Трагедыя сузалежнасці. Псіхалагічны тэст

Я хачу прапанаваць вам псіхалагічны тэст: трэба ацаніць дваццаць сцвярджэнняў, па якіх можна зразумець, наколькі вы схільныя да сузалежнасці. Выберыце адзін з чатырох варыянтаў адказаў на кожнае пытанне і складзіце ўсе балы за адказы разам.


Ніколі — 1 бал.
Час ад часу — 2 балы.
Часта — 3 балы.
Амаль заўжды — 4 балы.

  1. Я прымаю на сябе адказнасць за пачуцці і паводзіны іншых людзей.
  2. Мне цяжка вызначыцца ў пачуццях (шчасця, смутку, самоты, узрушанасці). Калі я адчуваю, што «муж прыйшоў сёння цвярозы, і таму я шчаслівая» — гэта ўжо рэакцыя на дзеянне. Важна, калі я перажываю шчасце (або іншае пачуццё) не як рэакцыю на нешта, а само па сабе. Нешта прыносіць мне радасць, а нешта засмучае.
  3. Мне цяжка выяўляць мае сапраўдныя пачуцці. Я ведаю, што адчуваю, але не магу пра гэта сказаць або паказаць свае пачуцці: ком становіцца ў горле, пот цячэ, я то бялею, то чырванею, і словы з языка не ідуць.
  4. Я хвалююся пра тое, як іншыя будуць рэагаваць на мае пачуцці і паводзіны. Мы ўсе былі б нашмат шча­слівейшымі і нашмат больш свабоднымі, калі б гэ­тая праблема знікла з жыцця.
  5. Я прымяншаю праблемы і скажаю праўду пра пачуцці і паводзіны іншых людзей. Я не магу прызнаць нейкія рысы іншага чалавека, якія не ўкладаюцца ў яго вобраз, створаны мною. Уявіце сітуацыю: «Ведаеш, твой сын мне такога нагаварыў…». — «Не можа быць, ён не меў нічога такога на ўвазе!». — «Ну як гэта не меў на ўвазе, калі сказаў прамым тэкстам!». — «Табе проста здалося!».
  6. Мне цяжка ствараць або падтрымліваць блізкія адносіны. У сузалежнасці магчымыя толькі адносіны, пабудаваныя на спачуванні і шкадаванні. Напрыклад, сапраўднае сяброўства, у якім сябры разам шукаюць праўды, спрачаюцца, нешта даказваюць адно аднаму, у сузалежнасці немагчымае, бо сузалежнасць патрабуе бе­зумоўнай згоды. Варта ў чымсьці запярэчыць — адносінам канец. А ў сузалежнасці могуць стварацца нават цэлыя групы вакол аднаго лідара, каля якога ўсё круціцца і з якім усе згаджаюцца. З часам такія адносіны распадаюцца і вядуць да дэпрэсіі, страты веры і г.д.
  7. Я баюся быць адкінутым. Гэта страх застацца аднаму. Няхай мне ў гэтых адносінах (або ў гэтай сітуацыі) цёмна, халодна і няўтульна, як у пячоры, але ж гэта мая родненькая пячора!
  8. Я вельмі строга суджу сябе. З любой прычыны ў мяне ўзнікае неадольнае пачуццё віны.
  9. Мне цяжка прымаць рашэнні. Прымаць рашэнні — гэта заўсёды няпроста. А калі я пачынаю яшчэ думаць, чаго б ён хацеў, чаго б яна хацела, каб задаволіць абсалютна ўсіх (не ўлічваючы тое, чаго я хачу), то настолькі губляюся ва ўсіх гэтых складанасцях, што на само рашэнне сілы ўжо няма.
  10. Я больш рэагую на дзеянні іншых, чым дзейнічаю самастойна.
  11. Жаданні і патрэбы іншых людзей для мяне важнейшыя за мае ўласныя. Яшчэ раз звярну ўвагу вернікаў на тое, што кажа запаведзь: любі бліжняга, як сябе самога. Не больш, не менш, а як сябе самога.
  12. Меркаванне іншых людзей для мяне важнейшае за маё ўласнае.
  13. Маё адчуванне ўласнай вартасці прыходзіць да мяне звонку, ад ацэнак іншых лю­дзей і маіх дзеянняў, якія па­цвярджаюць маю вартасць. Я толькі тады адчуваю сябе добрым чалавекам або што раблю добрае, калі мне пра гэта ўсе кажуць. Як толькі нехта не сказаў або сказаў недастаткова выразна, я ўпадаю ў дэпрэсію і не хачу жыць.
  14. Мне цяжка прызнацца ў сваёй ранімасці і папрасіць аб дапамозе. Сузалежныя ўсё «могуць» самі. І нават калі скардзяцца, што не могуць, паўсюль скразное «я сам», «я сама».
  15. Я імкнуся кантраля­ваць іншых.
  16. Я захоўваю вернасць у адносінах да іншых, нават калі яна не апраўданая або прыносіць шкоду. Я дазваляю, каб мяне «тапталі» і «ў гразі качалі», але не кідаю такога сяброў­ства і знаёмства, бо застануся ў адзіноце. А адзінота, між іншым, не такая ўжо дрэнная рэч...
  17. Я ацэньваю сітуацыі з пазіцыі «ўсё або нічога». Я дзялю свет на чорнае і белае, а адценняў не бачу, а паколькі жыццё поўнае адценняў, то і жыць мне не вельмі хочацца.
  18. Я добра пераношу непаслядоўнасць і супярэчлівыя выказванні іншых людзей.
  19. Маё жыццё хаатычнае і поўнае эмацыйных крызісаў. Калі жыццё роўнае, мне гэта не цікава. Калі адносіны з чалавекам роўныя, без «афрыканскіх жарсцяў» і скандалаў, гэта для мяне не адносіны.
  20. Я імкнуся да адносінаў, у якіх адчуваю, што я па­трэбны, і імкнуся захаваць іх такімі. Калі я не патрэбны, то і адносінаў не будзе, таму сузалежнаму чалавеку вельмі цяжка пабудаваць здаровыя адносіны, калі ў ім няма па­трэбы.

Цяпер падлічыце балы і вызначце ступень схільнасці да сузалежнасці:

60–80 — вельмі высокая;
40–59 — высокая;
30–39 — сярэдняя;
20–29 — невысокая.

У кожным з нас ёсць пэўная схільнасць да сузалежнасці — гэта звычайная з’ява. Калі ў вас атрымалася шмат балаў, не злуйцеся на сябе, бо на нешта хварэць — гэта нармальна, гэта часам здараецца. А вось не лячыцца — ужо ненармальна. Калі дыягназ пастаўлены, настаў час для лячэння.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF.

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла