Вялікая моц Яго Крыві

Усе мы – вучні Хрыста, а значыць мусім сведчыць пра Яго, мусім дзяліцца тым, як Ён дзейнічае ў нашым жыцці, нашай гісторыі. Евангелле пашыраецца па свеце не толькі дзякуючы місіянерам, святарам, манахам, але таксама і дзякуючы сведчанню звычайных вернікаў. І таму нам так важна сведчыць: сярод нашых сяброў і знаёмых, сярод тых, хто нас добра ведае, а таксама і сярод не знаёмых нам людзей. Часопіс - добры сродак для сведчання менавіта сярод знаёмых і незнаёмых. Дык давайце выкарыстаем гэты сродак!

Сведчанне Вольгі Румянцавай з Гродна:

Хвала Хрысту! Мяне завуць Оля. Я хачу зрабіць сведчанне пра дабрыню, любоў і міласэрнасць, якую Пан Бог праявіў у маім жыцці і ў жыцці дарагога для мяне чалавека – маёй мамы.

Для мяне Езус – гэта жыццё. Ён заўсёды прыходзіць да нас у патрэбны час. У Яго няма «ўчора» і «заўтра». У Яго ёсць толькі «сёння», і менавіта сёння Ён пытаецца ў мяне і ў цябе: «Хто Я для цябе сёння, цяпер, у гэтую хвіліну?». Езус прагне нашай любові. А мая душа прагне Пана Бога, нібы паветра. І іншага жыцця я для сябе ўжо не магу ўявіць.

…Мая мама была на час тых падзеяў, пра якія я расказваю, верніцай. Яна практыкавала веру, хадзіла ў касцёл. Але часам у жыцці верніка Бог дапускае спакусы, магчыма, для таго, кааб ён яшчэ больш умацаваўся ў веры. Думаю, што нешта падобнае адбылося і з маёй мамай. Прыйшоў час, калі яна засумнявалася ў прысутнасці Езуса ў жыцці кожнага чалавека, у Яго прысутнасці ў святой Камуніі і ў Яго смерці на крыжы за людзей. Яна запытала тады ў мяне: «Оля, а ці ёсць Езус насамрэч? Можа Яго выдумалі? І ці аддаў Ён сваё жыццё за нас на Крыжы?».

Памятаю, я старалася пераканаць маму ў тым, што Езус – гэта Жывы Бог, што Ён прыйшоў на зямлю і памёр на крыжы, кааб збавіць усіх нас. Памятаю, казала, што Ён – гэта сама Любоў.

Мне было вельмі горка і балюча, бо мая мама перажывала такія моцныя сумненні.

У хуткім часе пасля той размовы мама трапіла ў бальніцу, яна захварэла на сальманэлёз. Яе стан быў цяжкі. Печань і ныркі не спраўляліся з хваробай, пачаўся вельмі сур’ёзны крызіс. Маму забралі ў Брэст, дзе да яе падключылі аппарат штучнай ныркі. Мая мама была на мяжы жыцця і смерці.

А я тады жыла ў Гродне. Памятаю, сабралася неяк ехаць у Брэст да мамы. Не ведаючы, куды сябе падзець ад гора, што звалілася на мяне, раніцай наступнага дня я пайшла ў касцёл. Пайшла, стала пад крыжам, глядзела на Езуса, плакала, а проста з сэрца вырывалася такая малітва:

«Езу! Дай маёй маме сваю Кроў! Памры за яе яшчэ раз! Давяраю Табе на мяжы цуду!». Сама не ведаю, як нарадзілася ўва мне такая малітва, але дакладна памятаю ўсе гэтыя словы.

На наступны дзень я прыехала ў Брэст і адразу з вакзала паехала да мамы ў бальніцу. Я ўбачыла маю маму, моцна схуднелую, змучаную. Але на яе твары была… усмешка! Яна сказала мне: «Дачушка, я не памру. Мне сёння Езус даў сваю Кроў. Я не магу Яго падвесці». Я адразу прыгадала сваю ўчарашнюю малітву. Але ж яе ніхто нечуў! Апроч Езуса… Я запытала: «Як Ён даў табе сваю Кроў?».

І тады мама расказала, што на світанні, недзе каля чатырох гадзін раніцы, яна ляжала пад кропельніцай і раптам убачыла побач са сваім ложкам крыж з распятым на ім Езусам. Мама казала, што Езус быў вельмі прыгожы, але ўсё Ягонае цела было зраненае і скрываўленае. Яго рукі і ногі былі прыбітыя да крыжа чатырохграннымі іржавымі цвікамі, а на Ягонай галаве быў страшны вянок з церняў. Мама сказала, што яна ўбачыла ўсё гэта і пачалакрычаць: «Езу, міленькі, не пакутуй Ты з­-за мяне ажно так моцна! Ты ж так пральеш усю сваю Кроў! Дазволь, я здыму Твой цярновы вянок!». А Езус сумна паглядзеў маме ў вочы, падняў галаву, паглядзеў у неба, уздыхнуў і… памёр. Шыпы церняў яшчэ глыбей упіліся ў Яго галаву, а з ранаў пацякла густая пунсовая кроў. Яе было так шмат, што мама бачыла, як яна залівае яе пасцель.

Яшчэ, казала мама, яна ўбачыла тады пад крыжам Марыю ў белай сукенцы з блакітным поясам. Ад Яе рук адыходзілі промні, якія пранізвалі крыж і маму. Марыя працягнула да мамы рукі і сказала: «Уставай. Ідзі». Потым мама ўбачыла, як у палату заляцела шмат птушак. Адна галубка села ёй на грудзі і глядзела проста ў вочы. Потым усё знікла, і мама ўбачыла каля свайго ложка дактароў і медсясцёр. Яны глядзелі на яе і маўчалі. Мама пачала ў іх пытацца: «А дзе Езус? Куды падзелася Ягоная Кроў, што была на маёй пасцелі? Аддайце мне, гэта Ягоная Кроў! Ён памёр за мяне!».

Дактары падумалі, што ад болю мама пачала трызніць. Але мама з тых хвілінаў пачала выздараўліваць, і праз месяц яе выпісалі з бальніцы. Яна стала часта хадзіць у касцёл, часта прымала святую Камунію.

У тыя дні Езуса цаліў не толькі маму, але і мяне, маё сэрца. Я вельмі моцна палюбіла сваю маму і як бы адкрыла яе для сябе наноў.

Няма межаў маёй радасці і вялікай удзячнасці Пану Богу. Я берагу ў сэрцы ўсе гэтыя падзеі і часам расказваю пра іх людзям, кааб яны не сумняваліся, а моцна верылі ў тое, што Езус жыве і дзейнічае ў нашым штодзённым жыцці. Ён ёсць ва ўсіх нашых радасцях і бедах. Ён усё ведае пра нас.

Мама адышла з гэтага свету праз 14 гадоў пасля тых падзеяў. Я веру, што яна з’ядналася з Езусам у вечнасці, бо наш Бог поўны любові, міласэрнасці і спачування да нас.

Нястомна дзякую Табе, Езу, усім сваім сэрцам! Ты гэта ведаеш, Пане…


Твая Оля

Падрыхтавала Ірына Жарнасек

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла