Душпастырства

Пасвіце статак Божы, што пры вас,
наглядаючы за ім не пад прымусам, 
але добраахвотна, згодна з воляй Божай…
                                                         (1 П 5, 2).

 

Душпастырства моладзі ў парафіі святой Барбары ў Віцебску — гэта цэлая разгалінаваная сістэма. Найпрасцейшы спосаб не заблукаць у гэтай сістэме — пайсці ў тую групу, якая адпавядае маладому чалавеку па ўзросце. Праўда, не толькі ўзрост можа быць вызначальным, але і твой свет захапленняў, жаданне развіваць нейкія дары, якія ты ўжо маеш, альбо пошук таго, у чым ты мог бы найвыразней раскрыцца. Альбо, калі ў цябе ёсць жаданне і натхненне служыць іншым, ты таксама можаш паспрабаваць знайсці сваё месца.

Сустрэчы ў чацвер 

Пачыналася Душпастырства прыкладна гадоў 15 таму са звычайных сустрэчаў моладзі, якія таксама адбываюцца ў розных парафіях. 

Сустрэчы праходзілі ў чацвер, іх праводзіў святар. З часам з’явілася патрэба разгалінавання. Сустрэчы ў чацвер засталіся і цяпер, але іх падрыхтоўкай займаецца не толькі адказны за працу з моладдзю святар (цяпер гэта айцец Тамаш Міка), але і самі ўдзельнікі, якія ўжо служаць аніматарамі. Сёлета гэта — Вольга Барыскіна, Ганна Юралевіч і Юля Хрол. Так, самі ўдзельнікі часта вырашаюць, якія тэмы іх цікавяць, што для іх важна абмеркаваць, у чым разабрацца, каго яны хочуць бачыць госцем-суразмоўцам. На сустрэчах абмяркоўваюцца пытанні псіхалогіі, гаворыцца пра тое, як чытаць Біблію, як практыкаваць веру ў сучасным свеце, як зберагчы яе… Часам запрашаюцца госці. У мінулым годзе, напрыклад, імі былі псіхолаг Ганна Юхневіч, спявак і бард Андрусь Такіндаг. Чым абумоўлены гэты выбар? Найперш тым, як тлумачыць а.Тамаш, што моладзі важна вучыцца ў тых, хто вядзе актыўнае жыццё, хто не абыякавы да таго, што адбываецца навакол, хто мае сваю пазіцыю ў жыцці і рэалізуе сябе. І, што немалаважна, хто ўмее быць шчаслівым, а яшчэ ў дадатак і матэрыяльна забяспечаным. Словам, нам так важна вучыцца жыць!

Для таго, каб сустрэчы не пайшлі на самацёк, лідары напярэдадні сустракаюцца з айцом Тамашам, абмяркоўваюць тэму альбо нейкія дадатковыя нюансы. Штогод адказныя мяняюцца, і гэта дазваляе іншым не быць спажыўцамі хоць бы сабе і духоўнай стравы, але вучыць іх браць таксама і на сябе за штосьці адказнасць. Часам такая сустрэча ператвараецца ў супольны паход на канцэрт, у кіно, на прыроду, а там, вядома ж, і шмат размоваў, і абмеркавання таго, што хвалюе.
 

Евангелізацыйны курс

У ім найчасцей удзельнічаюць студэнты, але гэта не з’яўляецца абмежаваннем для працоўнай моладзі, для маладых сем’яў альбо для людзей старэйшага ўзросту. Духоўны апякун гэтага курсу, вядома, айцец Тамаш, а дапамагаюць яму таксама лідары і аніматары. У курсе зазвычай удзельнічаюць тыя, хто робіць свае першыя крокі ў хрысціянстве, альбо хто калісьці ўжо зрабіў гэтыя крокі, а потым па нейкіх прычынах спыніўся на сваім шляху веры. 

Як знаходзяцца гэтыя людзі? Вельмі проста. У нашым атачэнні — на працы, у каледжы, ва ўніверсітэце, сярод нашых сяброў ды знаёмых, суседзяў — заўсёды знойдуцца людзі, якія прагнуць сустрэць Бога ў сваім жыцці. Але заўважым мы іх толькі тады, калі нашыя сэрцы запалаюць жаданнем адкрываць для іншых Хрыста. Што праўда, для гэтага самім нам трэба гарэць. Не тлець, а гарэць. І дзякуй Богу, што сярод маладых сучасных віцябчанаў ёсць тыя, хто не хоча мець скарб хрысціянскай веры выключна для сябе, але прагне дзяліцца ім з іншымі.

Евангелізацыйны курс доўжыцца тры, тры з паловай месяцы. На працягу яго ўсе ўдзельнікі разам з лідарамі і айцом Тамашам адзін раз выязджаюць кудысьці на выхадныя дні, найчасцей — у шумілінскую парафію. Гэта — не адпачынак на прыродзе, але можа нават найбольш інтэнсіўная духоўная праца. Там таксама адбываюцца канферэнцыі, супольныя малітвы, дзяленне Божым словам, духоўным досведам. Асаблівы акцэнт робіцца ў гэтыя дні на сустрэчу з Духам Святым, перажыванне любові Нябеснага Айца, а таксама Эўхарыстыі.

А калі курс сканчваецца, то пасля перапынку пачынаецца падрыхтоўка да новага: падбіраюцца новыя аніматары, зазвычай з тых, хто наведвае чацвярговыя сустрэчы, але з умовай, калі сам чалавек папярэдне прайшоў евангелізацыйны курс, заахвочваюцца ўдзельнікі для будучага курсу… Заўважым такую немалаважную дэталь: канферэнцыі на евангелізацыйным курсе таксама могуць чытаць свецкія вернікі, але кожны з іх да таго, як яму выйсці да людзей з падрыхтаванай тэмай, найперш выкладае тэму айцу Тамашу, каб пазбегнуць нейкіх памылак, нявысветленых пытанняў, каб яшчэ лепш усё зразумець і пранікнуцца тэмай. Гэта не экзамен перад суровым выкладчыкам, а магчымасць заглыблення ў тэму, пошук лепшых формаў падачы матэрыялу. 

У часе евангелізацыйнага курсу лідары і аніматары робяць шмат асабістых сведчанняў. І гэта вельмі важна, бо менавіта жывое сведчанне, а не сухая, няхай сабе і вельмі правільная тэорыя, найвыразней прамаўляе да людскіх сэрцаў.

Семінар Адновы ў Духу Святым

Першы такі семінар нядаўна прайшоў у парафіі. У правядзенні яго ўдзельнічаюць і святары, і свецкія людзі. Сустрэчы адбываюцца кожную сераду на працягу трох месяцаў. Сістэма падрыхтоўкі канферэнцый тая ж самая — напачатку сустрэча з айцом Тамашам, а потым ужо выхад «у народ». Айцец Тамаш адначасна быў і адказным за гэты семінар, і ягоным удзельнікам. І няхай гэта не шакіруе тых, хто прывык бачыць у святары толькі кіраўніка, прапаведніка ды амаль бязгрэшнага чалавека. Святару таксама часта мае сэнс аднаўляць сваю веру, паглыбляць яе, задумвацца над тым, што няхай сабе і даўно вядомае, але за пэўны час магло пакрыцца слоем павуціння. А гэтае павуцінне ў духоўным жыцці можа нанесці вялікую шкоду.

Чым адрозніваецца Семінар Адновы ў Духу Святым ад евангелізацыйнага курсу? Найперш тым, што ў часе курсу людзі сустракаюцца раз на тыдзень, слухаюць канферэнцыі, моляцца, разважаюць над Божым словам, а потым разыходзяцца на тыдзень. У часе ж семінару праграма распрацаваная так, што пасля сустрэчы ў касцёле духоўнае жыццё чалавека не перапыняецца, бо ён кожны дзень ужо дома самастойна разважае над прапанаваным фрагментам са Святога Пісання. Кожны дзень — новы фрагмент. Разважанні рыхтуе айцец Тамаш, яны дапамагаюць удзельнікам семінара лепш зразумець Божае слова, вучыцца прымяняць яго ў сваім жыцці. Такое чытанне Бібліі дысцыплінуе і, што немалаважна, вучыць звяртацца да Святога Пісання штодня, вучыць слухаць і распазнаваць Божы голас і ў Бібліі, і ў жыцці. Да таго ж, фрагменты Божага слова заўсёды адпавядаюць тэме канферэнцый, якія ўдзельнікі праслухоўваюць у сераду.

Тэмы абмяркоўваюцца дэталёва. Напрыклад, калі разглядаецца тэма граху і пакаяння, то пасля канферэнцыі ўдзельнікі разбіраюцца ў розных праблемах, якія спадарожнічаюць грахоўнасці чалавека. Ці толькі гэта паводзіны чалавека? Згадаем, напрыклад, грэх эгаізму. Ты не пазычыў камусьці кнігі, не дапамог чалавеку ў нечым. Але важна назваць не толькі сам факт, але і зразумець прычыну: чаму ты гэтак зрабіў, якую ты меў пры гэтым мэту, чаго ты хацеў дасягнуць? І ўжо ў выніку — што з гэтага атрымалася…

У гэтым семінары ставіцца мэта пазнавання самога сябе, бо для таго, каб штосьці выпраўляць, трэба найперш дасканала гэта ведаць. 

На працягу семінара людзей чакаюць адкрыцці. Напрыклад, яны зразумеюць, што не ўмеюць маліцца альбо робяць гэта неахвотна. А прычына зноў жа ў тым, што чалавек кепска ведае самога сябе. Так адбываецца з намі не толькі на падобным семінары, але і ў штодзённым жыцці. Адно што мы самастойна не заўсёды задумваемся над такімі рэчамі, таму семінар можа стаць нагодай зразумець штосьці вельмі важнае. Зразумець, каб потым прыкласці намаганні і выправіць скрыўленае. Словам, «простымі рабіце сцежкі Яму» (Мк 1, 3). 

Завяршаецца курс малітвай, святарскім благаслаўленнем удзельнікаў на евангелізацыю. Як, у якой форме будзе праходзіць евангелізацыя — гэта вырашаць святар разам з моладдзю. Але яна абавязкова будзе, бо наша вера толькі тады жывая і моцная, калі мы дзелімся ёю з іншымі.
 

«Таліта, кум!»

У перакладзе з арамейскай мовы «Таліта, кум!» азначае: «Дзяўчынка, кажу табе, устань!» (гл. Мк 5, 41). Гэтыя словы сказаў Езус дачцэ Яіра. Менавіта яны і далі назву групе спевакоў і музыкаў. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты служаць Богу тымі дарамі, якія атрымалі ад Яго. Служаць прыгожа, захоплена, актыўна. І не толькі ў сваёй парафіі, але часам і ў горадзе. Напрыклад, у моладзевым клубе «Чердачок» з нагоды адкрыцця новага сезону Душпастырства яны наладзілі ў верасні не проста канцэрт, але і евангелізацыю тых, хто прыйшоў на вечарыну. Былі спевы, танцы, флэшмобы, прагляд відэафільма з летніх вакацый, было смелае сведчанне аднаго хлопца, які пасля дарожнай аварыі адкрыў для сябе любоў Бога Айца праз свайго роднага бацьку… 

Тая падзея засталася ў памяці не толькі вернікаў, але і некаторых з тых, хто можа ўпершыню ў жыцці пачуў штосьці пра Езуса, упершыню бачыў, як ягоныя равеснікі радасна спяваюць свайму Богу. Пасля тае падзеі некалькі чалавек прыйшлі ў касцёл святой Барбары, і цяпер яны з’яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі ўсяго, што тут адбываецца і перажываецца.

Моладзевая вакальна-інструментальная група 

Яе ўдзельнікі спяваюць на Імшы ў касцёле. Сустрэчы групы — гэта не толькі рэпетыцыі, але і малітвы, і дзяленне паміж сабой. А яшчэ гэты калектыў спявае і моліцца на малітвах праслаўлення і аздараўлення, якія адбываюцца ў першую пятніцу месяца.

 

…Усё, пра што мы гаварылі з айцом Тамашам воглым снежаньскім вечарам, тычылася найперш працы з моладдзю. Але апроч гэтага ў парафіі працуе душпастырства сем’яў, якое, у сваю чаргу, дзеліцца на «Сужэнскія сустрэчы» і «Хатні касцёл», працуе душпастырства падлеткаў, якім кіруе айцец Павел Мажэйка. Альбо, напрыклад, ёсць цікавая група «Маладыя-дарослыя». Гэта тыя, хто ўжо нібыта і сталыя па ўзросце, але па сваім светаўспрыманні яшчэ маладыя. Гэта могуць быць і маладыя сем’і, а таксама хлопцы і дзяўчаты, якім за 25. Яны ўжо не студэнты, у іх працоўнае, а часта і сямейнае жыццё, і зразумела, што гэтых людзей цікавяць іншыя тэмы. З імі займаецца айцец Крыштаф Кац’ян.

Важныя і сустрэчы хору «Гасанна», якія таксама не абмяжоўваюцца выключна рэпетыцыямі, бо ягоныя ўдзельнікі пад кіраўніцтвам айца Браніслава Дашкевіча пастаянна дбаюць пра свой духоўны рост. Ёсць тры маленькія групы людзей рознага ўзросту, удзельнікі якіх працуюць па кнізе «Этапы жыцця ў свабодзе», што выкарыстоўваецца на рэкалекцыях «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Кіруе групай айцец Крыштаф Кац’ян, а біблійную групу вядзе айцец Віталь Сапега… 

Рызыкую чагосьці не назваць, штосьці прапусціць. Ды не ў гэтым, мабыць, справа. Найважней тое, што кожны чалавек у гэтай парафіі мае шанец не спыняцца на сваім шляху веры, а большымі альбо меншымі крокамі ісці па ім — далей і далей… І гэта вельмі важна! Бо многім з нас так шкодзіць самадастатковасць, самазадаволенасць, калі мы лічым, што мы ўжо дасягнулі чагосьці, што мы ўжо не памыляемся ў сваім выбары і жывём правільна… А тут ёсць шанец адкрыць праўду пра сябе, часам вельмі нечаканую, для таго, каб ацаліцца, вызваліцца ад таго, што замінае табе ў тваім хрысціянстве. 

І яшчэ адна вельмі важная рэч. Душпастырства — гэта не катэхізацыя. Навучаць людзей праўдам веры, Катэхізісу маюць святары, сёстры законныя ды свецкія людзі, у якіх ёсць адпаведная адукацыя. Душпастырства ж ставіць перад сабой задачу вучыць людзей жыць у супольнасці, дзяліцца сваім досведам веры, практыкаваць яе. Чытачы, напэўна, заўважылі, як шмат у Душпастырстве занята свецкіх людзей. І гэта мае свой сэнс, бо, як сказаў мой суразмоўца, айцец Тамаш, яны на практыцы ведаюць, як гэта — жыць сярод людзей, якія не прызнаюць Бога, яны ведаюць, як гэта — працаваць на заводзе і практыкаваць веру альбо як заставацца хрысціянінам у «прасунутым» студэнцкім асяроддзі. І таму такім важным з’яўляецца менавіта іх сведчанне для сваіх равеснікаў. Да таго ж, у душпастырстве бярэ ўдзел моладзь з усяго горада, незалежна ад месца жыхарства. Дом айцоў дамініканаў у Віцебску адчынены без перабольшвання для ўсіх, хто шукае альбо толькі пачынае шукаць Хрыста.

— Усё гэта робіцца ў супольнасці з Езусам, — зазначыў пад канец нашай размовы айцец Тамаш, — гэта не справа аднаго альбо некалькі чалавек. Гэта наша агульная справа з Езусам. Яму хвала і падзяка!

 

…У той вечар, калі мы размаўлялі з айцом Тамашам, нас чакала яшчэ працяглая малітва з удзельнікамі Семінару Адновы ў Духу Святым. Праз некалькі гадзін, калі яна ўжо скончылася і я апоўначы нарэшце дабралася да гасціннага дому маіх сяброў, я раптам падумала, што вось гэта, мабыць, і ёсць хрысціянскае шчасце — працаваць так, нібы ўсё залежыць ад цябе, і давяраць Богу з упэўненасцю, што ўсё залежыць ад Яго. Здаецца, святы Аўгустын менавіта так і жыў… І, хіба што, так жывуць і служаць у Віцебску, у парафіі святой Барбары, айцы дамінікане. Прынамсі, я так гэта зразумела.

Для тых віцябчан, якія могуць зацікавіцца душпастырствам у парафіі Святой Барбары, падаем адрас моладзевай групы ў Кантакце: http://vk.com/club_z_bogam.

 

Ірына Жарнасек.

Фота з архіва парафіі.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла