дзіця па-каталіцку, давесці да прыняцця наступных сакрамэнтаў і сапраўднага хрысціянскага жыцця (пар. ККП, 843, § 1, 851; ККК, 1255), а душпастыр павінен дапамагчы бацькам у падрыхтоўцы да сакрамэнту і падтрымаць іх у выкананні іх бацькоўскіх хрысціянскіх абавязкаў.

Касцёльнае Права дапускае хрост дзіцяці без волевыяўлення бацькоў толькі ў адзіным выпадку — калі яму пагражае смерць (пар. ККП, 868, § 2). Дабро вечнага жыцця ахрышчанага дзіцяці з Богам у такім выпадку лічыцца найважнейшым. Але ў звычайнай сітуацыі неабходная згода бацькоў. У выпадку, калі бацькі слаба практыкуючыя вернікі, але просяць аб хросце дзіцяці, святар павінен узяць ад іх выразнае абяцанне, што яны забяспечаць належнае выхаванне новаахрышчанага ў веры Касцёла.

Часам узнікае пытанне: чаму Касцёл ставіць у залежнасць ад бацькоў хрост дзіцяці? Чаму шчасце дзіцяці ставіцца ў залежнасць ад жадання бацькоў? Адказ на гэтыя і падобныя пытанні мы знаходзім, назіраючы за нашай штодзённасцю. У звычайным жыцці духоўна-маральны і матэрыяльны стан бацькоў моцна ўплывае на стан дзіцяці. Бацькі нясуць адказнасць за тое, як яны выхоўваюць сваё дзіця. Бог аддае гэтага маленькага чалавечка ў іх рукі, пад іх адказнасць. Яны закладваюць асновы яго веры, маралі, жыццёвых арыенціраў. І духоўнае жыццё дзіцяці тут не выключэнне (пар. ККК, 1251). Бацькі ня­суць адказнасць за тое, ці далі яны свайму дзіцяці дар хросту, ад якога залежыць, ці будзе яно вольнае ад першароднага граху, ці стане ўсыноўленым дзіцём Божым, ці ўвойдзе ў вялікую сям’ю Божых дзяцей у Касцёле, ці будзе яму адкрыты шлях да бясцэнных Божых дароў, магчымасцяў, шлях да Збаўлення (KKK, 1254). Бо хрост адкрывае брамы да ўсіх іншых сакрамэнтаў. Урэшце, ён адкрывае брамы да Неба.

Калі ж бацькі, у руках якіх знаходзіцца лёс дзіцяці, не маюць намеру выхоўваць яго ў веры, не жадаюць вучыць яго малітве, давесці да наступных сакрамэнтаў, то тады навошта яны просяць аб хрышчэнні? Дзеля моды? Дзеля звычаю? Кіруючыся забабонамі («каб было спакайнейшым», «каб добра спала» і да т.п.)?

Сакрамэнт — гэта занадта сур’ёзны дар, якім нельга гуляцца.
Таму святар можа адмовіць у хры­шчэнні дзіцяці, калі бачыць,
што бацькі не разумеюць, аб чым просяць,
што яны не жадаюць даць дзіцяці хрысціянскае выхаванне
.

Хрост у такім выпадку быў бы непаразуменнем, нават фарсам і здзекам з Божага дару. У часе абраду хросту святар, між іншым, за­дае бацькам выразныя пы­танні, на якія яны павінны даць ясны і шчыры адказ. Святар пытае: «Дарагія бацькі, просячы хросту для вашага дзіцяці, ці ўсведамляеце вы, што прымаеце на сябе абавязак выхаваць яго ў веры?» — «Усведамляем», — адказваюць бацькі. У далейшым абрадзе святар зноў задае ім пытанні, сярод якіх ёсць наступнае: «Ці выракаецеся граху, каб жыць у свабодзе дзяцей Божых?» — «Выракаюся», — адказвае кожны з бацькоў i хросных. А калі яны не жадаюць выхоўваць дзіця ў веры, не ўсведамляюць такой неабходнасці і жывуць у граху, ад якога не хочуць адрачыся, то што гэта значыць? Яны публічна падманваюць і намагаюцца падмануць Касцёл, каб вырваць падманам Божы дар. І ўсё гэта дзеля прыгожага абраду, звычаю, забабона, шоў. У такім выпадку святар нават абавязаны прапанаваць адкласці хрост і дапамагчы бацькам пераасэнсаваць сваё стаўленне да сакрамэнту, і тады шлях да хросту дзіцяці адкрыты. Тады перажыванне абраду хросту і прыняты сакрамэнт будуць цешыць усю сям’ю вялікімі духоўнымі пладамі (пар. ККК, 1255).

Існуюць таксама выпадкі, калі бацькі дзіцяці апынаюцца ў вельмі складанай маральнай сітуацыі, калі з-за нейкага граху на момант хросту дзіцяці нічога не могуць выправіць. Напрыклад, жывуць без шлюбу і маюць нейкую сур’ёзную перашкоду, каб прыняць сакрамэнт сужэн­ства, або жывуць у разводзе.

У выпадках, калі бацькі не могуць выправіць сваё жыццё,
каб даваць добры прыклад веры ў хрысціянскім выхаванні дзіцяці,
яны павінны зрабіць усё магчымае,
каб забяспечыць духоўны рост дзіцяці
незалежна ад іх асабістых праблемаў.

Дзіця не павінна пакутаваць за грахі бацькоў. Дзеці не нясуць адказнасці за тое,  што яны часам нараджаюцца не з кахання, не чакана, не ў сапраўдным сакрамэнтальным сужэнскім саюзе, не натуральным шляхам. Гэта ўсё грахі бацькоў. А дзіця, дадзенае Богам, заўсёды мае права на Бога і на Яго дары (пар. «Lumen gentium», 37).

Святар можа адмовіць бацькам у хросце дзіцяці толькі часова, пакуль яны не адкрыюцца на тое, каб даць свайму дзіцяці магчымасць расці з Богам, атрымаць каталіцкае выхаванне. І нават у такім выпадку святар гаво­рыць не пра адмову, а пра адкладванне хросту да часу, калі бацькі змогуць свядома прыняць на сябе абавязкі, вынікаючыя з хросту іх дзіцяці. Таму быць ці не быць хросту дзіцяці, залежыць у першую чаргу не ад святара, а ад хрысціянскай свядомасці бацькоў, ад іх жадання супрацоўнічаць з Божай ласкай.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Фота: KT2 Studio, Magda Drewnicka

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла