Каля крыніцы

Сёння сярэднестатыстычны еўрапеец мае максімальна спрошчаны доступ да ўсяго, што неабходна для існавання: паветра, ежы і вады. Такім чынам думкі сучаснага беларуса вызваленыя для таго, каб імкнуцца да новых сацыяльных стандартаў і паляпшэння камфорту жыцця. Мы не заўважаем, як нашае цела напаўняецца кіслародам, атрымлівае сілы са страваў, наталяецца і ачышчаецца вадою.


Смак вады мы пачынаем адчуваць толькі зачэрпнуўшы яе з бацькоўскага калодзежа ці з выпадкова знойдзенай пад дрэвам крыніцы. Тады многім адкрываецца таксама смак жыцця.

Вада дае жыццё. Не толькі нашаму целу. Дзякуючы вадзе калісьці кожны хрысціянін атрымаў новую форму існавання — жыццё вечнае. У сакрамэнце хросту кожны з нас нарадзіўся нанова, стаўшыся дзіцём Божым.

Падчас святой Імшы мы можам заўважыць, што чын пакаяння мае не толькі форму супольнай рэцытацыі «спавядаюся Богу» ці дыялогу заклікаў святара і адказаў народа. Часам святар на пачатку цэлебрацыі асвячае ваду і акрапляе ёю вернікаў. Гэты старажытны абрад, які існуе ў Касцёле з VIII стагоддзя, павінен вярнуць нашыя сэрцы да таго моманту, калі вада ў першы раз абмыла нас з грахоў. І хоць зазвычай мы не памятаем хвілінаў свайго хросту, аднак гэтае акрапленне на пачатку Імшы вяртае нас да вытокаў нашага ўсынаўлення Богам, да таго моманту, калі мы ўпершыню ачысціліся ад граху. Таму не трэба блытаць гэтага абраду з благаслаўленнем рэлігійных рэчаў альбо благаслаўленнямі, якія адбываюцца падчас святкавання Пальмовай нядзелі ці Пасхальнага Трыдуума.

Успамін хросту, які адбываецца падчас нядзельнага акраплення, гэта не толькі вяртанне ў думках да пачаткаў нашага хрысціянскага жыцця. Гэта таксама шторазовае ўсведамленне сваёй годнасці дзіцяці Божага, якая была здабытая Найдаражэй­шай Крывёю Збаўцы. Гэта заклік да вяртання ў абдымкі любячага Айца, які прабачае нам усе памылкі, каб разам з Ім і з Яго дапамогаю зноў крочыць дарогаю запаведзяў, на якую мы ўступілі праз хрост. Гэта новае ачышчэнне праз пакаянне за свае грахі і жаданне вернасці Богу. Гэта вяртанне да крыніцы, каб жыць вечна.


Ксёндз Уладзімір Русак

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла