Вобраз Бога

Мы будзем размаўляць пра тое, чаму ў нас не складваюцца асабістыя адносіны з Богам, адкуль у нас бяруцца скажоныя вобразы Бога і як пераадолець гэтае стэрэатыпнае бачанне, таму што сапраўдны Бог не адпавядае людскім стэрэатыпам.


Як у нашым уяўленні ўзні­каюць вобразы людзей і па­дзеяў? Мы, замест таго, каб успрымаць людзей такімі, якія яны ёсць, нібыта пера­ствараем сяброў і знаёмых па сваім разуменні, па сваім падабенстве, і гэтак жа інтэрпрэтуем розныя сітуацыі: «мне так падалося», «я так пачуў», «я так убачыла». 

Вобраз Бога залежыць ад выхавання

На Бога мы таксама гля­дзім своеасабліва, ствараючы «свой» Яго вобраз. Бог — гэта аўтарытэт, і мы ўспрымаем аўтарытэт так, як навучыла жыццё. У першую чаргу, на гэтае ўспрыманне ўплываюць нашыя бацькі, бо яны становяцца першым і безумоўным аўтарытэтам для кожнага дзіцяці. Пасля вобраз аўтарытэта пераносіцца на настаўнікаў, а калі чалавек свядома прыходзіць да веры — на Бога. Гэта звычайны псіхалагічны працэс, яго не пазбегнуць. Тое, як мы бачым Бога, у многім залежыць ад таго, як склаліся нашыя адносіны з бацькамі.

Часам псіхолагі сцвяр­джаюць, што калі бацькі не перадалі дзіцяці любові, даверу, іншых агульначалавечых каштоўнасцяў, яно, падросшы, не можа выпрацаваць іх у сабе самастойна. Гэта ня­праўда, жыццё паказвае шмат адваротных прыкладаў. Гэткая ж ня­праўда, што чалавек не можа знайсці сапраўднага Бога, калі ў яго сям’і не было цёплых, сардэч­ных адносінаў з бацькамі. Насамрэч Бог, даючы нам ласку веры і ласку сустрэчы з Ім, не глядзіць на адносіны ў нашых сем’ях, і якія б душэўныя раны мы ні атрымалі, як бы мала нас ні любілі ў дзяцінстве, кожны можа пабудаваць свае шчаслівыя адносіны з жывым Богам.

Пакуль мы маем адносіны не з самім Богам, а з Яго вобразам, які стварылі ў сваім жыцці, мы можам быць вернымі Яго запаве­дзям, і гэта добра, але разам з тым мы ніколі не наладзім асабістага кантакту з Ім, не паглядзім Яму ў вочы.

Праверыць, які ў мяне вобраз Бога

Які ж вобраз Бога ствараецца ў нас? Станоўчы ён ці адмоўны? Гэта можна лёгка праверыць. Трэба звярнуць увагу на тое, якія пачуцці і думкі ўзнікаюць у нас, калі мы чытаем або чуем, што неабходна аддаць сваё жыццё (або жыццё блізкага чалавека) Богу. Хутчэй за ўсё, мы адразу настроімся на тое, што, аддаўшы Богу сваё жыццё або нейкую яго частку, мы атрымаем пакуты і праблемы, і Бог адразу дасць нам нейкі крыж. Часта мы ставім знак роўнасці паміж «аддаць сябе Богу» і «пакутаваць», успрымаем гэта амаль як сінонімы. Гэтак жа мы глядзім і на кансэкраваных асобаў: «Бедныя, яны ад усяго адмовіліся, ахвяраваліся, крыж на сабе паставілі!». Мы амаль ніколі не думаем, што, аддаўшы Богу жыццё, мы атрымаем, нарэшце, шчасце і сапраўдную радасць. Чаму? Рэч у тым, што мы па-сапраўднаму не верым Богу, не верым, што Ён жадае нам дабра. Нам цяжка давяраць, нам заўжды хочацца кантраляваць сітуацыю, і мы просім: «Божа, дапамажы, але рабіць і кан­траляваць усё я буду сам!». А між тым, адным з прынцыпаў святога Ігнацыя Лаёлы было: «Ніколі адзін» — жыццё, апостальства, служэнне, усё разам з Богам.

Безумоўная любоў - гэта як?

Апроч усяго, наш жыццёвы досвед любові часта адмоўны. Чалавечая любоў недасканалая, бо яна ўмоўная. Мы задаем сабе і іншым пытанне: «А за што яго, яе, мяне любіць?». А сапраўдная любоў — безумоўная, і існуе толькі ў Бога, які ёсць Любоўю вечнай. Мы таксама часам умеем любіць без умоваў і быць гэтым «я ёсць любоў», толькі доўжыцца гэта секунд пяць, а пасля зноў узнікаюць умовы і абставіны. Не спазнаўшы ў жыцці безумоўнай любові, мы, нават калі пачынаем адчуваць любоў Божую, не можам ёй паве­рыць. Гэта ж вельмі падазрона, так не бывае, дарма нічога не атрымаеш, усё ў жыцці трэба заслужыць, і любоў у тым ліку. Сапраўдны Бог не адпавядае вобразу, які мы ствараем, не адпавядае нашым стэрэатыпам, і гэтага мы не можам прыняць.

Бог жывы

Па-першае, мы забываемся, што наш Бог — жывы, Ён ёсць цяпер, Ён — рэальная Асоба, а нашыя малітвы да Бога часам гучаць так, быццам мы звяртаемся да нябожчыка. Быццам некалі, больш за дзве тысячы гадоў таму, Хрыстус хадзіў, гаварыў, нешта рабіў на зямлі, а сёння ўжо не надта ходзіць і не асабліва гаворыць. На самай справе Бог Абрагама, Ісаака, Якуба — гэта Бог жывы і Бог жывых. Была Вялікая пятніца, але пасля яе надышоў Вялікдзень.

«Мае шляхі — не вашыя шляхі, Мае думкі — не вашыя думкі»

Па-другое, наш Бог — гэта таямніца. Памятаеце, як Ён кажа: «Мае шляхі — не вашыя шляхі, Мае думкі — не вашыя думкі» (пар. Іс 55, 8). А мы так не згодныя, мы хочам ведаць абсалютна ўсё, нават калі гэта нам зашкодзіць, гэтак жа, як хацелі нашыя прабацькі Адам і Ева. А Бог — таямніца, Ён не адпавядае нашым чаканням, не адказвае на ўсе нашыя пытанні. Мы любім звяртацца да Яго… як да афіцыянта ў рэстаране: «Я раблю замову на гэтую і тую страву, а Ты павінен мне прынесці ўсё на падносе, і не абы-як, а прыгожа, як мне хочацца. А калі не, тады Ты не Бог…» Мы менавіта так будуем свае адносіны з Богам, так молімся і так чынім: раскладваем і ўласнае, і чужое жыццё, і нават самога Бога па палічках, каб усё было зразумела і вядома. Не, Бог — гэта таямніца.

Практыкаванне - паглядзець Богу ў вочы

Прапаную вам духоўнае практыкаванне, якое можа дапамагчы падрыхтавацца да сапраўднай сустрэчы з Богам. Паспрабуйце, не прамаўляючы словаў малітвы, нічога не просячы і не кажучы, толькі паглядзець Богу ў вочы. Па­спрабуйце нічога пры гэтым не ўяўляць: ніякага аблічча Хрыста з абраза або вашай улюбёнай карціны. Не ўяўляйце вачэй вашых блізкіх. Дазвольце Богу заставацца самім сабою, калі Ён прыхо­дзіць да вас. Не ўяўляйце наогул ніякіх вачэй, толькі нібы зірніце ў вочы жывому Богу, не нябожчыку, а Богу, які тут і цяпер знаходзіцца побач з намі. Няхай гэта бу­дзе вельмі асабістая хвіліна, калі вы сустрэнецеся з Ім сам-насам. І тады ўжо скажыце Яму: «Пане, аздараві маё сэрца». Пасля знайдзіце ўрывак з кнігі прарока Осіі (11, 3–4) і прачытайце яго некалькі разоў. Нейкі сказ або некалькі словаў з урыўка, ці нават адно слова, прыцягнуць вашую ўвагу, і тады паўтарыце тое, што запомнілася, некалькі разоў, пачынаючы малітву з гэтых словаў. Гэта няпростае практыкаванне, калі рабіць яго па-сапраўднаму, адкрыта і канкрэтна, але яно дазваляе адысці ад стэрэатыпных вобразаў Бога, якія, магчыма, перашкаджаюць нам перажыць сустрэчу з Ім. Пра некаторыя з гэтых скажоных вобразаў мы паразмаўляем у наступны раз.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла