Цяпер мы працягнем нашую мінулую размову пра вобразы Бога і асабістыя адносіны з Ім. Уявіце: вось у нашым жыцці нешта адбываецца і мы пачынаем маліцца. Звычайна, молячыся ўпершыню, мы не думаем, каму молімся. Аднак Бог на гэтую першую адчайную малітву адказвае з дапамогаю нейкага знаку або нейкіх зменаў у сітуацыі. Ён робіць так, каб мы зразумелі, што гэта Яго адказ. Але пасля Бог хоча, каб мы ўступілі з Ім у адносіны, таму што Ён ёсць Любоў і Асоба, а не проста найвышэйшы Розум, дасканалы Абсалют. І менавіта таму, што Ён — Любоў і Асоба, Бог просіць нас аб адносінах. У першы раз Ён размаўляе з намі на нашай мове, каб мы пачулі Яго і зразумелі, а пасля пачынае паціху вучыць сваёй мове і не адказвае на нашыя просьбы, пакуль мы не задумаемся, каму молімся. Мы, аднак, здзіўляемся і крыўдуем: «А чаму Бог перастаў мяне чуць? Тады дапамагло, а цяпер — не…».
Дык якому ж Богу мы молімся? У Бібліі мы чытаем, што Ён ёсць Любоў, што Ён — Стварыцель і Айцец, што Ён міласэрны і справядлівы, што карае за зло і ўзнагароджвае за дабро. Мы чытаем гэта і пераносім на ўласны жыццёвы досвед. Калі гэты досвед горкі, нам цяжка ўсвядоміць, што Бог добры і Яму можна давяраць. Мы баімся каверзаў, асцерагаемся Яго падману. Гэта прымушае будаваць з Богам «афіцыйныя адносіны»: сустрэліся, вырашылі пытанне, развіталіся, а асабістае жыццё не мае нічога агульнага з гэтым. Богу гэтага недастаткова, Ён прагне, каб мы давяралі Яму, адкрывалі Яму сябе і свае раны, каб Ён мог і цяпер цаліць нас сваімі рукамі, як ацаляў хворых у евангельскія часы. Аднак наш горкі жыццёвы досвед і недавер, звязаны з ім, фармуюць у нас скажоны вобраз Бога, да якога страшна нават наблізіцца. Мне больш падабаецца казаць «дэманічны вобраз», бо ён абсалютна пярэчыць біблійнаму сведчанню і не дазваляе нам даверыцца Богу, стварыць асабістыя сувязі паміж Ім і намі.
Цяпер я хацела б распавесці пра самі дэманічныя вобразы бога — менавіта з маленькай літары, каб паказаць, што яны несапраўдныя. Іх шмат, магчыма, столькі ж, колькі і людзей, аднак ва ўсіх ёсць агульнае: бог як нячулая безасабовая сіла, якая адмоўна ставіцца да чалавека, кантралюе яго, імкнецца знішчыць. Гаварыць мы будзем пра 4 асноўныя вобразы.
Першы вобраз — гэта суддзя, які толькі карае
Прычым пакаранне прыйдзе, нібы сусветная касмічная катастрофа, і нішто і ніхто чалавека ад яе не ўратуе. Такога бога немагчыма ўміласцівіць, ён, як злая сіла, не глядзіць на нашую сітуацыю, матывацыю і перажыванні, а толькі напаўняе страхам. Чалавек баіцца, што будзе цяжка пакараны і за смяротныя грахі, і за дробныя памылкі — абсалютна за ўсё.
Такі вобраз узнікае, калі аўтарытэт, які выхоўвае дзіця, робіць гэта ў гіперсацыяльным русле. Атрымліваецца, што дзіця павінна жыць дзеля патрэбаў грамадства: выдатных школьных адзнакаў, добрай ацэнкі іншых людзей, высокіх сацыяльных мэтаў. Проста расці, развівацца, радавацца жыццю нельга, і сама асоба дзіцяці не мае ніякага значэння.
Бог смерці
Наступны дэманічны вобраз — бог смерці, які знішчыць чалавека, незалежна ад яго імкненняў да святасці і дасканаласці, яго руплівасці і высілкаў. Ён хоча смерці чалавека і не дае шанцаў жыць.
Гэты вобраз ствараюць вельмі сур’ёзныя і глыбокія праблемы. Па-першае, гэта такія страшныя моманты з мінулага, як інцэст (і фізічны, і псіхалагічны), жорсткія пакаранні і здзекі. Па-другое, калі бацькі праклінаюць дзіця, у ім закладаецца стэрэатып: «Я не маю права жыць, таму мушу быць знішчаны». Атрымліваецца, што бацькі даюць дзіцяці жыццё з мэтаю пасля яго адабраць. Асабліва моцны стэрэатып, калі чалавека праклінаюць у малым узросце, калі бацькі не прымаюць існавання дзіцяці, лічаць яго непатрэбным цяжарам ад самага пачатку: жаданне зрабіць аборт, успрыманне цяжарнасці як хваробы, страшныя роды, праблема выхаваць… Дзіця заўжды нібы перашкода для іх.
Трэці вобраз — гэта бог поспехаў і дасягненняў
Ён, магчыма, і дапаможа, але выставіць такія патрабаванні, што ім ніхто не зможа адпавядаць. Дзеля нейкай мэты Ён гатовы ахвяраваць чалавекам. Гэты бог узнагароджвае і праяўляе любоў толькі тады, калі чалавек робіць нешта гераічнае, сапраўдны подзвіг. Інакш ён не прыйдзе на дапамогу, не падтрымае і не падбадзёрыць.
Гэты вобраз з’яўляецца тады, калі бацькі прад’яўляюць дзіцяці завышаныя патрабаванні. Вучыцца — толькі на «выдатна», ва ўсім слухацца, усё рабіць як скажуць. Трэба раўней хадзіць, трымаць спіну, выпрацоўваць лепшы густ. Што б дзіця ні зрабіла, гэта будзе недастаткова добра: «нічога ў цябе не атрымаецца». У эмацыйным плане завышаныя патрабаванні таксама вельмі небяспечныя. Калі ў маленстве бацькі не часта песцілі дзіця — рэдка бралі на рукі, абдымалі, цалавалі, — тады, вырастаючы, яму вельмі цяжка самому праяўляць цёплыя эмоцыі, у тым ліку і да бацькоў.
І апошні дэманічны вобраз — гэта бог-міліцыянт або бог-бухгалтар
Яму можна маліцца і можна чакаць ад яго дапамогі, але ён усё трымае пад кантролем, уважліва сочыць за ўсімі ўчынкамі, усё падлічвае і ўсё бачыць наскрозь. Калі я не дапускаю правінаў, усё добра, але варта толькі памыліцца, адразу прыйдзе пакараннне. І чалавек заўжды жыве пад пагрозаю гэтага пакарання, якое навісае над ім, як сякера.
Гэты вобраз ўзнікае тады, калі бацькі да дробязяў кантралявалі дзіця і кожная ініцыятыва з яго боку забаранялася. Дзіця толькі выконвае загады, нічога больш. Часам маці не можа супакоіць дзіця і кажа: «Вось прыйдзе тата, усё яму раскажу». Тата прыходзіць, даведваецца пра дрэнныя паводзіны дзіцяці (сам не быўшы гэтаму сведкам) і карае яго. Вобраз такога аўтарытэта-міліцыянта пазней пераносіцца на аўтарытэт бога.
Мы разгледзелі з вамі скажоныя, дэманічныя вобразы, якія ў пэўнай ступені існуюць у свядомасці кожнага чалавека. Сур’ёзна падыходзячы да веры і сутыкаючыся з такімі вобразамі, мы задаем слушнае пытанне: што рабіць? Пераадольваць сябе і проста маліцца, спадзеючыся, што ўсё само неяк выправіцца, — бессэнсоўна. Мы прыходзім да Бога праз цуд веры (можна атрымаць яе як нечаканы дар, а можна прыйсці да яе шляхам доўгіх развагаў і пошукаў, але ўсё адно вера — гэта цуд), а развіваць адносіны з Ім — гэта ўжо праца.
Перш за ўсё трэба даць сабе права на існаванне і месца ў гэтым жыцці, права быць сабою, мець годнасць. Гэта першы этап, які дапаможа нам адкрыцца для сапраўднай малітвы, адчуць Бога і пачуць Яго словы: ёсць мая асоба і Яго Асоба, мы разам. Пасля трэба разгледзець свае адносіны з бацькамі, не вельмі глыбока, а нібы збоку, каб зразумець, які вобраз аўтарытэта склаўся ў нас па прыкладзе бацькоў. Не трэба імкнуцца вышукваць адмоўныя бакі, абвінавачваць — пастарайцеся быць аб’ектыўнымі. Акрэсліўшы гэты вобраз, трэба ацаніць, колькі ў нашых адносінах да Бога страху, параненасці, несвабоды. Мы не ў адзін момант зможам рашыцца прыйсці да Яго, магчыма, крокі да сапраўднай сустрэчы будуць павольныя: узгадайце той момант з казкі Экзюперы, калі Ліс вучыць Маленькага прынца ўменню прыручаць — не ў адно імгненне, а вельмі асцярожна і павольна. І толькі наблізіўшыся да Бога, зняўшы ўсе маскі, даверыўшыся Яму, мы зможам шчыра сказаць: «Вось тут мне баліць, ацалі гэта ўва мне: маё сэрца, маю пыху, маю агрэсію і г.д…». Тады ў нас атрымаецца быць разам з Ім, перажыць сапраўдную сустрэчу з Богам.
Я прапаную вам зрабіць такое духоўнае практыкаванне
Яшчэ раз прачытайце ўрывак з кнігі прарока Осіі (11, 3–4) і паразважайце над ім. Каб задзейнічаць уяўленне, уявіце такі вобраз: ваш бацька сядзіць на крэсле або на канапе, а вы — як дзіця 5–7 гадоў — караскаецеся да яго на калені, абдымаеце, і ён вас абдымае. Паспрабуйце зразумець, якія пачуцці ў вас нараджаюцца. Можа, варта толькі ўявіць гэты вобраз, і хочацца бегчы ад яго як мага далей? Можа, вам цяжка ўявіць свайго бацьку, бо вы яго не ведаеце, і ўзнікае пытанне: да каго лезці на калені? Можа, вы баіцеся? Паўтарыце тое самае, толькі ўявіце сябе ўжо ва ўзросце 12–13 гадоў, і таксама звярніце ўвагу на свае пачуцці. Збярыце пачуцці, якія ў вас узніклі, і ўсю гэтую «кашу» проста аддайце Богу, не думаючы, што будзе пасля, цалкам Яму даверыўшыся.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF