Быць побач у разгар крызісу

Надыходзячыя святы спакушаюць нас траціць шмат грошай, купляць звыш таго, што нам патрэбна, таму што купляць і рабіць падарункі — гэта праява клопату, удзячнасці і проста ўвагі да блізкага. На Божае Нараджэнне мы гатуем святочныя стравы і загортваем падарункі ў прыгожую бліскучую паперу.


І нам падабаецца траціць трохі больш грошай проста таму, што гэты час асаблівы. Гэта час для святкавання і супакою. Гэта час для незвычайных учынкаў і дзівосаў, якім ёсць добрае апраўданне: мы святкуем любоў Бога да нас. Дзіцятка Езус з’яўляецца галоўным падарункам для нас. Божая любоў шчодрая, яна перапаўняе нас. Бог не трымаецца ад нас здаля, пасылаючы Езуса, свайго Сына, — у гэтым Нараджэнні Бог дае нам самога сябе.

Але нават калі ўсе нашыя намаганні і дзеянні засяро­джаныя на падарунках, магчыма, нам трэба паразважаць у трошкі іншым кірунку: мы павінны даваць блізкім саміх сябе, а не рэчы. Бог даў нам самога сябе ў даволі простай «абгортцы»: у выглядзе Дзіцяткі двух падарожнікаў з абмежаванымі сродкамі. У іх не было ні цёплай коўдры, ні прыгожай калыскі для Езуса. Не было велізарнага кошыка з шакаладнымі ласункамі ад «Гірардэлі» для Яго бацькоў. Але прысутнасць гэтага Дзіцяці была настолькі бясцэннай і ўзвышанай, што бедныя пастухі, вялікія мудрацы з далёкіх краінаў, пабожная ўдава і стары прарок — усе сабраліся каля Яго са слязьмі на вачах і радасцю ў сэрцах.

А мая прысутнасць што-небудзь значыць для тых, каго я люблю? Калі ў гэтым годзе я не магу спрэзентаваць каштоўны падарункавы сертыфікат або проста прыгожы набор ручнікоў для ваннай сваім блізкім, як яшчэ я магу выказаць сваю любоў да тых, для каго ў мінулыя гады я быў гатовы зняць усе грошы са сваёй крэдытнай карткі? Калі я не магу прапанаваць вялікія грашовыя сродкі, то што застаецца? Мая шчырасць? Мая гасціннасць? Мой бясцэнны час для тэлефоннай размовы? Мой візіт, які будзе больш працяглым, чым гэта патрэбна толькі для абмену падарункамі?..

Гэта была вельмі напружаная восень для майго мужа і мяне. Беспрацоўе, няпоўная занятасць, потым капітальны рамонт дома; сям’я, нашы блізкія былі занадта далёка, каб мы маглі лёгка сустракацца. Цяпер мы паступова адкрываем для сябе, што проста прыйсці вечарам дадому і з’есці разам простую ежу, абняць адно аднаго і падбадзёрыць, правесці крыху больш часу, гуляючы з нашымі сабакамі альбо гатуючы ежу, — усё гэта досыць шчодрыя падарункі для нас. У нас не будзе дарагой вячэры ў гэтым годзе, не будзе вялікай вечарыны для сяброў. Мы будзем разам гатаваць ежу і шукаць таннейшыя мандарыны. Мы паедзем на вяселле да нашых родных, на зваротным шляху спыняючыся на кароткі час у іншых сваякоў. Падчас кожнага такога прыпынку мы будзем уваходзіць у дом, і хоць у нас будуць толькі невялікія падарункі, але нашы адносіны і пачуцці будуць больш важнымі, нашы абдымкі і спакойная размова будуць больш вартыя, і мы будзем атрымліваць асалоду ад блізкасці тых, каго мы не можам бачыць вельмі часта.

Мы схільныя забываць (ці не праўда?), што дастаткова проста Божай прысутнасці. Божай ласкі дастаткова. Мы забываемся пра гэта і ганяемся за вялікімі зніжкамі ў магазінах, лепшымі аўтамабілямі, гаджэтамі, якія зробяць нашае жыццё больш зручным, мы хочам паехаць у адпачынак, які будзе больш рамантычным і экзатычным за ўсе іншыя. Мы прагнем лепшых і больш дарагіх падарункаў... А адзіны адказ на наша рэальнае жаданне — гэта поўная глыбокай пашаны Прысутнасць.

Перыяд Божага Нара­джэння — гэта тая пара, калі мы павінны правесці больш часу ў прысутнасці Дзіцяткі. Прысвяціць больш часу на тое, каб адкрыць моц і цуд нашай уласнай прысутнасці побач з іншымі.


Вініта Хэмптан Райт

Пераклад з англ. мовы
Эльвіры Палінеўскай
Паводле www.loyolapress.com

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла