Святы Валянцін

Успамін — 14 лютага

Рымскі мартыралог двойчы згадвае св. Валянціна. Першы раз — як рымскага святара, замучанага і забітага падчас пераследу хрысціянаў у гады панавання імператара Клаўдзія ІІ, другі раз —як біскупа Інтэрама (цяпер Тэрні), апекуна закаханых. Але няма дакладных звестак, якія пацвярджаюць існаванне гэтых дзвюх асобаў. Магчыма, што гэта быў адзін і той жа чалавек. 

Св. Валянцін жыў на пераломе ІІ–ІІІ стагоддзяў. У часы панавання імператара Клаўдзія Рым быў уцягнуты ў крывавыя непатрэбныя войны, таму мужчыны не жадалі ісці ў армію. Гэта стала прычынаю таго, што імператар абвясціў забарону на жаніцьбу. Св. Валянцін не раз парушаў гэты абавязковы закон, патаемна ўдзяляючы шлюбы маладым легіянерам. 

У дзень успаміну св. Валянціна прынята дасылаць блізкім паштоўкі з пажаданнямі, прызнаннямі ў каханні, прыгожымі вершамі. Адна з легендаў апавядае, што кінуты ў вязніцу Валянцін за дзень да смерці напісаў ліст сляпой дачцэ вартаўніка з пазнакаю: «Ад твайго Валянціна». Ад гэтага дасланага ліста дзяўчыне вярнуўся зрок. Вестка пра цудоўнае аздараўленне дайшла да імператара, які загадаў неадкладна ўчыніць экзекуцыю над святым. Валянціна моцна білі, а калі ён памёр, адсеклі яму галаву. У агоніі смерці Валянцін даручыў Божай апецы людзей, якія пакутуюць на эпілепсію, падагру і іншыя хваробы.

Пасля смерці св. Валянціна пабожная рымлянка Сабініла папрасіла аддаць ёй цела забітага, каб пахаваць на ўласнай зямлі ў Рыме. Над магілаю св. Валянціна папа Юлій І пабудаваў базыліку. Пасля яе знішчэння ў VІІ ст. рэліквіі святога перанеслі ў іншае месца. 

Цяпер рэліквіі святога Валянціна знаходзяцца ў базыліцы горада Тэрні, якая стала каталіцкім санктуарыем і адным з месцаў шматлікіх пілігрымак. У часы Сярэднявечча культ св. Валянціна ахапіў амаль усю Еўропу. На тэрыторыі Германіі святога заклікалі яшчэ як апекуна падчас цяжкіх хваробаў (асабліва нервовых і эпілепсіі). Рэліквіі святога мае таксама адзін з парафіяльных касцёлаў Баварыі.  

Св. Валянцін спрычыніўся да шматлікіх аздараўленняў і навяртанняў. Напрыклад, паралізаваны сын філосафа Кратона быў цудоўным чынам аздароўлены пасля візіту св. Валянціна, а члены сям’і сляпой дзяўчыны прынялі хрост.

Успамін святога прыпадае на дзень яго смерці — 14 лютага. Дзень св. Валянціна асабліва ўрачыста адзначаецца ў базыліцы горада Тэрні, дзе ладзіцца свята заручынаў. Пры магіле святога сотні параў гавораць словы кахання і вернасці.

У Беларусі нядаўна з’явілася месца, куды маладыя людзі могуць накіроўвацца ў пілігрымкі, каб прасіць заступніцтва ў святога або ўжо дзякаваць за сваё каханне і сям’ю. У гонар св. Валянціна пад Мінскам у горадзе Смалявічы не так даўно была пабудавана новая святыня, хаця архіўныя дадзеныя гавораць пра тое, што касцёл існаваў тут з 1917 года, зачынілі яго ў 1935 годзе, а потым увогуле знішчылі. Цяпер душпастырскую дзейнасць у парафіі вядуць манахі ордэну капуцынаў.
 

Малітва нарачоных да святога Валянціна

Святы Валянціне, ты быў абраны заступнікам нарачоных, апякуйся ўсімі закаханымі. Выпрасі ў Бога патрэбныя для іх ласкі, каб яны змаглі дарасці да сапраўднага шчырага і бескарыслівага кахання. Сцеражы нарачоных ад знішчальнага агню абыякавасці. Выпрасі для іх у Бога жаданне будаваць сваё каханне на фундаменце Божых запаведзяў. Святы Валянціне, заступайся за іх перад Хрыстом, каб Ён сам быў для іх прыкладам і ўмацоўваў у хвіліны слабасці. Амэн.
 

Малітва да святога Валянціна

Святы Валянціне, апякуне закаханых, рызыкуючы сваім жыццём, ты рэалізоўваў і абвяшчаў евангельскае пасланне спакою. Дзякуючы мучаніцтву, прынятаму з любові, ты перамог абыякавасць, нянавісць і смерць, выслухай нашу малітву. 

Перад абліччам непрыязнасці і падзелаў у свеце дапамажы нам заўсёды мець сапраўдную любоў, пазбаўленую эгаізму, і быць сярод людзей вернымі сведкамі любові Бога. 

Няхай нас ажыўляюць крыштальна чыстая любоў і давер, якія дапамогуць нам перамагаць жыццёвыя перашкоды. Просім цябе, заступіся за нас перад Богам — крыніцаю ўсялякай любові і прыгажосці, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Адданне ў апеку св. Валянціну

Святы Валянціне, радуюся хвале, якую ты цяпер спазнаеш у небе, і ўшанаванню, якім ты цешышся на зямлі. Даручаю табе ўсе мае духоўныя і цялесныя патрэбы для прадстаўлення іх Усемагутнаму Богу. Атулі мяне сваёю апекаю, асабліва ў апошнюю хвіліну майго жыцця, каб дзякуючы твайму заступніцтву я мог (магла) сустрэцца з Богам і табою ў супольнасці святых. Амэн. 

Малітва праз заступніцтва св. Валянціна за хворых

Усемагутны вечны Божа, Ты праз заступніцтва святога Валянціна аддаляў ад людзей усялякія хваробы. Просім Цябе, каб праз заслугі і заступніцтва святога Валянціна Ты захаваў нас ад Твайго заслужанага пакарання, каб, вызваленыя ад засмучаючай нас хваробы душы і цела, мы служылі Табе з ахвотаю і ўдзячнасцю. Амэн.

Літанія да святога Валянціна, мучаніка
(для прыватнага чытання)

Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,            — змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, 

Святая Марыя,                            — малiся за нас.
Святы Валянцін, святар і мучанік,
Святы Валянцін, абаронца хрысціянства,
Святы Валянцін, літасцівы заступнік,
Святы Валянцін, лекар хворых,
Святы Валянцін, айцец убогіх і сіротаў,
Святы Валянцін, вобраз Хрыстовага святарства,
Святы Валянцін, утаймавальнік злых сілаў,
Святы Валянцін, прыклад дасканаласці,
Святы Валянцін, які ўваскрашаў памерлых,
Святы Валянцін, абаронца дзявочай цнатлівасці,
Святы Валянцін, серафім Божай любові,
Святы Валянцін, слуп каталіцкай веры,
Святы Валянцін, суцяшальнік засмучаных,
Святы Валянцін, выдатны цудатворца,
Святы Валянцін, руплівы апостал,
Святы Валянцін, абаронца Хрыстовых мучанікаў,
Святы Валянцін, заступнік у страшнай хваробе,
Святы Валянцін, сябра анёлаў,
Святы Валянцін, пальма мучанікаў,
Святы Валянцін, каўчэг Новага Запавету,
Святы Валянцін, які ўтаймоўваў любую хваробу,

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — змiлуйся над намi.

С.: Малiся за нас, cвяты Валянцін.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молiмся: Божа, Ты запаліў агнём любові святога Валянціна і ўчыніў так, што ён не спалохаўся пагрозаў тырана. Учыні, каб мы, ушаноўваючы яго мучаніцтва, былі вызваленыя ад усялякіх хваробаў і ад смяротнага граху. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. 


Паводле: adonai.pl; catholic.org.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла