З «Дзённіка»

Агульны змест

355 [148] 1934–1935. Вігілія Новага году. Я атрымала дазвол не ісці спаць, а маліцца ў капліцы. Адна з сясцёр прасіла мяне, каб я ахвяравала за яе адну гадзіну адарацыі. Я згадзілася і цэлую гадзіну малілася за яе. У часе малітвы Бог даў мне зразумець, як моцна Яму падабаецца гэтая душа.

Другую гадзіну адарацыі я ахвяравала за навяртанне грэшнікаў і асабліва перапрашала Бога за знявагі ў дадзены момант; як жа моцна абражаюць Бога. Трэцюю гадзіну я ахвяравала ў інтэнцыі свайго духоўнага айца, горача малілася аб прасвятленні для яго ў асаблівай справе.

Нарэшце прабіла дванаццатая гадзіна, апошняя гадзіна года. Я закончыла яе ў імя Святой Тройцы, і першую гадзіну Новага году таксама распачала ў імя Святой Тройцы. Я прасіла кожную з Асобаў аб благаслаўленні і з вялікім даверам зірнула ў Новы год, які напэўна не паскупіцца на цярпенні.

356 Святая Гостыя, у якой знаходзіцца тэстамэнт Божай міласэрнасці для нас, і асабліва для бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой — Цела і Кроў Пана Езуса як доказ бясконцай міласэрнасці да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой — вечнае жыццё, што [з] бясконцай міласэрнасці шчодра даецца нам, і асабліва бедным грэшнікам.

Святая Гостыя, у якой — міласэрнасць Айца, Сына і Духа Святога да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

[149] Святая Гостыя, у якой — бязмежная цана міласэрнасці, што аплаціць усе нашыя даўгі, і асабліва бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой знаходзіцца крыніца жывой вады, што струменіць з бясконцай міласэрнасці для нас, і асабліва для бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой — агонь найчысцейшай любові, што палымнее з лона Спрадвечнага Айца як з бездані бясконцай міласэрнасці для нас, і асабліва для бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой знаходзіцца лек ад усіх нашых недамаганняў, [лек], што ліецца з бясконцай міласэрнасці, як з крыніцы, для нас, і асабліва для бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой — лучнасць паміж Богам і намі праз бясконцую міласэрнасць для нас, і асабліва для бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой — усе пачуцці наймілейшага Сэрца Езуса да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ва ўсіх цярпеннях і жыццёвых цяжкасцях.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў цемры і віхурах — унутраных і знешніх.

Святая Гостыя, адзіная надзея наша ў жыцці і ў гадзіну смерці.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў няўдачах і ў бездані сумненняў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея сярод маны і здрадаў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея сярод цемры і бязбожнасці, што залівае зямлю.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў жальбе і болю, у якім нас ніхто не зразумее.

[150] Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў цяжкай працы і шэрасці штодзённага жыцця.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў крушэнні нашых надзеяў і памкненняў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея сярод варожых стрэлаў і высілкаў пекла.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі цяжкасці будуць пераўзыходзіць мае сілы, калі ўбачу бясплённасць сваіх намаганняў.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі віхуры будуць ірваць маё сэрца і ўстрывожаны дух будзе схіляцца да сумненняў.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі маё сэрца будзе дрыжаць і смяротны пот зросіць маё чало.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі ўсё паўстане супраць мяне і чорная роспач будзе закрадвацца ў душу.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі позірк мой пачне згасаць для ўсяго, што часовае, а дух мой упершыню ўбачыць невядомы свет.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі мая праца будзе пераўзыходзіць мае сілы і няўдачы будуць пастаянна мне спадарожнічаць.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі захаванне цноты здасца мне цяжкім і мая натура ўзбунтуецца.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі ўдары ворагаў будуць скіраваныя супраць мяне.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі мая праца і намаганні будуць асуджаныя людзьмі.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі прагучыць Твой суд нада мною — тады я буду давяраць акіяну Тваёй міласэрнасці.

357 + Найсвяцейшая Тройца, я давяраю Тваёй бясконцай міласэрнасці. Бог — мой Айцец, а значыць я, Яго дзіця, маю поўнае права на Яго Боскае Сэрца, і чым большая цемра, тым наш давер павінен быць больш поўным.

358 Не разумею, як можна не давяраць Таму, Хто ўсё можа; з Ім — усё, а без Яго — нічога. Ён, Пан, не дазволіць і не дапусціць прыніжэння тых, хто цалкам Яму даверыўся.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла