Трагедыя сузалежнасці. Роля «ахвяры»

Мы працягваем размаўляць пра сузалежнасць у сям’і і дысфункцыю, якая яе выклікае.

Калі блізкія людзі становяцца мэтаю нашага жыцця, мы прад’яўляем да іх вельмі высокія патрабаванні: мы ж усё робім дзеля іх, значыць і яны павінны «адпавядаць». Здараецца, што дзеці рас­туць у сям’і, дзе яны павінны проста са скуры вылазіць, каб задаволіць бацькоў. Ад іх патрабуюцца лепшыя адзнакі па ўсіх прадметах у школе, дасканалая чысціня ў пакоі…


Часта такія патрабаванні пераходзяць на ўзровень псіхікі: «Маці — гэта святое, яе трэба любіць, паважаць і цаніць». А мама, у сваю чаргу, можа з раніцы да вечара  наладжваць істэрыкі, якія дзіця павінна супакойваць. Часта ў нашых сем’ях дзяцей наогул не слухаюць, бо дзіця не можа мець рацыі, таму што бацькі — яго гаспадары. Вельмі часта мы ставімся да дзяцей як да сваёй уласнасці: яны заўжды нешта «павінны» — і калі маленькія, і калі дарослыя. Часта сем’і ўжо дарослых дзяцей руйнуюцца па віне іх маці, бо «ніхто цябе не будзе любіць так, як я», і «мама не можа памыляцца, таму ты павінен...».

Сузалежны чалавек абавязкова ў нейкі момант пачынае ўсведамляць, што ён глыбока няшчасны. Ён не можа зразумець, чаму да яго, такога добрага, ахвярнага, ставяцца так няўдзячна: «Я ж усё дзеля іх раблю, а яны вось так са мною…» Мая маленькая пляменніца аднойчы дала сваім бацькам урок на ўсё жыццё. Яе маці, мая сястра, прыйшла і пачала ёй казаць: «Калі ж ты ў пакоі прыбярэш? Я ж усё для цябе раблю, і тата таксама, усё ў цябе ёсць», а малая ў адказ: «Мамачка, а ты так усё для мяне не рабі, калі ласка, а то табе цяжка-цяжка жыць, а ў пакоі я проста так прыбяру».

Цяжка ўсвядоміць, што нашая ахвярнасць не проста бывае непатрэбнаю, а нават і шкоднаю. Роля мучаніка, «ахвяры несправядлівасці, няўдзячнасці» блізкіх, для якіх «усё мною зроблена», часам дае адчуванне ўласнай значнасці. Роля «ахвяры» прымушае сузалежнага чалавека чакаць: «Яны яшчэ пашкадуюць і вернуцца да мяне», «Яны яшчэ мяне па­просяць…».

Жыццё траціць фактар актыўнасці, становіцца рэактыўным — чалавек чакае ад іншых дзеянняў, а сам нічога не робіць. У блізкіх сузалежнага таксама ўзнікае праблема: яны ўжо не могуць дзейнічаць, бо такія адносіны іх прыгнятаюць, а калі яны не дзейнічаюць, то пакутуюць ад пачуцця віны. Так працуе механізм сузалежнасці.

Калі сузалежны чалавек пачынае разумець, што шлях «вялікамучаніцтва» нікуды не вядзе, і спрабуе выправіць сітуацыю — гэта, я лічу, са­праўдны гераізм. Адна мая знаёмая толькі ў 70 гадоў зразумела, да чаго давяла і сябе, і сваю сям’ю. Муж, алкаголік, даўно яе пакінуў, дачка зусім не падтрымлівала з ёю сувязяў, і ў пэўны момант яна пачала разумець, што гэта не толькі іх віна. Яна два тыдні спрабавала датэлефанавацца да дачкі, і калі, нарэшце, гэта атрымалася, сказала: «Я цябе мучыла ўсё жыццё і цяпер гэта разумею. Я вельмі хачу да цябе прыехаць і па­прасіць прабачэння за кан­крэтныя рэчы, але калі ты не захочаш мяне бачыць, я гэта зразумею». Яны сустрэліся, памірыліся, і яе дачка пасля мне распавядала: «У гэты дзень я нібыта другі раз нарадзілася! Мама зразумела, як яна прыгнятала нас сваім так званым дабром». Людзі, якія ўмеюць апанаваць сваю пыху, — сапраўдныя героі. Гэтая сямідзесяцігадовая жан­чына сказала мне: «Раней я адчувала сябе амаль што святою, бо я ж прысвяціла ся­бе толькі сям’і! А цяпер мне дачка кажа: “Ты, мама, святая”, а я зусім гэтага не адчуваю, столькі памылак зрабіла ў жыцці».

Хачу звярнуць увагу на адзін важны момант. Глыбока веруючым людзям, схільным да сузалежнасці, можа быць цяжка прыняць праўду пра тое, што заўсёды ставіць жаданні і патрэбы іншых людзей вышэй за ўласныя —
гэта памылка. Часам гэта сапраўды трэба рабіць, але не заўсёды.

Паглядзіце, як дакладна кажа нам Бог у запаведзі любові: любі бліжняга свайго, як самога сябе. Не больш за сябе, не менш за сябе, а гэтак, як сябе. Адсюль, дарэчы, вынікае, што спачатку трэба сябе ўбачыць, прыняць, зразумець, прабачыць і палюбіць, і тады будзе лягчэй прыняць, прабачыць і зразумець бліжняга. А мы часам не можам сабе прабачыць, таму і іншым не можам…

Сузалежнасць веруючых людзей можа распаўсюджвацца і на іх адносіны з Богам. Часам мы паводзім сябе так, нібыта без нас Яго на­огул не існавала б. Нам здаецца, што для таго, каб што-небудзь атрымаць ад Бога, трэба шмат-шмат маліцца, і мы молімся, молімся, а самі не верым, што атрымаем тое, аб чым просім. Мы молімся і адначасова рыхтуем сябе да таго, што Бог нам адмовіць у просьбе. І далей кажам: «Гэта Божая воля». Воля Божая пачынае ў нас асацыявацца з самым страшным, што можа здарыцца, і зусім не верыцца, што менавіта ў Божай волі для нас збаўленне і шчасце. Гэта адна з прыкметаў сузалежнасці ў адносінах з Богам. А вось другая прыкмета: калі я думаю, што мне трэба як мага больш замольваць свае грахі, таму што проста так Ён іх не прабачыць, — гэта сузалежнасць. Я ў соты раз іду да споведзі з адным і тым жа калісьці ўчыненым грахом, хоць святар ужо сто разоў казаў, што час прабачыць сабе гэты грэх, бо Езус ужо яго прабачыў і ўзяў на сябе, памёршы на крыжы, а я ўсё не магу ў гэта паверыць.

Часам мы нават спрабуем кантраляваць Бога. Гэта выглядае так: «Дапамажы мне, Божа! А паколькі Ты не ведаеш, як, я Табе скажу, якая мне патрэбная дапамога».

І страшна, бо раптам Ён пачне дапамагаць нам па-свойму, і мы не зможам трымаць гэта пад кантролем.
У наступны раз мы па­спрабуем ацаніць, наколькі кожны з нас схільны да сузалежнасці, паспрабуем з дапамогаю Духа Святога знайсці ў сабе смеласць быць з сабою шчырымі ў гэтым складаным, але вельмі важным пытанні.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

 

 

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла