Адгортваючы новую старонку. Пра Новы год і не толькі...

Адна жанчына неяк пераконвала мяне, што вернікам варта шмат маліцца да святога Сільвестра, бо, маўляў, людзі ў сваёй пераднавагодняй мітусні цалкам забываюцца пра гэтага святога, які, тым не менш, здольны і рады дапамагаць нам у нашых патрэбах. Яна ж распавядала, што сама ўжо атрымала праз яго заступніцтва духоўныя ласкі — навяртанне кагосьці з дарагіх для яе людзей. Слухаючы яе, падумала тады, што людзі ў пераднавагоднім шуме-гаме не тое што пра святога Сільвестра, чый дзень адзначаецца 31 снежня, а і пра іншыя важныя рэчы лёгка забываюцца. Неяк маладыя хлопцы і дзяўчаты са смехам распавядалі, як адзін з іх кампаніі, што сустракала Новы год, прапанаваў памаліцца перад застоллем і паблагаславіць стравы на святочным стале. Колькі яму, беднаму, давялося потым за той вечар пачуць насмешак! Спадзяюся, хоць бы не ад вернікаў.

Такімі, на вялікі жаль, мы бываем вернікамі: амаль што святыя ў касцёле ды ў сваім цесным асяроддзі і часам зусім іншыя там, дзе яшчэ не чулі альбо і не жадаюць чуць пра Бога. Адны, калі чытаем каталіцкую прэсу, і зусім іншыя, калі блукаем па сеціве інтэрнэта ды натыкаемся раптам на штосьці вабна-салёненькае, чаго не прачытаеш на хрысціянскіх сайтах таго ж інтэрнэта. Такія правільныя бываем, калі набываем каталіцкі каляндар на будучы год, вешаем яго потым дзесьці ў закутку — для ўнутранага, так бы мовіць, карыстання, і зусім нейкія іншыя робімся, калі на самае бачнае месца ў сваёй кватэры прымацоўваем каляндар з гараскопамі — для ўсіх, каму гэта цікава. Вядома, сярод нашых знаёмых шмат каму будзе гэта цікава, але пры чым тут мы? Калі мы самі перакананыя, што спроба зазіраць у будучыню — грэх, то пры чым тады тут мы?

А якім выпрабаваннем нашай веры і вернасці хрысціянству становяцца самі святы! Кожны святар не раз чуў, як мы, апусціўшы долу вочы, прызнаемся, што вось у пост давялося ўдзельнічаць альбо й самім (і такое бывае) арганізоўваць нейкую сямейную ўрачыстасць. Прычыны і апраўданні, вядома, заўсёды знойдуцца. Гэтаксама мы часта чырванеем ды апускаем вочы, калі даводзіцца расказаць пра тое, як мы адзначаем святы, што з’яўляецца галоўным на нашых сталах. І апраўданнем тады часта гучыць адно — так усе робяць…

Калі дзесяць гадоў таму пробашч нашай парафіі ў Наваполацку Аляксандр Чайкоўскі ўпершыню прапанаваў найбольш смелым парафіянам разбурыць стэрэатыпы і сустрэць Новы год на малітве ў касцёле, я таксама сумнявалася, ці добра гэта будзе. Бо вядома, што шмат вернікаў не поўнымі сем’ямі прыходзяць у касцёл, а Новы год у народзе — здаўна сямейнае свята. І што ж тады, падумала я, атрымаецца? Нашы сем’і, і без таго не надта трывалыя, могуць цярпець крушэнне. Ці вартае адно другога? Ці апраўданая такая рызыка? Аказваецца, апраўданая! І выйшла ўсё на добрае. Праўда, нас першы раз было сапраўды няшмат. Але трэба было бачыць шчаслівыя твары, калі пасля малітвы мы выйшлі на двор і пад гучныя стрэлы каляровых пітардаў, што разрывалі гарадское паветра, віншавалі адзін аднаго з Новым годам — нават выпілі па колькі кропляў шампанскага ды з’елі па ярка-аранжавай мандарынцы.

І цяпер я перакананая, што гэта вельмі здорава, калі мы вось ужо шмат гадоў сустракаем кожны свой Новы год не пад звон бакалаў, не ў п’янай кампаніі, а перад Божым алтаром. І няхай не ўсе прыдуць — хтосьці зможа, у кагосьці не атрымаецца ў гэтым годзе, — але галоўнае, каб была такая магчымасць: адгарнуць чарговую старонку жыцця ў Божай Прысутнасці. І ў гэтым перапрашэнні Яго за нашы грахі, за грахі свайго народа і ўсіх людзей таксама столькі высокага сэнсу! Як і ў словах падзякі Яму за ўсё, што мы атрымліваем з Яго Айцоўскае рукі. Як і ў просьбах аб благаслаўленні на будучыя дні… І, вядома, ні з чым не параўнаць тае трапяткое радасці ў сэрцы, калі святар а 24-й гадзіне благаслаўляе вернікаў Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У такія хвіліны нараджаецца ў душы адвага і кудысьці адступае страх перад жыццёвымі праблемамі і штодзённымі пытаннямі, якія неўзабаве ўсё роўна паўстануць перад намі. А потым… Вярнуўшыся ў свае дамы, мы таксама сядзем за стол, каб у коле сям’і, родных ды блізкіх пагаманіць, павіншаваць яшчэ раз адзін аднаго, раздзяліць чыюсьці радасць альбо і нечы боль — усё, з чаго складаецца нашае жыццё...


Ірына Жарнасек

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней