Уцелаўленне Божага Слова

Божау НараджэннеУ часе маёй вучобы на філалагічным факультэце я кожны дзень мела шмат тэкстаў, як празаічных, так і паэтычных, якія трэба было прачытаць і зразумець. Вельмі часта я сутыкалася з тым, што, каб зразумець паэзію, трэба дакладна ўявіць вобраз, які паўстае ў пэўным канкрэтным тэксце. І гэты вобраз трэба не толькі ўявіць, але і адчуць. Кожны раз кожны тэкст верша трэба было ўбачыць, матэрыялізаваць альбо ў сваёй свядомасці, альбо на лісце паперы. Менавіта таму побач з цытатамі і ўрыўкамі ў маіх канспектах і дзённіках было шмат малюнкаў.

Словы з вершаў і нават з канспектаў па мовазнаўчых навуках патрабавалі візуалізацыі ў маёй свядомасці. Без візуалізацыі, «уцелаўлення» слова ў вобраз, яны не ўкладаліся ў маю свядомасць. Немагчыма было іх зразумець, запомніць, нейкім чынам дастасаваць да  практычнага выкарыстання.

Божау Нараджэнне Можа быць таму, калі я пачала разважаць над тэмай «Уцелаўлення Божага Слова», мне адразу ўзгадаліся мае развагі і адвечная прага ўбачыць паэтычнае слова.

Чалавек адвечна прагне ўбачыць нябачнае, а Бог — Нябачнае, аб’яўляецца чалавеку праз Малое Дзіця.

Паводле Катэхізісу Каталіцкага Касцёла, мы ведаем, што поўны і канчатковы этап  Божага Аб’яўлення:

«Гэта этап Аб’яўлення, здзейснены ва ўцелаўлёным Слове, Езусе Хрысце, Пасрэдніку і Паўнаце Аб’яўлення».

Такім чынам, «Уцелаўленне Божага Слова» — гэта Аб’яўленне Бога.

Тое, што нараджэнне Хрыста — гэта апошні моцны акорд Аб’яўлення Бога, можна пацвердзіць словамі святога Яна ад Крыжа: «Ад моманту, калі Бог даў нам свайго Сына, які з’яўляецца Яго адзіным і канчатковым Словам, Ён усё сказаў адразу ў гэтым адным сваім Слове і не мае больш нічога сказаць».

Нараджэнне Хрыста — гэта «ўсё» і «адразу», што хацеў сказаць Бог чалавеку, як нараджэнне дзіцяці ў сям’і — гэта «ўсё» і «адразу», канкрэтны вынік любові дзвюх асобаў, якія ўжо рашэннем нарадзіць дзіця і ўзяць поўную адказнасць за выхаванне сцвярджаюць моц сваёй любові і гатоўнасць несці адказнасць за яе вынікі перад светам. Дзіця — доказ сужэнскай любові. Яно ёсць, яно існуе, бо элементарна просіць есці і плача. Тое, пра што нельга сказаць: яно або ёсць, або здаецца, што ёсць. Раз яно крычыць уначы і смяецца ўдзень, ці, наадварот, лямантуе ўдзень ды смяецца ўначы, значыць мы дакладна сутыкаемся з  канкрэтным фактам жыцця. І яшчэ як сутыкаемся!

Хрыстус — гэта доказ Божай любові да чалавека, якую чалавек мае магчымасць убачыць, адчуць сваёй чалавечай сутнасцю праз нараджэнне дзіцяці. Бог, пра якога гаварылі прарокі, які быў на вуснах і ў паняцці духоўным — Словам, нечым Нябачным, пра Якога маглі чуць, альбо Якога маглі чуць, — становіцца Тым, Каго можна ўбачыць. Слова стала канкрэтным фактам жыцця. Слова ўцелавілася, як сужэнская любоў уцелаўляецца ў дзіцяці.

Яшчэ раз разгледзім значэнне слова «ўцелаўленне» ў дачыненні да паняцця «Уцелаўлення Слова» паводле Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла:

«Касцёл называе „ўцелаўленнем“ цудоўную таямніцу з’яднання боскай і чалавечай натуры ў адзінай Божай Асобе Слова. Дзеля ажыццяўлення нашага збаўлення Сын Божы стаўся „целам“ (Ян 1, 14), сапраўдным чалавекам. Вера ва ўцелаўленне — гэта адметная рыса хрысціянскай веры».

Такім чынам, «Уцелаўленне Слова» — гэта найбольш яскравы ўчынак Бога, якім Ён паказвае  свой план на чалавечае жыццё — план Збаўлення. «Уцелаўленне Слова» — прыйсце Бога ў свет, дададзена Творцам, каб чалавек не проста мог чуць пра збаўленне, але мог убачыць, зразумець і прымяніць да свайго рэальнага жыцця значэнне Слова і Яго прысутнасці.

Бог уцелаўляецца, каб стаць бачным прыкладам для чалавека, сведкам Святасці. Бог уцелаўляцца, каб чалавек мог Яго зразумець.

Якім чынам ты можаш зразумець іншага чалавека? Зразумееш яго тады, калі апранеш яго адзенне, абуеш яго чаравікі, прачнешся ў ягонай кватэры, з’ясі такі ж сняданак, пачуеш, як да яго звяртаюцца на працы, адчуеш, колькі кілаграмаў важыць яго заплечнік, заплачаш яго слязьмі, усміхнешся яго радасцямі… Толькі тады ты яго зразумееш, калі пачнеш адчуваць, што адчувае ён.

Але Бог апрануў адзенне чалавека не таму, што без гэтага ўчынку не зразумеў бы чалавека, а таму, што хацеў даць прыклад Любові чалавеку, якому без бачнага і яскравага прыкладу цяжка зразумець Бога.

Бог вельмі добра разумее натуру свайго стварэння, таму і дзейнічае шляхам «Уцелаўлення Слова».

Бог прагне, каб чалавек імкнуўся Яго зразумець.У гэтым заключаецца Божая любоў да чалавека. Імкнуцца ж разумець Бога — гэта імкнуцца стаць да Яго падобным, блізкім да Яго, блізкім да святасці.
 
Бог уцелаўляецца, каб людзям было прасцей ад-чуць Божую любоў і быць Ёй вернымі, каб стаць «саўдзельнікамі боскай натуры» (2 П 1, 4)

«Уцелаўленне Слова» — гэта ўчынак Бога. А які павінен быць адказ чалавека? Што павінен рабіць чалавек, калі ён распазнаў і прыняў Божае аб’яўленне?

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем: «Чалавек, узмоцнены дадзенай яму Божай ласкай, адказвае паслухмянасцю веры, што азначае поўны давер Богу і прыняцце Яго праўды, якую Ён гарантуе і якой сам жа з’яўляецца».

Таму важным момантам з’яўляецца не толькі ўчынак Бога, але і распазнанне гэтага ўчынку чалавекам. Каб убачыць, недастаткова мець добры зрок — трэба быць вельмі ўважлівым. Каб адчуць, недастаткова заўважыць — трэба прыняць і наблізіць убачанае да свайго жыцця.

Няхай «Уцелаўлёнае Слова» — Езус Хрыстус — будзе заўважаны нашым вокам і прыняты нашым сэрцам, а жыццё паводле Яго праўды сярод іншых людзей  будзе сведчаннем  веры і адкрытасці на Божую Любоў.

Аксана Ючкавіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла