Цяжарнасць і роды

Беларусы называюць жанчыну, якая чакае дзіця, цяжарнай. Зразумела, што вынасіць дзіця — гэта цяжар, як фізічны, так і псіхалагічны. Але ў каталіцкай супольнасці пра такіх жанчын прынята казаць «у благаслаўлёным стане», акцэнтуючы ўвагу на яе вялікую цудоўную місію ў перадачы жыцця. Ці лягчэй веруючай жанчыне ўспрыняць і перажыць цяжарнасць і роды? Папросім паразважаць пра гэта Вольгу Голуб з Гомеля, доўлу, кансультанта па грудным кармленні, маці чацвярых дзетак.


— Вольга, раскажыце, чаму Вы вырашылі прафесійна заняцца дапамогай цяжарным жанчынам, суправаджэннем іх у родах?

— У мяне музычная адукацыя (домра). 16 гадоў жыцця прысвяціла музыцы. Падабалася быць на сцэне, быць з людзьмі, вельці цікавіла музычная псіхалогія і педагогіка. Разумела, што калі і буду чым займацца па жыцці, то нечым творчым. Пасля таго як з’явілася сям’я і першае дзіця, а затым і другое, настаў час перагледзець свой далейшы занятак. Сама як маладая мама сутыкнулася са шматлікімі праблемамі і пытаннямі па доглядзе за дзіцем, наладжванні груднога кармлення. І калі мы здолелі наладзіць яго з кансультантам, я таксама захацела дзяліцца такімі ведамі і навыкамі з іншымі і распачала навучанне на курсах кансультантаў па грудным кармленні.

Якраз у гэты час пробашч нашай гомельскай парафіі прапанаваў нам ехаць на сустрэчу, прысвечаную праблемам сем’яў. Гэта была так званая «Школа нараджэння», якую тады (8 гадоў таму) і цяпер арганізуе Рада па справах сям’і. Там вучаць менавіта падрыхтоўцы да родаў, разнастайным псіхалагічным і фізічным практыванням. З тых курсаў мы з мужам прыехалі з вялікім жаданнем арганізаваць падобнае ў Гомелі. Тады нас падтрымаў пробашч, даў памяшканне. І цікава, што ўжо ў той час да нас прыходзілі ў асноўным не каталічкі, магчыма, таму, што мы рабілі рэкламу ў інтэрнэце. Пасля ў нас нарадзілася трэцяе дзіця і не стала фізічнай магчымасці праводзіць такія курсы, але мы пачалі арганізоўваць іх у інтэрнэце. Запісалі семінары, напісалі дапаможнікі, право­дзілі і праводзім семінары ў інтэрнэце. З цягам часу стварылі свае курсы, ужо асобна ад парафіі, арганізуем разнастайныя сустрэчы для цяжарных жанчын і сем’яў.

Пасля нараджэння нашага чацвёртага дзіцяці і прысутнасці аднойчы на родах сваёй знаёмай я зразумела, што магу быць доўлаю — памочніцаю, якая суправаджае жанчыну ў родах. У ЗША і Еўропе гэта з’ява даўно распаўсюджаная. Нядаўна я скончыла дыстанцыйнае навучанне на доўлу. Мінулым летам і восенню я была памочніцаю ў некаторых жанчын і бачу, наколькі важна мець гэтую падтрымку ў раддоме. Але на практыцы пакуль не ўсё так проста, ёсць шмат нюансаў. Паглядзім, што будзе далей.

— Раскажыце, наколькі важ­ны разнастайныя аспекты падрыхтоўкі да родаў для спакойнага іх перажывання?

— Так ці інакш жанчына будзе рыхтавацца да родаў. Тут няма канкрэтнага рэцэпту: у кожнай жанчыны свой шлях падрыхтоўкі. Магчыма, камусьці будзе дастаткова інфармацыі з інтэрнэту, чытання артыкулаў, размоваў у асабістым асяроддзі. Для кагосьці патрэбны курсы ці сустрэчы. Выбар залежыць ад таго, чаго чакае цяжарная мама ад родаў, як сабе іх уяўляе.

У любым выпадку ўсе цяжарныя жанчыны актыўна шукаюць інфармацыю, але часам сустракаюцца з іншай праблемаю: інфармацыі зашмат і пытанне ў тым, каму варта давяраць, а каму не. Трэба ўважліва гля­дзець, хто аўтар, бо ў гэтай праблеме шмат разнастайных філасофій, вераванняў, язычніцтва. І, бясспрэчна, у гэтай важнай справе мне лягчэй давяраць спецыялістам хрысціянам.

Для мяне галоўнае, каб жанчына, якая звярнулася па дапамогу, гэтую дапамогу атрымала, каб яна мела ўпэўненасць у сваіх сілах, узяла ад мяне патрэбную інфармацыю, а потым ужо сама вырашала, выкарыстае яна яе ці не. Я магу толькі дапамагчы прыняць рашэнне, але гэтае рашэнне жанчына павінна прыняць сама (напрыклад, дзе нараджаць, з кім і інш.). На курсах я паказваю, як можна перажываць боль, вучу розным тэхнікам дыхання, масажу, іншым тэхнікам раслаблення, але жанчыне самой вырашаць, карыстацца гэтымі ведамі ці не. Каб зрабіць такі выбар, варта прымерыць на сябе сітуацыю родаў, паспрабаваць перажыць яе, валодаць рознай інфармацыяй, адчуваць і ведаць сваё цела.

У плане псіхалогіі нашыя заняткі вельмі простыя: гэта пераадольванне страхаў, свое­асаблівае псіхалагічнае перажыванне родаў, зносінаў з дзіцяткам, пазітыўны настрой. Я не псіхатэрапеўт, і таму, калі бачу, што жанчыне патрэбна больш грунтоўная псіхалагічная дапамога, раю звярнуцца да адпаведнага спецыяліста.

— У чым заключаецца духоўны аспект перажывання цяжарнасці, родаў і мацярынства?

Роды — гэта яшчэ і момант, калі можна прыйсці да Бога. Я сама больш наблізілася да Бога, калі зацяжарыла, бо гэта пытанне жыцця і смерці. І пачынаецца яно з таго моманту, калі жанчына хоча зацяжарыць. Часта ўжо на гэтым этапе людзі сутыкаюцца з тым, што яны не ўсёмагутныя, што іх планы абсалютна не маюць ніякага значэння, асабліва калі жанчыны не могуць зацяжарыць.

На курсах мы расказваем, як адбываецца зачацце, гаворым пра тое, што жыццё — гэта Божы дар. Ёсць шмат выпадкаў, калі бацькі ўжо самі разумеюць, што атрыманы дар — гэта цуд. Але ў той момант, калі мы разумеем, што не можам нічога зрабіць, важна быць пакорнымі. У перыяд цяжарнасці, асабліва калі распачынаюцца разнастайныя праблемы, веруючыя жанчыны лепш разумеюць, што нічога не могуць зрабіць, як толькі любіць гэтае дзіця, прымаць усё як ёсць і спадзявацца на Бога, і тады ўсё будзе добра. Гэта шлях да пакоры і прымання. Калі навучышся гэтым цнотам, то табе значна лягчэй будзе ў родах, бо яны непрадказальныя, немагчыма нічога гарантаваць. І пытанне ў тым, ці прымаеш ты любы сцэнар і любы вынік родаў.

Гэта, канечне, прасцей зразумець менавіта веруючым людзям. Для мяне асабіста перад родамі важна настроіцца на дыялог з Богам, ска­заць: «я ў Божых руках», «няхай Твая станецца воля». І гэта не абыякавы позірк на роды, бо калі навучышся усё прымаць, то адпадзе палова страхаў. Таму жанчынам, якія знаходзяцца ў цеснай сувязі з Богам, лягчэй перажываць складаныя моманты, бо хрысціяніну прасцей перажываць хваробы, боль, а роды — гэта таксама боль.

— Чым могуць дапамагчы блізкія людзі ў духоўным перажыванні цяжарнасці і родаў?

— Як мінімум, проста падтрымкаю, але і суперажываннем, малітваю. Калі жанчына належыць да пэўнай касцёльнай супольнасці, то і яна можа дапамагчы ёй сваёй сумеснай малітвай і патрымкай аднадумцаў, якія ведаюць і вераць, што дзіця — гэта Божы дар і на ўсё Божая воля.

Часта і ў нашых сямейных вячэрніх малітвах мы молімся за ўсіх цяжарных жанчын, з якімі сустракаемся, ці за тых, хто ўжо знаходзіцца ў працэсе родаў, ці перажывае пэўныя праблемы.

— Ці дапамагае Вам самой у гэтай працы-служэнні вера ў Бога?

— Я даўно думала пра сваё пакліканне, асабліва калі толькі распачала займацца з цяжарнымі, з маладымі маці, то пыталася ў Бога, у сябе: ці тое гэта, чым мне варта займацца? Гэты пошук фактычна працягваецца і цяпер, але ўжо ў іншым ракурсе. Я ўжо разумею, што гэта мая справа, але пытанне цяпер у тым, як гэта лепш рабіць, як усё павінна выглядаць. Ці варта, напрыклад, быць доўлаю ці лепш прысвяціць гэты час сваёй вялікай сям’і. Самае складанае для мяне пытанне — ясна ўбачыць Божую волю. А калі я бачу яе, то перашкодаў ужо няма.

Тое, у што верыш, так ці інакш адлюстроўваецца ў тым, што ты кажаш. І, нягледзячы на тое, што да нас на курсы пры­ходзяць і няверуючыя, і слабаверуючыя, усё адно я кажу пра самае галоўнае: прыманне Божай волі і разуменне, што ёсць справы, на якія мы амаль не ўплываем. І пра тое, што цяжарныя жанчыны — ужо маці, бо дзіця, якое яны носяць пад сэр­цам, ужо існуе. І такія простыя словы маюць сваё дзеянне.

— Якія парады будучым мамам хрысціянкам Вы дасце? Як больш духоўна перажыць складаныя моманты цяжарнасці?

— Я рада, што гэты матэрыял будуць чытаць хрысціянкі, бо на курсах не заўсёды магу ўсё сказаць, не ўсе зразумеюць. Калі я кажу пра змаганне са страхамі, то ў нас, хрысціянаў, перш за ўсё, ёсць давер Богу, а Бог выбавіць ад гэтых страхаў. Важна разумець, што дзіця і мацярынства — гэта вялікі дар і яго не трэба баяцца. А каб не баяцца, неабходна добра разумець сваю слабасць, быць пакорнаю, аддаваць усё Божай волі і сапраўды давяраць Богу як добраму Айцу, які «дасць нам усё, што ні папросім». Бо Ён хоча для нас толькі дабра. Варта старацца бачыць і прымаць Божую волю, і тады ўсе нашыя цярпенні абавязкова будуць мець добры плён, бо зачацце, цяжарнасць і роды — гэта «гісторыя» не пра эгаізм, а пра ахвяру самой сябе.


Гутарыла Святлана Жылевіч

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла