10 гадоў на ніве Божай

Пахвалёны Езус Хрыстус! Паважаная рэдакцыя! Мы хочам расказаць пра нашага ксяндза пробашча Сяргея Лянга з дзераўнянскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.

Сюды ён прыйшоў 10 гадоў таму. Першае, што зрабіў ксёндз, гэта згуртаваў моладзь каля касцёла. На ўроках рэлігіі пачало з’яўляцца  ўсё больш школьнікаў і старэйшых, і малодшых класаў. Кожны навучальны год у Дзераўнянскай школе пачынаецца са святой Імшы, і пробашч разам з вучнямі стаіць на школьнай лінейцы. Падчас выпускнога вечара перад святочнай праграмай усе выпускнікі разам з бацькамі і настаўнікамі ідуць у касцёл. Святая Імша праходзіць вельмі ўрачыста і прыгожа. Пробашч уручае выпускнікам атэстаты і благаслаўляе іх на паступленне ў ВНУ. У гэтым годзе мы самі былі выпускніцамі. На нашу Імшу былі запрошаны два ксяндзы з суседніх парафіяў. Як ніколі было прыемна прысутнічаць у касцёле разам з бацькамі, аднакласнікамі і настаўнікамі! Гэтая святая Імша стала для нас таксама незабыўнай часцінкай выпускнога балю. Мы вельмі ўдзячныя за гэта шаноўнаму ксяндзу Сяргею.

У снежні гэтага года наш пробашч Сяргей Лянга адзначае 10 гадоў святарства і 35 гадоў з дня нараджэння. Ад імя ўсіх вернікаў нашай парафіі мы хочам павіншаваць паважанага святара з гэтымі знамянальнымі датамі і шчыра пажадаць яму шчодрых дароў Духа Святога на далейшае плённае служэнне Богу і людзям. Дзякуем Вам за настойлівую працу, за духоўную апеку, клопат і ўвагу да кожнага верніка нашай парафіі. Таксама мы вельмі ўдзячныя Вам, наш паважаны ксёндз пробашч, за Вашу навуку, шчырую малітву і цярплівасць. Няхай Анёл Ахоўнік дапамагае Вам у Вашай нялёгкай працы!

Ілона Бычкевіч, студэнтка БДЭУ.
Кацярына Шушкевіч, студэнтка БДМК.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла