Падрыхтоўка да Валадарання Езуса Хрыста

Перажываючы перыяд радаснага чакання прыйсця Езуса Хрыста, напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі паспрабуем зазірнуць у Беззаганнае Сэрца Марыі, скарыстаўшыся для гэтага кнігай св. Людовіка-Марыя Грыньёна дэ Манфора «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі. Падрыхтоўка да Валадарання Езуса Хрыста».

Трэба заўважыць, што ў літургічным календары Касцёла значэнне Адвэнту вельмі трапна дапаўняе, раскрывае і ўзбагачае менавіта ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Беззаганнае Зачацце — гэта перадумова Божага ўцелаўлення, а таксама ўмова другога прыйсця Хрыста. Вельмі добра гэту таямнічую сувязь раскрывае ў сваім трактаце св. Людовік дэ Манфор.

Паспрабуем наблізіцца да гэтай таямніцы. Менавіта толькі наблізіцца, бо кніга настолькі змястоўна і глыбока раскрывае ролю Марыі ў збаўчай місіі Хрыста, што лепш прачытаць яе цалкам. Яна можа стаць цудоўным дапаможнікам у перажыванні Адвэнту.

Сэрца Марыі — беззаганнае, таму злы дух не мае над ім улады. Дзякуючы гэтаму Марыя стала адзіным і доўгачаканым «шляхам» прыйсця ў свет Збаўцы.

Святы Людовік дэ Манфор піша, што «праз Найсвяцейшую Панну Марыю Езус Хрыстус прыйшоў у свет і праз Яе Ён павінен заваладарыць у свеце... Яна падаравала Яго свету першы раз, і Яна ж уславіць Яго, калі Ён прыйдзе зноў... Шлях, які абрала Святая Тройца ва ўцелаўленні і першым прыйсці Езуса Хрыста, нязменны ва ўсе дні аж да сканчэння свету. Святая Тройца нябачна дзейнічае гэтым шляхам у святым Касцёле, і так будзе да сканчэння ўсіх вякоў, да другога прыйсця Езуса Хрыста». Таму «толькі па вялікай Божай Міласці дазволена чалавеку, які б чысты ён ні быў, увайсці ў гэты Храм» — у Беззаганнае Сэрца Марыі.


Касцёл называе Марыю Каўчэгам Запавету. У Святая святых Ерузалемскага храма знаходзіўся Каўчэг Запавету. Пасля разбурэння Першага Ерузалемскага храма ён быў згублены. Месца яго знаходжання невядомае ажно да нашага часу. У Другім Ерузалемскім храме, адноўленым пасля вяртання габрэяў з бабілонскага палону, Каўчэга ўжо не было. Святая святых была пустой. Айцы Касцёла кажуць, што гэта месца ў храме ўжо чакала Марыю. У трохгадовым узросце бацькі аддалі Марыю ў храм. Апокрыфы сведчаць, што Яе сустрэў першасвятар Захарыя, будучы бацька Яна Хрысціцеля. Узяўшы Марыю за руку, ён па натхненні звыш увёў Яе ў Святая святых, хоць уваходзіць туды дазвалялася толькі першасвятару і толькі раз у год. Марыя і стала тым «Каўчэгам Новага Запавету».


Касцёл параўноўвае Марыю з каўчэгам Ноя.
Усё чалавецтва гінула ў сусветнай катастрофе, але толькі не тыя, каму Богам была дадзена ласка ўвайсці ў каўчэг. Ніводзін волас не ўпаў з галоваў гэтых людзей. Тым, хто схаваўся ў каўчэгу, было дадзена не толькі ўратавацца ад катастрофы, але і стаць пачаткам  новага чалавецтва. У Марыі бярэ пачатак новае чалавецтва — хрысціяне.

Святы Людовік дэ Манфор піша: «Шчаслівы, тысячу разоў шчаслівы хрысціянін, моцна прывязаны да Марыі, як да выратавальнага якара. Ніякія навальніцы і катастрофы не прымусяць яго скалыхнуцца, нішто не забярэ яго бязмежных багаццяў, падараваных небам. Шчаслівыя тыя, хто знайшоў у Марыі прытулак, як у каўчэгу Ноя! Воды граху хлынуць на чалавецтва, і многія загінуць у гэтым патопе, але не будзе сярод іх дзяцей і слугаў Марыі, бо так гаворыць Панна Найсвяцейшая з самой мудрасцю: „Тыя, якія супрацоўнічаюць са Мною, не зграшаць“».


Касцёл называе Марыю Зямлёй Абяцанай.
З часу выгнання Адама і Евы з Раю чалавечая памяць сумуе па гэтым страчаным Раі, бо чалавек створаны Богам для жыцця ў шчасці. Бог абяцае абранаму народу, што ўвядзе яго ў зямлю, дзе цячэ «малако і мёд». Гэту зямлю чакае ў спадчыну Абрагам, у яе вяртаецца з егіпецкага рабства абраны народ, па ёй заўсёды сумуюць габрэі падчас выгнання. Памяць аб Раі, з якога чалавек быў выгнаны, закладзена ў яго душы. І гэты рай, у якім чалавек страціў поўную еднасць са сваім Стварыцелем, ён будзе шукаць усё сваё жыццё. У слоўніку тлумачыцца: «Зямля Абяцаная — месца спаўнення ўсіх жаданняў, месца, дзе валадарыць усеагульнае шчасце, супакой; благаслаўлёнае месца; краіна, у якую ўсе імкнуцца».

Для старазапаветнага абранага народу гэтай абяцанай зямлёй было адно з канкрэтных геаграфічных месцаў на зямлі. У новазапаветным вымярэнні Касцёл называе Зямлёй Абяцанай Дзеву Марыю. Яна — «Абяцаная Зямля» ўсіх нашчадкаў Адама і Евы. У Яе трэба ўвайсці ўсім людзям добрай волі, каб паяднацца з Богам, аднавіць з Ім Запавет.

Святы Людовік дэ Манфор піша: «Марыя ёсць рай зямны, беззаганная і благаслаўлёная зямля, з якой былі выгнаныя пасля грэхападзення Адам і Ева. У Яе могуць увайсці толькі тыя, каго Яна сама жадае зрабіць святымі. І гэта споўніцца пераважна ў канцы часоў і хутка».

«І станецца ў апошнія дні, што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў. ...Не ўзніме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць. <...> Тады воўк будзе жыць разам з ягнцам, і леапард разам з казлянём будзе ляжаць; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, а малы хлопчык будзе паганяць іх. І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай, і дзеці іх будуць ляжаць разам, і леў, як вол, будзе есці салому. І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда... Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй, бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана, як водамі напаўняецца мора. І будзе ў той  дзень: корань Есэя, што стане сцягам для народаў, будуць шукаць язычнікі, і стане слаўным месца ягонага адпачынку» (Іс 2, 2а. 4; 11, 6–8а. 9–10).

Гэтыя ўрыўкі з Кнігі прарока Ісаі, якія чытаюцца ў касцёле падчас Адвэнту, заўсёды прыносяць у сэрца супакой і напаўняюць яго радасцю і шчасцем. Ісая прадказвае, што ў гісторыі чалавецтва наступіць такі перыяд, калі «гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў» і людзі «перакуюць мячы свае на плугі».

Святы Людовік дэ Манфор піша: «Трэба думаць, што напрыканцы часоў, і, магчыма, нават раней, чым думаюць людзі, Бог узвялічыць вялікіх людзей, поўных Духа Святога і Духа Панны Марыі. Праз гэтых святых людзей Уладарка і Каралева Нябесная здзейсніць у свеце вялікія дзіўныя справы, каб знішчыць грэх і ўсталяваць Валадарства Езуса Хрыста, свайго Сына, над светам разбэшчаным; гэтыя святыя людзі прыйдуць да здзяйснення гэтага менавіта шляхам поўнай адданасці Найсвяцейшай Панне Марыі». Св. дэ Манфор тлумачыць, што Езус першы раз прыйшоў праз Беззаганнае Сэрца Марыі, і што другі раз Ён прыйдзе праз абраны народ, калі той будзе адданы Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З гэтай просьбай звярталася да Касцёла Маці Божая Фацімская, калі прасіла аб прысвячэнні ўсяго чалавецтва Яе Беззаганнаму Сэрцу, у якім яно знойдзе абарону ад патопу граху і адновіць Запавет з Богам, праз якое Бог спашле на зямлю

супакой і навяртанне шматлікіх народаў. І ці не з’яўляецца адным з тых «вялікіх людзей, поўных Духа Святога і Духа Панны Марыі», прадказаных дэ Манфорам, благаслаўлёны Ян Павел ІІ, які з маладосці цалкам аддаў сябе Марыі. І мы былі сведкамі, як ён вёў Касцёл і чалавецтва ў гэтую Зямлю Абяцаную, у Валадарства Езуса Хрыста. І хоць мы яшчэ не ўвайшлі ў гэтую Зямлю, але мы бачылі вялікія дзіўныя справы. Мы бачылі перамяненне зямлі. Мы маглі аглядаць гэтую Зямлю Абяцаную.

Ці хопіць у нас мудрасці і мужнасці ў яе ўвайсці? Аддаць і прысвяціць сябе цалкам Марыі, каб знайсці ў Ёй Бога, каб разам з Ёю перамагчы гэты свет, каб растаптаць галаву змею, каб воды граху згубілі над намі ўладу?

Cв. Людовік дэ Манфор піша: «Праз Найсвяцейшую Панну Езус Хрыстус прыйшоў у свет, праз Яе Ён павінен заваладарыць у свеце. Калі надыдзе гэты шчаслівы час? У тыя часы цудоўныя падзеі здзейсняцца на нашых заняпалых землях. І Святы Дух, знайшоўшы тут сваю дарагую Нявесту, як быццам уцелаўлёную ў душах верных, бязмерна пралье свае дары на чалавечы род і асабліва надзеліць яго мудрасцю, каб людзі былі здольныя дзейнічаць ласкай Божай.

Мой любы брат, калі надыдзе тая шчаслівая пара? Калі надыдзе век Марыі і душы выбраных, дасягнуўшы трону Божага, праз Яе пасрэдніцтва пераменяцца ў жывыя падабенствы Маці Божай, каб усёй сваёй сутнасцю ўзлюбіць і праславіць Езуса?! Гэты век надыдзе не раней, чым усе ўсвядомяць карысць сапраўднай пашаны да Найсвяцейшай Панны Марыі».

Іншымі словамі, прыйсце Езуса Хрыста напрамую залежыць ад нашай адданасці Марыі. Чым бліжэй да Марыі будуць Касцёл і чалавецтва ўвогуле, і кожны з нас у прыватнасці, тым бліжэй будзе час другога прыйсця Езуса Хрыста, бо Ён не можа прыйсці на зямлю і заваладарыць на ёй, калі Касцёл і сэрцы людзей не будуць да гэтага падрыхтаваныя па прыкладзе Марыі. Вось чаму так настойліва просіць аб прысвячэнні свайму Беззаганнаму Сэрцу Маці Божая Фацімская. Так настойліва, што падмацоўвае сваю просьбу апакаліптычным бачаннем. Дык наблізімся да Марыі, каб падрыхтавацца да Валадарання Езуса Хрыста.

Уладзімір Вайцяховіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла