Давяраць сваёй веры

Што з’яўляецца найважнейшай умовай магчымасці дакрануцца да Бога, каб атрымаць Ягоную ласку і міласэрнасць? Аб якім су­працоўніцтве просіць нас Бог, каб Ён мог разліць сваю любоў у нашых душах? Святы Ян ад Крыжа ў якасці найважнейшай умовы гаворыць пра веру.


Прысутнасць нашага Пана тут, на зямлі, дазваляе нам убачыць веру ў дзеянні і падказвае нам, што мы павінны рабіць, каб наладзіць кантакт з Богам. Прыгледзімся да веры сотніка з Евангелля. «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і бу­дзе аздароўлены слуга мой» (Мц 8, 8). Пра што гаворыць сотнік? Пра давер нашаму Пану.

Паглядзіце на гэтую веру ў веліч нашага Пана — яна перавышае ўсе натуральныя сродкі і сапраўды з’яўляецца ўсемагутнаю. Убачце радасць нашага Пана, кантакт, які стварае вера. «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры» (Мц 8, 10). Потым Ён кажа сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе» (Мц 8, 13). Мы бачым веру ў дзеянні. Гэта не нейкая прамінальная з’ява. Гэта адзін з прынцыпаў дзеяння Бога, духоўнага жыцця.

Св. Ян ад Крыжа кажа, што вера з’яўляецца адзіным сродкам дасягнення Бога.
Толькі вера на самай справе дасягае Бога. Розум не дасягае Бога,
бо паміж розумам і Богам ёсць бясконцасць.

Як прайсці гэты шлях, дакрануцца да Бога, які ёсць Любоўю, які ёсць жыццём? Праз веру. Чаму толькі праз веру?

Чалавек здольны сцвердзіць існаванне Бога пры дапамозе розуму, але гэта толькі звычайнае натуральнае пазнанне, якое пакідае яго ад Бога на адлегласці, таму што Бог не з’яўляецца думкаю, якую можна агар­нуць розумам, і не з’яўляецца рэччу, да якой можна было б дакрануцца.

Выйшаўшы на спатканне з чалавекам, Бог прамовіў да нас праз свайго Сына. «Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў» (Ян 1, 18). Бог прыйшоў у сваім Сыне, каб адкрыць нам глыбіню таямніцы сваёй любові. Прыйшоў сказаць нам, кім Ён ёсць і да чаго мы пакліканы, каб стаць Ягонымі дзецьмі. Бог робіць нас здольнымі да гэтага, даючы нам сваё жыццё, ласку, якая дзейнічае праз веру, надзею і любоў.

Паглядзім на Езуса, калі Ён размаўляе з Нікадэмам. Ён не адказвае на яго пытанні так, як гэта робіць прафесар, калі тлумачыць таямніцу Бога, але запрашае гэтага мыслячага чалавека, які мае інтэлект, увайсці ў таямніцу:

«Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што ўбачылі... <…>
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны,
хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае»
(Ян 3, 11, 16).

Езус з’яўляецца сведкам, Ён прыходзіць ад Бога. Нікадэм запрошаны да веры, якая абапіраецца на слова Бога. Ён разумее, што толькі інтэлект не можа агарнуць Бясконцага — ён можа толькі прытуліцца да таямніцы, але не дасягнуць Бога.

«А вы кім лічыце Мяне?» — пытаецца Езус у апосталаў. «Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога”» (Мц 16, 15–17). Вера Пятра дакра­наецца да самай таямніцы асобы Хрыста. Гэтае вызнанне не паходзіць ад цела і крыві, ад чалавечага спосабу мыслення, яно паходзіць з аб’яўлення Айца.

Бог з’яўляецца агнём, полымем, крыніцаю, акіянам. Наладжванне кантакту з Богам праз веру можна параўнаць з дзеяннем агню: бяру ў рукі агонь — ён паліць мяне, укладаю руку ў ваду — яна мочыць яе. У кантакце з Богам праз веру мы атрымліваем Божае жыццё. Бог заўсёды жывы, і жыццё Бога прыходзіць да нас.

Таму варта паверыць у сваю веру! Бо, як верым, так молімся і жывём…


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла