«Божая Міласэрнасць выбрала нас…»

Юбілейны Год Божай Міласэрнасці стаў асаблівым годам і ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску. Тут распачатае будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці. Ужо некалькі гадоў у парафіі знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці, і штодня а 15-й гадзіне перад гэтым абразом прамаўляецца Вяночак да Божай Міласэрнасці — малітва, якая мае жывую інтэрнэт-трансляцыю праз афіцыйны сайт Каталіцкага Касцёла http://catholic.by/. Пра гэта сёння гаворка з пробашчам парафіі, ксяндзом Генадзем Кухарэвічам CSMA.

— Парафія Маці Божай Ружанцовай, пробашчам якой Вы з’яўляецеся, на сёння сканцэнтравала ў сабе некалькі знакавых сімвалаў культу і гэткім чынам стала адным з цэнтраў шанавання Божай Міласэрнасці. Вы і Вашая парафія рыхтаваліся да такой місіі ці гэта адбылося незалежна ад Вашага чакання і волі?

— У сваім жыцці я неаднойчы пераконваўся, што Божы Провід сапраўды ёсць і ён дзейнічае заўсёды, што ён ніколі не стамляецца быць з намі ў нашай радасці і цярпенні, у нашых перажываннях і страхах — ён заўсёды з намі. Гэта асабліва бачна, калі крыху азірнуцца назад: чамусьці мне ўзгадваецца, як я, будучы малым міністрантам у сваёй роднай парафіі ў Васілішках на Гродзеншчыне, у мясцовым касцёле сядзеў у прэзбітэрыі менавіта насуп­раць абраза Езуса Міласэрнага. І гэты абраз мяне вельмі захапляў, бо Езус на гэтым абразе быў вельмі дзейсны — Ён хутка крочыў, спяшаючыся насустрач чалавеку. Але найбольш захапляльным для мяне было тое, што Езус глядзіць у вочы і ўсміхаецца. Ён усмешлівы — і мяне гэта вельмі ўражвала! Ці ж мог тады я, малое дзіця, уявіць, што з гэтым абліччам імклівага і ўсмешлівага Езуса Міласэрнага спаткаюся як святар, як манах Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала, як пробашч парафіі, які адказвае за будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці?

А ў жыцці гэтыя шляхі склаліся так, што ў 2003 годзе кіраўніцтва маёй Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала распачало перамовы са святой памяці ксяндзом кардыналам Казімірам Свёнткам пра пачатак майго служэння ў Мінску. Парафія была ўжо зарэгістраваная, але больш не было нічога. Мы маліліся ў дамах парафіянаў, але асаблівым месцам малітвы для мяне было голае неба ў Лошыцкім парку на парэштках даўняй капліцы. Гэта было месца, якое патрабавала аднаўлення і ацалення, як і ацалення душаў людзей у гэтым агромністым мегаполісе. І аднаго разу, калі мы маліліся каля крыжа на парэштках гэтай капліцы, там з’явіўся невялічкі абраз Божай Міласэрнасці. Ён прабыў там дзесьці з месяц і раптам кудысьці знік. Я быў моцна ўражаны, калі неўзабаве кардынал прыняў рашэнне, што менавіта тут, у нашай парафіі, будзе будавацца Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці. Звычайна санктуарыі з’яўляюцца там, дзе ўжо ёсць святыня, дзе ёсць пэўная рэліквія, і тады распаўсюджваецца яе культ. Для мяне было вельмі незвычайна, што Бог захацеў пабудаваць на гэтым голым, разбураным месцы штосьці новае, моцнае, трывалае на фундаменце любові і міласэрнасці.

Некаторы час вакол гэтай ідэі была пэўная ціша, але аднойчы разам з сем’ямі парафіянаў мы вярталіся з Польшчы, дзе пабывалі ў санктуарыі Божай Міласэрнасці. І там, узгадваючы пра нашую сітуацыю, я падумаў, што, пэўна, ідэя будаўніцтва немагчымая для рэалізацыі. І з гэтымі пачуццямі напісаў і пакінуў у санктуарыі картку ў інтэнцыі нашага будаўніцтва. Калі мы вярнуліся ў Мінск, неўзабаве мне патэлефанаваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і сказаў, што абраз Езуса Міласэрнага, які быў на той час у архікатэдральным касцёле, распачынае перэгрынацыю па дыяцэзіях Беларусі, а пасля перэгрынацыі ён будзе перададзены ў нашую парафію, каб пазней быць змешчаным у будучым Нацыянальным санктуарыі Божай Міласэрнасці. Гэта было новае ўзрушэнне ад таго, што Бог так хоча рэалізаваць ідэю сваёй міласэрнасці праз нас, слабых людзей. Як казаў святы Павел і як напісана на маім прыміцыйным абразку: «Сіла ў слабасці ўдасканальваецца». Бог нагадаў, што Ягоная  ласка і міласэрнасць невычэрпныя, толькі трэба спаўна давярацца Яму. З таго часу гэтая ідэя будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя пакрысе ўвасабляецца ў жыццё. 

— Адкуль паходзіць гісторыя абраза Божай Міласэрнасці, які цяпер ёсць у вашай парафіі і пра які вядзецца гаворка, і адкуль паходзіць гісторыя шанавання самога культу Божай Міласэрнасці?  

— Культ Божай Міласэрнасці — самы новы і, бадай, найбольш распаўсюджаны сярод вядомых культаў у Каталіцкім Касцёле. Існуе пяць формаў культу: абраз Езуса Міласэрнага, свята Міласэрнасці, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзіна міласэрнасці і распаўсюджванне культу Божай міласэрнасці. Праўда пра Божую міласэрнасць вядомая ад вякоў, яна ёсць у Святым Пісанні: Езус паказвае, што Ён не стамляецца быць цярплівым і міласэрным да кожнага чалавека. Але ў міжваенны час — паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, калі асабліва ўзмацніўся грэх і людское цярпенне, — Езус ізноў паклікаў людзей да сваёй міласэрнасці і абвясціў яе праз манашку — святую сястру Фаўстыну. Гэтае пакліканне яна запісала ў сваім «Дзённіку», і такім чынам сталася найвялікшай прапаведніцай Божай міласэрнасці — культу, заснаванага на поўным даверы Богу, пакоры і міласэрнасці, асабліва да бліжняга. Чалавек, які выконвае гэтыя ўмовы, з’яўляецца жывым вобразам Божай міласэрнасці. У Каталіцкім Касцёле свята Божай міласэрнасці ўсталяванае 30 красавіка 2000 года святым Янам Паўлам II з нагоды далучэння да ліку святых сястры Фаўстыны, і адзначаецца яно ў першую нядзелю пасля Вялікадня. 

Абраз Езуса Міласэрнага ў нашай парафіі — гэта адзіная ў Беларусі копія абраза Езуса Міласэрнага, напісанага са словаў святой Фаўстыны Кавальскай. З яе словаў напісаныя два арыгінальныя абразы Езуса Міласэрнага: адзін з іх знаходзіцца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве, а другі ў санктуарыі, дзе ў свой час служыў спаведнік сястры Фаўстыны, благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька, у Вільні. У пасляваенны час, калі абразу пагражала знішчэнне, ён, дарэчы, перазахоўваўся ў нас у Беларусі, у Новай Рудзе на Гродзеншчыне. Дык вось абраз у нашай парафіі — гэта копія віленскага абраза. 

Калі папа Францішак абвясціў Год Божай Міласэрнасці, наш абраз пілігрымаваў ва ўрачыстай працэсіі да Брамаў Божай Міласэрнасці, якія ў Мінску адчыніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пасля абраз ізноў вярнуўся да нас. 

У сувязі з Надзвычайным Годам Божай Міласэрнасці ёсць рашэнне біскупаў Беларусі аб тым, каб перад абразом а 15-й гадзіне штодня трываў Вяночак да Божай Міласэрнасці, і каб гэтая малітва мела жывую інтэрнэт-трансляцыю праз інтэрнэт-сайт catholic.by. Каб людзі, якія працуюць, а асабліва хворыя, прыкутыя да сваіх ложкаў у сваіх дамах, а магчыма, у бальніцах, маглі таксама злучыцца з намі ў супольнай малітве. З мінулага года біскуп Юры Касабуцкі распачаў традыцыю малітвы-аддання Беларусі Божай міласэрнасці. Сёлета, у Год Божай Міласэрнасці, такую малітву-адданне нашай Бацькаўшчыны Божай міласэрнасці правядзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Калі глядзіш на гэтыя праявы Божай міласэрнасці, то разумееш, які ты малы, а Бог вялікі. Яму не страшныя ні руіны, ні пустэчы, якія Ён палівае дажджом сваёй міласэрнасці, каб ізноў ажыло сцярпелае людское сэрца.

«Вяночак да Божай Міласэрнасці — апошняя дошка паратунку...» Менавіта так сказаў сам Езус пра гэтую малітву. Ён наказаў сястры Фаўстыне нястомна маліцца гэтай малітвай і абяцаў таксама, што кожны, хто будзе яе прамаўляць, атрымае вялікую міласэрнасць у хвіліну смерці.

— Вяночак да Божай Міласэрнасці — гэта штодзённая малітва а 15-й гадзіне, але людзі ў гэты час працуюць... Ці не складаная гэта задача?

— 8 снежня — у дзень Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, калі былі адчыненыя Брамы Міласэрнасці ў санктуарыях і касцёлах свету, мы распачалі штодзённую малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці. І ўпершыню ў гісторыі нашага Касцёла гэтая малітва пачала транслявацца праз інтэрнэт для вернікаў нашай парафіі і ўсяго Касцёла. Але ў нашай парафіі мы молімся Вяночак вельмі даўно, і ўжо гадоў пяць, таксама штодня, а 15-й гадзіне выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, які застаецца да вячэрняй святой Імшы, каб кожны чалавек мог прыйсці і памаліцца.

Я не сказаў бы, што тут ёсць якіясьці цяжкасці. Так, было такое хваляванне, ці зможам мы адказна выканаць пастаўленую задачу, ці дамо рады, ці будзе дастаткова на малітве людзей. Але людзі ёсць увесь час, асабліва падчас выходных дзён. І для нас, святароў, для парафіі гэтае набажэнства не з’яўляецца якімсьці цяжарам. Гэтага цяжару зусім не адчуваецца, але адчуваецца благаслаўленне і Божая ласка ў справе ўзрастання і ўмацавання нашай парафіі, нашага жывога Касцёла, і ласка благаслаўлення ў справе будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці. 

— Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці — гэта месца асаблівага пакланення і малітвы да Езуса Міласэрнага. На нашай еўрапейскай прасторы такіх санктуарыяў толькі два — у Кракаве і Вільні. У Беларусі нямала знакавых для Касцёла месцаў, але Нацыянальны санктуарый будуецца ў маленькай парафіі на ўскраіне Мінска. Гэта ўскладае на Вас пэўную адказнасць. Што вы пра гэта думаеце?

— Я магу толькі сказаць, які цудоўны Божы Провід. Сапраўды, у нашай парафіі няма, так бы мовіць, матэрыяльнай базы: у нас ёсць невялічкая капліца, якая паўстала пяць гадоў таму на голым месцы. У нас маленькая катэхетычная зала, якая туліцца ў набытым старым і адрамантаваным вагончыку. У нас няма нейкай сталай фінансавай падтрымкі альбо шчодрых мецэнатаў, і будова ідзе паволі, бо вымагае немалых фінансавых і матэрыяльных сродкаў. Але нашая парафія расце і мацнее людзьмі, і хоць малымі крокамі, але мы ідзём наперад. Мы ўжо правялі амаль усе неабходныя інжынерныя сеткі: праклалі кабелі электрычнасці, вады, газу, выканалі амаль усе падземныя работы, а гэта вымагала сродкаў большых, чым, пэўна, узвя­дзенне самога будынка касцёла. Цяпер перад намі стаіць задача зрабіць усе камунікацыі і распачаць усталёўваць фундамент. Але наперад мы шмат не плануем — будуем па меры сілаў і сродкаў, і ўсё, што мы маем для будаўніцтва, складаецца з ахвяраванняў нашай Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала і вернікаў. Нашыя парафіяне збіраюць ахвяры і зарабляюць на будаўніцтва ўсімі магчымымі сродкамі: збіраюць ахвяраванні ў іншых парафіях, уласнымі рукамі выпякаюць слодычы, шыюць цацкі, робяць свечкі, за якія людзі таксама складаюць ахвяры. І гэтак, паволі, мы разам узводзім духоўны і матэрыяльны Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці. Гэтак Бог паслугоўваецца малымі, простымі і слабымі людзьмі і, пэўна, гэтак жадае навучыць нас давярацца Яму. Нашыя парафіяне выбралі Бога галоўным у сваім жыцці, а Божая міласэрнасць выбрала нас. Таму галоўная ў гэтай справе малітва, бо гэтая праца пераўзыходзіць людскія высілкі і будзе марнаю без Божай ласкі, без ласкі Езуса Міласэрнага. А ў Бога няма немагчымага. 

Таму запрашаем усіх чытачоў часопіса «Ave Maria», усіх вернікаў і людзей добрай волі памаліцца за будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці ў нашай парафіі Маці Божай Ружанцовай і мікрараёне Лошыца ў Мінску. Штодня а 15-й гадзіне чакаем вас у нашай капліцы на вуліцы Гашкевіча, 1, каб разам памаліцца перад абразом Езуса Міла­сэрнага. Далучайцеся да малітвы таксама а 15-й гадзіне праз інтэрнэт-сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі http://catholic.by. Няхай у гэтым Годзе Божай Міласэрнасці Езус Міласэрны аддзячыць вам і атуліць вас і вашыя сем’і сваёю любоўю, ласкаю і міласэрнасцю.

Размаўляла Галіна Абакунчык.

Фота з архіва парафіі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла