Хрысціянская дабрыня — любоў без ілюзій...

Накарміць галоднага, прыняць у дом падарожных,— гэта ўчынкі міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. Хто б з нас не хацеў, каб нейкі спагадны чалавек з прыпавесці Езуса пра добрага самараніна спыніўся побач з намі, калі мы, абрабаваныя і пабітыя, ляжым у прыдарожным брудзе?

Менавіта пра гэта згадваў Святы Айцец Францішак 11 студзеня ў сваёй прамове да дыпламатаў, заклікаючы «магутных гэтага свету» прыслухацца да словаў Хрыста. «Важна падыходзіць да мігрантаў не толькі з пазіцыі іх рэгулярнага або нерэгулярнага статусу, але перш за ўсё як да людзей, якія — пры павазе да іх годнасці — могуць унесці свой уклад у росквіт і развіццё», — сказаў Папа.

У гэты самы час увесь еўрапейскі свет быў узрушаны падзеямі ў Нямеччыне, якія быццам патрабавалі ад Пантыфіка зусім іншых слоў…

СЛЯЗІНКА ЕЎРАПЕЙСКАЙ ЖАНЧЫНЫ

У навагоднюю ноч у Кёльне некалькі тысяч чалавек традыцыйна сабраліся ў цэнтры горада, каб весяліцца і святкаваць, аднак тое, што адбылося, стала шокам не толькі для Нямеччыны. Большасць натоўпу склалі маладыя людзі арабскага і афрыканскага паходжання, якія сталі рабаваць, пагражаць, дамагацца дзяўчат і жанчын. Адбылося некалькі згвалтаванняў.

Паліцыя не была здольная ці не жадала аператыўна рэагаваць, баючыся палітычных наступстваў і абвінавачванняў у расізме. Агульнанацынальная прэса аказалася таксама палітычнай ангажаванай і пачала пісаць пра злачынствы толькі праз тыдзень, калі скандал ужо немагчыма было замоўчваць.

Інфармацыйны выбух спарадзіў мора рэпартажаў, аналітычных артыкулаў і каментараў. У Беларусі, як і ў цэлым ва Усходняй Еўропе, пераважалі крытычныя заўвагі рознай ступені радыкальнасці ад «эўрапейцы дагуляліся са сваёй талерантнасцю» да «пусцілі дзікуноў да цывілізаваных людзей, гамон Еўропе». На Захадзе, як і раней, у буйных СМІ панавалі спробы апраўдаць «прадстаўнікоў іншай культуры», «няшчасных мігрантаў, якія не ведалі, як сябе паводзіць», а потым з'явіліся спробы даказаць, што самі немцы паводзяць сябе не лепш на масавых мерапрыемствах.

Гэтак было ўкінутае «апраўданне», што на буйнейшым у свеце піўным фэсце «Актобэрфэст», які адбываецца ў Мюнхене, узровень непавагі і гвалту да жанчын мала чым адрозніваецца ад «кёльнскага мігранцкага». Хоць гэтае «апраўданне» было адразу абвергнутае канкрэтнымі лічбамі, але яно трапіла і ў артыкулы беларускіх каментатараў левай палітычнай арыентацыі.

Квінтэсенцыяй гэтай пазіцыі сталі спробы паліцэйскага пераследу ў Кёльне тых мясцовых мужчын, якія патрулявалі горад, каб хоць неяк ахоўваць у ім спакой у тую ноч, калі паліцыя аказалася цалкам недзеяздольнай. Атрымалася так, што гарадская паліцыя не толькі нічога не робіць, каб абараніць еўрапейцаў ад злачынцаў сярод мігрантаў, але карае еўрапейцаў, калі яны спрабуюць абараніцца. Зразумела, што гэткая палітычная ангажаванасць выклікала дадатковае абурэнне людзей і яшчэ больш узмацніла адчуванне ўсёдазволенасці ў злачынцаў.

ХЛУСНЯ, ЯКАЯ ЗАБІВАЕ І ЛАМАЕ ЛЁСЫ

Як жа так сталася, што краіна, якая дагэтуль уяўляецца нам сімвалам парадку і дысцыпліны, аказалася безабароннай? Як выйшла, што добра ўзброеная і падрыхтаваная паліцыя, якая без праблем разганяе футбольных хуліганаў і мітынгі крайнеправых, нічога не магла ці не хацела зрабіць са звычайнымі крымінальнікамі?

Дарэчы, нешта падобнае прыхавана адбывалася многія гады за пралівам Ла-Манш — у ціхім брытанскім Ротэрхеме. Там 16 гадоў запар банда злачынцаў пакістанскага паходжання гвалтавала і прымушала пагрозамі і катаваннямі да прастытуцыі дзяўчат, многім з якіх было па 11-12 гадоў. Ахвярамі сталі больш за 1400 дзяцей.

Паліцыя, якая потым закрывала крымінальныя справы, апраўдвалася тым, што не хацела пераследаваць этнічную меншасць, каб не паказацца «расістамі» і не ўчыняць скандалу. Да таго ж і горадам кіравала лева-ліберальная Лейбарысцкая партыя, за якую звычайна галасавалі якраз пакістанцы.

Гэтая гісторыя стала вядомай толькі летам 2014 года. Усяго 8 пакістанцаў селі ў турму, а іх белыя памагатыя... проста сышлі ў адстаўку. Аналагічныя гісторыі з адбываліся і ў Оксфардзе, Дэрбі, Рочдэйле, Тэльфардзе ды іншых брытанскіх гарадах. Непараўнальную з адсоткам у агульным насельніцтве Брытаніі ролю ў гэтых злачынствах адыгралі мусульмане.

Цяпер следчыя і паліцыя пачынаюць казаць пра такую з'яву як «тахарруш» — сексуальны гвалт, які выкарыстоўваецца натоўпам як сродак запужвання. Гэты феномен быў зафіксаваны ў мусульманскім арабскім свеце ў 2011 годзе і цяпер, відавочна, прыйшоў у Еўропу.

У кёльнскай кроплі адбіўся акіян культурных адрозненняў і хваробаў, ад якіх пакутуюць цяпер і азіяцкі, і еўрапейскі свет. Хлусня тых, хто называў «фашыстам» любога, хто казаў пра патрэбу бараніць еўрапейскую ідэнтычнасць і традыцыі, стала яўнаю і завішчала, нібы вампір, які трапіў пад сонечнае святло.

ІСЦІНА І СВАБОДА

Чаму ж Пантыфік застаўся са сваім меркаваннем, што да мігрантаў, у тым ліку з мусульманскага свету, трэба ставіцца як да асобаў, якія маюць права на дабрыню еўрапейцаў і могуць дапамагчы нам самім?

«Мы пакліканыя служыць Хрысту Распятаму ў кожнай адрынутай асобе. Мы кранаемся плоці Хрыста ў тым, хто выгнаны, галодны, пакутуе ад смагі, шукае прытулку», — кажа Папа ў сваёй новай кнізе «Імя Бога — Міласэрнасць».

Сапраўдная хрысціянская любоў — гэта не ідэалізацыя бліжняга, гэта разумная дапамога яму. Хрысціянскае імкненне да праўды абавязвае да ўсведамлення не толькі цнотаў, але і хваробаў, і заганаў іншага чалавека.

«Не менш значным (чым патрэба дапамагаць уцекачам) ёсць фактар росту небяспекі, які дадаткова ўзмацняецца пагрозай міжнароднага тэрарызму», — адзначыў Папа на сустрэчы з дыпламатамі.

Сапраўдная хрысціянская любоў не можа быць скіраванаю мною на нейкага чалавека за кошт іншых асобаў, нельга дапамагаць адным, адначасова ствараючы небяспеку для іншых.

Мігранты не будуць пагражаць Еўропе, у тым ліку і Беларусі, калі яна будзе прытрымлівацца хрысціянскіх прынцыпаў у палітыцы і маралі, калі будзе трываць у праўдзе і не паддавацца хлусні, рашуча пераследаваць злачынцаў любога паходжання і адначасова падаваць руку дапамогі пакутуючым і выхоўваць іх дзяцей.

Менавіта гэта сапраўдныя еўрапейскія каштоўнасці, якім 1000 гадоў, а не аборты, легалізацыя прастытуцыі і «правы секс-меншасцяў», як кажуць шматлікія свядомыя і несвядомыя прапагандысты антыхрысціянскага і антыеўрапейскага ладу жыцця. Таму выхоўваць належным чынам трэба і беларускіх дзяцей ужо цяпер — каб думалі сваёй галавой, не паддаваліся прапагандзе і маніпуляцыям, умелі аналізаваць інфармацыю з ТВ, інтэрнэту, газет, рабілі самастойныя высновы, не ішлі на спакусу простых рашэнняў.

У нашай гісторыі былі такія прыклады — гэтак сотні гадоў таму нашымі зямлякамі сталі літоўска-беларускія татары і чаркесы, якія разам з нашымі продкамі баранілі Вялікае Княства Літоўскае, самі сталі ў большасці хрысціянамі і далі нашчадкаў з прозвішчамі Татарыновіч, Чаркашэвіч і г.д. Ад тых жа нашых татараў вядзе род па мужчынскай лініі нараджэнец Падляшша і вялікі хрысціянскі пісьменнік Генрык Сянкевіч, аўтар знакамітага рамана «Quo vadis?»

Суіснаванне нідзе і ніколі не было простым і безканфліктным, але ніхто не адмаўляе, што яно шмат дало нашаму народу, зрабіла яго больш моцным і культурна багатым.

Пакуль Еўропа застаецца вернай сваім хрысціянскім караням, вернай праўдзе, вернай Хрысту, яна будзе непераможнай, яе жанчыны і дзеці будуць абароненыя, і яна застанецца духоўным арыенцірам для ўсяго свету.

Папа Бэнэдыкт ХVI калісьці вельмі дакладна казаў пра «неад'емныя хрысціянскія карані еўрапейскай культуры і цывілізацыі» і пра тое, што прычына сучасных праблемаў кантынента — «нянавісць Еўропы да сябе і сваёй гісторыі», адпрэчванне Хрыста.

Мяркую, гэта самы дакладны дыягназ, і ён жа — рэцэпт ад усіх хваробаў нашага часу.

Алякандр Гелагаеў

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла