З Сумеснай дэкларацыі Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

12 лютага ў Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў Гаване (Куба) прайшла сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая стала першай у гісторыі сустрэчай вышэйшых прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы. Вынікам сустрэчы стала падпісанне Cумеснай дэкларацыі, якая складаецца з 30-ці параграфаў на дзесяці старонках.

Прапануем урывак з гэтай дэкларацыі.

 «Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога [Айца], і еднасць Духа Святога з усімі вамі»

(2 Кар 13, 13).

<…>

17. Наш позірк скіроўваецца да людзей, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкіх сітуацыях, якія жывуць ва ўмовах крайняй патрэбы і беднасці ў той час, калі ўзрастаюць матэрыяльныя багацці чалавецтва. Мы не можам заставацца абыякавымі да лёсу мільёнаў мігрантаў і бежанцаў, якія стукаюцца ў дзверы багатых краінаў. Неўмеркаванае спажывальніцтва, якое назіраецца ў некаторых найбольш развітых краінах, імкліва вычэрпвае рэсурсы нашай планеты. Узрастанне няроўнасці ў размеркаванні зямных дабротаў павялічвае пачуццё несправядлівасці ў адносінах да ўсталяванай сістэмы міжнародных адносінаў.

<…>

19. Сям’я — гэта натуральны асяродак жыцця чалавека і грамадства. Мы заклапочаныя крызісам сям’і ў многіх краінах. Праваслаўныя і католікі падзяляюць адзін погляд на сям’ю і пакліканыя сведчыць пра тое, што яна ёсць шляхам святасці, якая выяўляецца ў вернасці сужэнцаў у адносінах адно да аднаго, у іх адкрыцці для працягу жыцця і выхавання дзяцей, салідарнасці паміж пакаленнямі і павазе да найслабейшых.

20. Сям’я грунтуецца на шлюбе як акце свабоднай і вернай любові мужчыны і жанчыны. Любоў змацоўвае пячаткаю іх саюз, вучыць іх прымаць адно аднаго як дар. Шлюб — гэта школа любові і вернасці. Нас засмучае тое, што іншыя формы сужыцця цяпер пастаўленыя на адзін узровень з гэтым саюзам, у той час як разуменне баць­коўства і мацярынства як асаб­лівага паклікання мужчыны і жанчыны ў шлюбе, асвячанае біблейскай традыцыяй, выцясняецца з грамадскай свядомасці.

21. Мы заклікаем усіх паважаць неад’емнае права на жыццё. Мільёны дзяцей па­збаўленыя самой магчымасці нарадзіцца на свет. Голас крыві ненароджаных дзяцей усклікае да Бога (пар. Быц 4, 10).

Развіццё так званай эўтаназіі вядзе да таго, што пажылыя і хворыя людзі пачынаюць адчуваць сябе празмерным цяжарам для сваіх сем’яў і ўсяго грамадства.

Мы таксама заклапочаныя развіццём біямедыцынскіх пракрэацыйных тэхналогій, паколькі маніпуляванне чалавечым жыццём — гэта замах на асновы існавання чалавека, створанага на падабенства Бога. Мы лічым сваім абавязкам нагадаць пра нязмен­насць хрысціянскіх маральных прынцыпаў, заснаваных на павазе да годнасці чалавека, пакліканага да жыццця паводле задумы Стварыцеля.

<…>

25. Мы спадзяемся, што наша сустрэча зможа па­спрыяць прымірэнню там, дзе існуе напружанне паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад «уніятызму» мінулых часоў, разуметы як прыяднанне адной супольнасці да іншай праз яе аддзяленне ад свайго Касцёла, не з’яўляецца спосабам, які дазваляе аднавіць адзінства. Тым не менш, касцёльныя супольнасці, якія з’явіліся ў такіх гістарычных акалічнасцях, маюць права на існаванне і на здзяйсненне ўсяго неабходнага для задаволення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў з адначасовым імкненнем да міру са сваімі суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і ў знаходжанні ўзаемапрымальных формаў суіснавання.

26. Нас моцна засмучае супрацьстаянне ва Украіне, што ўжо стала прычынай шматлікіх ахвяраў, прынесла незлічоныя пакуты мірным жыхарам і ўкінула грамадства ў цяжкі эканамічны і гуманітарны крызіс. Мы заклікаем усе бакі канфлікту да разважлівасці, грамадзянскай салідарнасці і міратворчых дзеянняў. Мы заклікаем нашыя Касцёлы ва Украіне працаваць дзеля дасягнення грамадзянскай згоды, устрымлівацца ад удзелу ў супрацьстаянні і не падтрымліваць далейшага развіцця канфлікту.

27. Мы спадзяемся, што раскол паміж праваслаўнымі вернікамі ва Украіне зможа быць пераадолены на падставе існуючых кананічных нормаў, што ўсе праваслаўныя хрысціяне Украіны будуць жыць у міры і згодзе, і што каталіцкія супольнасці краіны паспрыяюць гэтаму такім чынам, каб нашае хрысціян­скае братэрства было штораз больш відавочным.

28. У сучасным свеце — разнастайным і ўсё ж з’яд­наным адным агульным лёсам — католікі і праваслаўныя пакліканыя па-братэрску су­працоўнічаць у абвяшчэнні Добрай Навіны аб збаўленні, разам сведчыць пра маральную годнасць і пра сапраўдную свабоду асобы, «каб свет паверыў» (Ян 17, 21) Гэты свет, у якім усё больш імкліва знікаюць духоўныя падставы чалавечага існавання, чакае ад нас моцнага хрысціянскага сведчання ва ўсіх сферах асабістага і грамадскага жыцця. Ад нашай здольнасці разам даць сведчанне Духа праўды ў гэты складаны час у вялікай ступені залежыць будучыня чалавецтва.

29. У гэтым адважным сведчанні пра Божую праўду і пра збаўчую Добрую Навіну няхай нас падтрымлівае Бога-чалавек Езус Хрыстус, наш Пан і Збаўца, які духоўна ўмацоўвае нас сваім непахісным абяцаннем: «Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадар­ства» (Лк 12, 32).

Хрыстус — крыніца радасці і надзеі. Вера ў Яго перамяняе чалавечае жыццё, напаўняе яго значэннем. У гэтым на ўласным вопыце змаглі пераканацца ўсе тыя, да каго можна аднесці словы апостала Пятра: «Калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя» (1 П 2, 10).

30. Поўныя падзякі за дар узаемаразумення, праяўле­ны падчас нашай сустрэчы, мы з надзеяй глядзім на Найсвя­цейшую Маці Божую, заклікаючы Яе словамі гэтай старажытнай малітвы: «Тваёй абароне (Sotto il riparo della tua misericordia — Под Твою милость) аддаемся, святая Багародзіца». Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя сваім заступніцтвам умацуе братэрства тых, хто Яе ўшаноўвае, каб яны ў вызначаны Богам час былі сабраныя ў супакоі і згодзе ў адзін народ Божы, дзеля хвалы Най­свяцейшай і непадзельнай Тройцы!

 

Падпісалі:

Францішак,
Біскуп Рыма,
Папа Каталіцкага Касцёла

і

Кірыл,
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі

12 лютага 2016 года, Гавана (Куба)


Пераклад Міколы Гракава.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла