Пра Юбілейны Год Міласэрнасці

Шаноўныя чытачы! Юбілейны Год Міласэрнасці павінен стаць часам вялікіх Божых ласкаў. Гэта не проста напамін пра глыбіні і цуды міласэрнасці Бога, але і запрашэнне кожнага верніка да канкрэтных крокаў, учынкаў, высілкаў. Аднак многія яшчэ не да канца ўсведамляюць, якім шляхам яны могуць прыйсці да гэтай крыніцы Божай міласэрнасці, і блытаюцца ў паняццях. Што такое Брамы Міласэрнасці і дзе яны знаходзяцца? Як атрымаць адпуст у Юбілейны Год? Хто такія місіянеры міласэрнасці і для чаго яны прызначаныя? На гэтыя пытанні адказвае айцец Аркадзь Куляха.

Езус ёсць абліччам міла­сэрнага Бога Айца. Гэта праўда, якую Касцёл пастаянна абвяшчае вуснамі сваіх пастыраў. Святы Айцец Францішак ад пачатку свайго Пан­тыфікату з пакораю і адказнасцю за лёс чалавецтва і свету не перастае заклікаць людзей да даверу Богу і Яго міласэрнасці. Асаблівым выразам клопату Папы стала абвяшчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. 

Звычай юбілеяў існуе ўжо ў Старым Запавеце. У габрэяў юбілей, які адзначаўся адзін раз у 50 гадоў, меў рэлігійны характар і быў часам даравання даўгоў і вяртання роўнасці ўсім сынам Ізраэля. Каталіцкая юбілейная традыцыя, якую распачаў папа Баніфацый VIII, засяроджана на духоўным яднанні з Богам і паміж людзьмі. Мэтаю юбілеяў ёсць аднаўленне повязі з Богам і бліжнімі праз пакаянне, прыняцце Божага прабачэння грахоў і перамену жыцця. 

Папа Францішак прагне разам з усімі членамі Касцёла праз Надзвычайны Год Міласэрнасці паказаць чалавеку сучаснага свету міла­сэрнага Бога, які заклікае ўсіх вярнуцца да Яго. Акт Пантыфіка — гэта свайго роду выразны сігнал трывогі і адначасова знак надзеі. Святое Пісанне аб’яўляе Бога, які ёсць міласэрнаю любоўю і не хоча смерці грэшніка, але хоча, каб ён навярнуўся і жыў (пар. Эз 18, 32; Ян 4, 8.16). Прыняцце міласэрнага прабачэння ад Бога патрабуе ў сваю чаргу дзялення міласэрнасцю з бліжнімі (пар. Мц 6, 14-15), паколькі Бог больш за ахвяры прагне менавіта міласэрнасці (пар. Мц 9, 13). Святая Фаўстына, якая атрымала ад Бога заданне казаць свету пра Божую міласэрнасць, перадала нам поўныя надзеі словы Езуса: «Дачка Мая, кажы ўсяму свету пра Маю неспасцігальную міласэрнасць. <...> Мая міласэрнасць такая вялікая, што на працягу ўсёй вечнасці не спасцігне яе ніякі розум — ані чалавечы, ані анёльскі. Усё, што існуе, выйшла знутры Маёй міласэрнасці. Кожная душа ў адносінах да Мяне будзе цэлую вечнасць разважаць над Маёю любоўю і міласэрнасцю. <...> Не зведае чалавецтва спакою, пакуль не звернецца да крыніцы Маёй міласэрнасці» (Дз., 699).

Асаблівым знакам Святога Году ёсць пілігрымка да юбілейнай святыні і пераход праз Святыя Дзверы — Браму Міласэрнасці. Святы Айцец, беручы пад увагу той факт, што не кожны зможа пілігрымаваць у Рым, пастанавіў, каб ва ўсіх дыяцэзіях, па рашэнні біскупа, былі ўстаноўлены юбілейныя святыні. Гэта так­сама знак міласэрнасці, каб як мага больш вернікаў маглі спазнаць Божую ласку. Такім чынам, і ў нашай краіне практычна амаль кожны вернік мае магчымасць прайсці праз Браму Міласэрнасці ў тым касцёле, які найбліжэй да яго па адлегласці ці па сэрцы.

У Евангеллі Езус кажа, што Ён — брама, і што ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Яго (пар. Ян 10, 9; 14, 6). Згодна з воляю папы Францішка, пераход праз Браму Міласэрнасці — гэта сімвал аддання сябе Богу, гатоўнасці прызнання грахоў і перамены жыцця. Брама вядзе непасрэдна да сакрамэнту паяднання, гэта ўваход у святыню Бога, дзе Ён сам чакае чалавека, каб прабачыць яму грахі і аднавіць яго годнасць Божага дзіцяці праз споведзь. Брама вядзе таксама да Эўхарыстыі, у якой Бог сілкуе нас сваім Целам і яднае з бліжнімі. Пераход праз Браму Міла­сэрнасці не ачышчае вернікаў, не адпускае грахоў, але з’яўляецца выразам гатоўнасці дазволіць Богу атуліць сябе моцаю Яго міласэрнасці і станавіцца міласэрным, як Айцец. Свядомае пілігры­маванне і ўваход праз Браму Міласэрнасці аддзяляе ў чалавеку ўнутранае ад знешняга, грэх ад ласкі (пар. Міх 7, 18-19), дазваляе ўвайсці ў новую прастору, поўную міласэрнасці, а не асуджэння (пар. Мц 9, 13); сімвалізуе Божую абарону і вядзе да крыніцы збаўлення (пар. Ян 10, 7).

Пераход праз Браму Мі­ла­сэрнасці нагадвае ўсім ахры­шчаным пра іх адказнасць за сваё хрысціянскае жыццё і рашучае імкненне жыць у свабодзе Божых дзяцей, пакінуўшы усё, што пярэчыць гэтай годнасці. Гэта акт веры ў Езуса Хрыста: Бога, Пана і Адкупіцеля. 

У Год Міласэрнасці кожны вернік можа атрымаць адпуст, г. зн. выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы. Юбілейны адпуст атрымліваюць тыя, хто праходзіць праз Браму Міласэрнасці, а таксама хворыя, асобы старэйшага ўзросту і хто ўжо не можа выходзіць з дому, калі ён удзельнічае ў святой Імшы ці супольнай малітве, а таксама праз сродкі камунікацыі, і калі прымае святую Камунію. Святы Айцец пастанавіў таксама, каб і вязні маглі атрымаць адпуст у вязнічных капліцах, а таксама праходзячы праз дзверы сваёй камеры (для іх яны і ёсць Брамаю Міласэр­насці), кіруючы свае думкі і малітву да Айца. Для атры­мання адпусту неабходна таксама выкананне ўчынкаў міласэр­насці (катэхізіс называе 7 адносна цела і 7 адносна душы). Варта адзначыць, што для атрыманя адпусту недастаткова прайсці праз Браму Міласэрнасці ці выканаць прадпісаны ўчынак. Для атрымання поўнага адпусту вернік павінен быць у стане асвячальнай ласкі (пасля споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях, прызначаных Святым Айцом на дадзены месяц (звычайнай выбіраецца малітва «Ойча наш» ці «Вітай Марыя», ці «Веру ў Бога»). Важнай умовай поўнага адпусту ёсць выключэнне ўсялякай прывязанасці да граху. Калі будуць выкананы не ўсе ўмовы, то адпуст бу­дзе частковым. Пасля адной споведзі можна атрымаць некалькі поўных адпустаў (на працягу некалькіх дзён), аднак са святой Камуніяй звязаны толькі адзін поўны адпуст. Правільным будзе наведванне юбілейнай святыні, спалучанае са споведзю і поўным удзелам у святой Імшы. У выпадку, калі па нейкіх прычынах вернік не можа прыступіць да споведзі, яго пераход праз Юбілейную Браму і малітва ў святыні стане выразам веры і духоўнай лучнасці з Богам, які любіць кожнага чалавека.

Папа Францішак прагне паказаць сучаснаму свету клопат Касцёла аб Божым народзе, таму на час Вялікага посту пастанавіў скіраваць ва ўвесь свет місіянераў мі­ласэрнасці. Яны павінны стаць жывым знакам праўды пра Бога, які хоча надзяліць свой люд дарам прабачэння. Святы Айцец дасць гэтым святарам уладу прабачаць грахі, права на прабачэнне якіх замацаванае за Апостальскаю Сталіцаю. Выбраныя місіянеры будуць праводзіць місіі, рэкалекцыі, а перадусім стануць вестунамі радасці, прабачэння і слугамі паяднання праз сакрамэнтальную споведзь. Варта ўсведамляць, што кожны святар — гэта місіянер міласэрнасці, па­кліканы Богам для таго, каб штодзень быць Ягоным сведкам і слугою прабачэння. Таму Год Міласэрнасці можа стаць яшчэ адной нагодай дзякаваць Богу за дар святароў, маліцца аб святасці для іх і аб новых пакліканнях. У нейкай ступені кожны вернік можа стаць сведкам і вестуном Божай міласэрнасці ў сваёй сям’і і сваім асяроддзі. 

Святы Айцец, абвяшчаючы Год Міласэрнасці, запрашае нас яшчэ раз адкрыць праўду пра Бога, Яго ласку і любоў, якая мацнейшая за чалавечы грэх. Папа заахвочвае нас быць будаўнікамі міласэрнасці ў свеце. Мы маем патрэбу пастаянна сузіраць таямніцу Бога, бо ў ёй — крыніца радасці, суцяшэння і міру. Наш Пан Езус Хрыстус сказаў нам пра гэта праз святую сястру Фаўстыну: «Скажы душам, дзе яны павінны шукаць суцяшэння, — у судзе міласэрнасці (гэта значыць у сакрамэнце пакаяння); там — найвялікшыя цуды, якія пастаянна паўтараюцца. Каб заслужыць гэты цуд, не трэба здзяйсняць ні далёкай пілі­грымкі, ні якіхсьці знешніх абрадаў — дастаткова з вераю прыступіць да падножжа Майго намесніка і сказаць яму пра сваю бяду, і цуд Божай міласэрнасці з’явіцца ва ўсёй паўнаце. Нават калі душа, як труп, загнівае, і ў людскім разуменні ўваскрашэнне ўжо немагчымае, і ўсё ўжо страчана — для Бога гэта не так; цуд Божай міласэрнасці ўваскрашае такую душу ва ўсёй паўнаце. Бедныя тыя, хто не карыстаецца гэтым цудам Божай міласэрнасці; дарэмна будзеце клікаць — будзе ўжо запозна» (Дз., 1448).

 Айцец Аркадзь Куляха

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла