«Хвала Табе, Пане...»

Кульмінацыйным момантам пракламацыі Божага слова падчас святой Імшы з’яўляецца чытанне Евангелля — сэрца ўсяго Святога Пісання, галоўнага сведчання жыцця і вучэння нашага Збаўцы Езуса Хрыста (пар. DV 18). 


Евангелле (ад грэч. εὐαγγέλιον) – гэта Добрая Навіна пра Бога, які прыняў чалавечае цела, раздзяліў з намі нашае зямное жыццё і загаварыў з намі нашай чалавечаю моваю. Евангелле — гэта слова, якое прамовіў і надалей прамаўляе Бог, каб узняць чалавека, пры­гнечанага грахом, уласным ці чужым. Гэта слова, якое не застаецца толькі гукам, але мае працяг у аздараўленнях, уваскрашэннях і перамозе над смерцю на крыжы.

Касцёл падчас літургіі прапануе вернікам пераказ Добрай Навіны паводле чатырох Евангелістаў: Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Евангелле паводле Мацвея, Марка і Лукі вернікі чуюць на працягу нядзеляў трохгадовага цыклу альбо на працягу аднаго года, калі прыходзяць у касцёл у будні. Чытанне Евангелля паводле св. Яна прызначана на апошнія тыдні Вялікага посту і Велікодны перыяд, а таксама на некаторыя нядзелі году і ва ўспамін святых. Невялікія ўрыўкі з Евангелля дазваляюць лепш засяродзіцца на пачутым слове. З другога боку, наяўнасць некалькіх евангельскіх пераказаў дапамагае нам заўважыць шматграннасць і багацце Божага слова.

Сярод усіх элементаў лі­тургіі слова менавіта Евангелле Касцёл надзяляе асаблівай пашанай. Ужо з IV стагоддзя Евангелле падчас літургіі маглі чытаць толькі дыякан, святар і біскуп. У V–VII стагоддзях з’явіўся звычай пераносіць кнігу Евангелля на амбону ў працэсіі, выкарыстоўваючы пры гэтым свечкі і дымячую кадзільніцу. З IX стагоддзя «служыцелі, вызначаныя для яго абвяшчэння, благаслаўляюцца святаром альбо рыхтуюцца праз малітву» (Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, 60).

У адрозненне ад чытання іншых урыўкаў са Святога Пісання як Старога так і Новага Запавету, калі вернікі могуць сядзець, падчас абвяшчэння Евангелля трэба ўставаць. І гэта не толькі праяўленне ўшанавання Евангелля: у гэтым выпадку стаянне азначае гатоўнасць дзейнічаць, рэалізоўваць пачутае слова ў сваім жыцці. Пацвярджэннем гэтай гатоўнасці з’яўляецца знак крыжа, які мы робім на чале, на вуснах і на грудзях, вымаўляючы словы «Хвала Табе, Пане» на пачатку чытання Евангелля. Гэтае трайное пазначэнне сябе знакам крыжа азначае нашае прагненне прымаць Божае слова розумам, захоўваць яго ў сваіх сэрцах і пераказваць гэтую каштоўнасць свайго жыцця іншым людзям.


 Ксёндз Уладзімір Русак

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла