«Eзус Хрыстус быў зачаты ад Духа Святога, нарадзiўся з Дзевы Марыi»

85. Чаму Сын Божы стаўся чалавекам?
Сын Божы ўцелавіўся ва ўлонні Дзевы Марыі ад Духа Святога дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення, гэта значыць, каб паяднаць нас, грэшнікаў, з Богам; каб пака-заць нам Яго бясконцую любоў; каб стаць для нас прыкладам святасці; каб зрабіць нас
«саўдзельнікамі боскай натуры» (2 П 1, 4).

86. Што азначае слова «ўцелаўленне»?
Касцёл называе «ўцелаўленнем» цудоўную таямніцу з’яднання боскай і чалавечай натуры ў адзінай Божай Асобе Слова. Дзеля ажыццяўлення нашага збаўлення Сын Божы стаўся «целам» (Ян 1, 14), сапраўдным чалавекам. Вера ва ўцелаўленне — гэта адметная рыса хрысціянскай веры.

87. Якім чынам Езус Хрыстус ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам?
Езус непадзельна з’яўляецца сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам у адзінстве сваёй Божай Асобы. Ён, Сын Божы, «народжаны, не створаны, адзінасутны Айцу», стаўся сапраўдным чалавекам, нашым братам, не перастаючы пры гэтым быць Богам, нашым Панам.

88. Пра што ў сувязі з гэтым навучае Халкідонскі Сабор (451 г.)?
Халкідонскі Сабор навучае вызнаваць «аднаго і таго ж Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, дасканалага ў сваёй боскасці і дасканалага ў сваёй чалавечнасці; сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека, які мае разумную душу і цела; адзінасутнага Айцу ў боскасці, адзінасутнага нам у чалавечнасці, “падобнага да нас ва ўсім, апроч граху” (Гбр 4, 15); народжанага з Айца перад вякамі як Бог, і ў гэтыя апошнія часы, дзеля нас і нашага збаўлення, народжанага як чалавек з Дзевы Марыі, Маці Божай».

89. Як Касцёл вызнае таямніцу ўцелаўлення?
Касцёл вызнае гэтую таямніцу, сцвярджаючы, што Езус Хрыстус ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам, мае дзве натуры, боскую і чалавечую, не змешаныя, а з’яднаныя ў Асобе Слова. Усё ў чалавечнасці Езуса — цуды, цярпенні, смерць — павінна быць аднесена да Яго боскай Асобы, якая дзейнічае праз прынятую чалавечую натуру.

 

«О, Сыне Адзінародны і Слова Бога,
Ты, будучы несмяротным,
пажадаў дзеля нашага збаўлення
ўцелавіцца ва ўлонні Святой Багародзіцы
і заўсёды Дзевы Марыі <…> Ты, які прабываеш
у еднасці Святой Тройцы, праслаўлены з Айцом
і Святым Духам, збаў нас!»
(З Візантыйскай літургіі св. Яна Хрызастома).

 

Паводле: Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
Кампендый. — Мінск: Про Хрысто, 2010.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла