Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святая Вераніка

Будзь вольным ад несапраўдных вобразаў

Гістарычных звестак пра св. Вераніку мы не ведаем. Але легенды, якія пра яе апавядаюць, бяруць свой пачатак з першых гадоў Касцёла. Ужо ў IV стагоддзі яе шанавалі як святую. Успамін св. Веранікі адзначаецца 4 лютага. Імя «Вераніка» азначае «сапраўдны вобраз». Паводле легенды, св. Вераніка была той жанчынаю, якую Езус ацаліў ад крывацёку, такім чынам, гэта яна — тая жанчына, якая цалкам страціла ўсе магчымасці для таго, каб зведаць міласціну і любоў. Езусу яна не павінна была нічога плаціць. Ад Яго паходзіла штосьці, што дало ёй упэўненасць прыняць любоў, па якой яна так сумавала. Яна проста дакранулася да краю Яго вопраткі. Праўда, зрабіла гэта таемна. Яна не магла ўжо трываць. Толькі пры сустрэчы з Езусам яна навучылася жыць у згодзе са сваёй хваробаю і сваёю тугою па любові. Пры сустрэчы з Езусам неабходнасць даваць, каб атрымаць, для яе ўжо знікла. У гэты момант яна адчула міласціну і любоў, якім не патрабавалася аплата. Гэта спыніла яе крывацёк. Гэта загаіла рану і зрабіла яе дасканалаю.

Калі Езус знясіліўся на крыжовым шляху, а пот і кроў цяклі па Яго твары, у гэты момант ніхто не рызыкнуў прыйсці Яму на дапамогу. Толькі адна жанчына мела адвагу, яе звалі Вераніка. Яна адлучылася ад натоўпу, які проста назіраў, падышла да Езуса і, поўная спачування, падала Яму сваю палатняную хустку для таго, каб Ён мог выцерці з ілба пот. Езус узяў хустку і пакінуў на ёй выяву свайго аблічча. Ён паглядзеў на Вераніку так настойліва, што Яго твар адбіўся ў яе сэрцы. Калі дома Вераніка разгарнула хустку, яна заўважыла на ёй аблічча Езуса. Такім чынам, адбітак Яго твару застаўся з ёю ў дзвюх праявах — у яе сэрцы і на яе хустцы. Гэты нерукатворны вобраз, адлюстраваны на палатне, заўсёды вельмі шанаваўся ў Касцёле і лічыўся рэліквіяй. Св. Вераніка з гэтаю хусткаю вылечыла шматлікія хваробы.

Вядомай з’яўляецца легенда пра аздараўленне імператара Тыберыя. Тыберый ляжаў хворы ў Рыме. У гэты час яму расказалі, што ў Ерузалеме жыве лекар, які можа сваім словам аздараўляць ад усіх хваробаў. У гэтых абставінах імператар накіраваў свайго слугу Валюзанія ў Ерузалем, каб адшукаць яго і загадаць прыбыць у Рым. Валюзаній прыйшоў да Пілата і запытаўся пра цуда-лекара. Пілат спужаўся, бо ведаў, што размова ідзе пра Езуса, якога ён загадаў укрыжаваць. Ён папрасіў тэрмін, каб адшукаць лекара. У гэтыя дні Валюзаній сустрэў Вераніку, якая ведала Езуса. Яна расказала яму пра смерць Езуса на крыжы. Юдэі выдалі Яго Пілату, які загадаў Яго ўкрыжаваць. Пасланец [імператара] быў вельмі ўзрушаны і сказаў: «Як мог Пілат асудзіць на смерць такога чалавека! Цяпер я не магу выканаць загад майго гаспадара». Вераніка расказала яму пра нерукатворны вобраз, адлюстраваны на палатне. «Гэты вобраз мае такую моц, што той, хто яго ўбачыць, бясспрэчна, стане здаровым». Валюзаній прапаноўваў ёй за гэты вобраз усе багацці свету, але Вераніка лічыла, што яго нельга атрымаць за золата і срэбра. Акрамя таго, здаровым мог бы стаць той, хто глядзіць на вобраз з чыстым і даверлівым сэрцам.

Св. Вераніка згадзілася разам з пасланнікам ехаць у Рым да імператара. Яна разгарнула перад ім хустку. Ледзь толькі імператар убачыў вобраз, як стаў здаровым. Ён загадаў схапіць Пілата і даставіць яго ў Рым. Знаходзячыся ў вязніцы, Пілат забіў сябе нажом. Яго мёртвае цела не жадала прымаць ні адна рака [старажытныя апокрыфы апавядаюць, што цела забітага Пілата кідалі і ў Тыбр, і ў Рону, але гэта выклікала вялікую буру на вадзе. – А. Ш.]. Нарэшце яго прывезлі ў далёкую Гельвецыю [Швейцарыю] і кінулі ў бездань. З тых часоў вялікую цёмную гару, якая стаіць на тым месцы, называюць Пілат.

Легенда пра св. Вераніку здаўна не пакідала людзей абыякавымі. Адвага адной жанчыны была ўзнагароджана Езусам такім чынам, што Ён пакінуў сваё аблічча на яе хустцы. Св. Вераніка падтрымлівае жанчын, якія прыслухоўваюцца да свайго сэрца і не дазваляюць запужаць сябе моцаю ўлады. Хто паказваў сваю салідарнасць з асуджаным, часта сам меў ад рымлянаў пакаранне смерцю. Св. Вераніка не мае страху. Найважнейшым для яе з’яўляецца спачуванне да гэтага вартага жалю чалавека. Яе любоў, яе спачуванне, яе жэст любові да бліжняга знойдуць сваю ўзнагароду. Для іншых св. Вераніка — гэта тая жанчына, якая так увабрала ў сябе аблічча Езуса, што можа заўсёды насіць яго з сабою, у сваім сэрцы і на сваёй хустцы. Вобраз Езуса так адбіўся ў ёй, што стаў яе сутнасцю. Вобраз Езуса рассейвае ўсе іншыя вобразы, якія мы самі робім з сябе: ці то вобраз вялікага героя, ці паспяховай у кар’еры жанчыны, альбо вобраз нікчэмнага і марнага чалавека, вобраз пагарды да самога сябе і самапрыніжэння. Калі вобраз Езуса адаб’ецца ў нас саміх, ён зменіць нас і вылечыць. Праз нас вобраз Езуса зможа загаіць раны тых людзей, якіх мы сустракаем. Гэта з’яўляецца радасным пасланнем св. Веранікі: ты носіш у сабе аблічча Езуса. Гэта аблічча паказвае табе твой сапраўдны твар.

Не заўсёды мы паказваем свой сапраўдны твар, часам мы яго нават не ведаем. Разам з тым, менавіта гэта з’яўляецца заданнем нашага жыцця: адшукай свой сапраўдны твар. Будзь вольным ад усіх несапраўдных вобразаў, якія мелі ўплыў на тваё жыццё, ад фальшывага ўспрымання сябе і ад непраўдзівага вобраза Бога. Калі ты праз аблічча Езуса разпазнаеш свой першапачатковы твар, праз цябе будзе змяняцца і тваё асяроддзе. Хто бачыць аблічча Езуса ў іншым чалавеку, той дапамагае яму станавіцца вольным ад навязаных вобразаў, якія скажаюць яго сапраўдную прыроду. Паспрабуй дапамагчы людзям дакрануцца да іх першапачатковага вобраза і такім чынам прывядзі да іх сапраўднай сутнасці.


Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней