Ці можна ў Каталіцкім Касцёле маліцца і ахвяроўваць св. Імшы за людзей, якія скончылі жыццё самагубствам?

Найкаштоўнейшы Божы дар, дадзены чалавеку, — гэта дар жыцця. Аднойчы нарадзіўшыся, чалавек жыве вечна. Бог даў чалавеку магчымасць самому вырашаць, якім будзе гэтае жыццё: вечнай радасцю ў небе ці вечным мучэннем у пекле. Гэтая бязмежная вечнасць залежыць ад кароткага зямнога жыцця. Да апошняга дыхання на зямлі мы выбіраем свой лёс у вечнасці.


Нашае часовае жыццё настолькі кволае, што любы няправільны крок можа абарваць яго. Святое Пісанне і шматвяковая хрысціянская традыцыя вучаць нас берагчы жыццё і сваю душу так, каб у момант абарвання зямнога побыту яна была годнаю распачаць вечнасць з Богам у небе.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць:

«Кожны нясе адказнасць перад Богам за сваё жыццё, якое ад Яго атрымаў. Бог застаецца найвышэйшым Панам жыцця. Мы абавязаны прыняць гэта з удзячнасцю і берагчы жыццё дзеля Яго ўшанавання і збаўлення нашых душ. Мы распарадчыкі, але не ўладальнікі жыцця, якое Бог нам даверыў» (ККК, 2280).

Кожны раз, калі чалавек вырашае «жыць або не жыць», ён прэтэндуе на ролю Бога, якім не з’яўляецца, і парушае ўстаноўлены Створцам лад. Нездарма адна з дзесяці Божых запаведзяў прысвечана праблеме жыцця і смерці: «Не забівай!» (Зых 20, 13). І сярод грахоў забойства адным з найбольш цяжкіх і жахлівых з’яўляецца грэх самагубства.

Яшчэ да нядаўна каля старадаўніх каталіцкіх ці праваслаўных могілак можна было ўбачыць аддзеленую частку зямлі для пахавання бязбожнікаў і самазабойцаў. Звычайна такіх людзей хавалі без хрысціянскіх абрадаў, без публічнай малітвы святара, і нават нельга было ўносіць у касцёл і крапіць асвечанай вадой цела самагубцы. Такі строгі падыход быў звязаны з двума прынцыпамі.

Па-першае, лічылася, што калі чалавек пайшоў на такі жахлівы і грэшны крок, то ён выракся Хрыста і тым самым адлучыў сябе ад Касцёла (Царквы). А пахавальныя абрады — гэта публічная цэлебрацыя Касцёла для яго вернікаў. Таму, калі хтосьці праз свой учынак выракся хрысціянства, то і хрысціянскае пахаванне не дазваляецца. Можна толькі прыватна маліцца да міласэрнага Бога аб збаўленні душы самагубцы, калі ёсць такая магчымасць (бо, можа, у момант смерці грэшнік раскаяўся).

Па-другое, родным самагубцы адмаўлялася ў публічным касцёльным (ці царкоўным) пахаванні з выхаваўчых мэтаў, каб вернікі ўсведамлялі, што самагубства — гэта страшнае зло, бо чалавек выракаецца і Бога, і Касцёла, і асуджае сябе на вечную ганьбу, знакам чаго застаецца яго магіла на неасвечаным месцы па-за хрысціянскімі могілкамі. Але ў сучасным свеце, дзе могілкі сталі камунальнымі і агульнымі для ўсіх людзей, адышло ў мінулае пахаванне «за плотам» як «інструмент прафілактыкі» самазабойства сярод вернікаў.

Усе згаданыя забароны на пахаванне самагубцаў у другой палове ХХ ст. у Каталіцкім Касцёле былі скасаваныя.

Аднак у праваслаўнай пахавальнай практыцы і цяпер можна сутыкнуцца з нежаданнем душпастыра чыніць хрысціянскі абрад для самагубцы. Асноўны аргумент: праз цяжкі грэх самазабойца сам адлучыў сябе ад супольнасці вернікаў.

У каталіцкім Кодэксе Кананічнага Права, прынятым у 1983 г., грэх самагубства не згадваецца сярод злачынстваў, з-за якіх святар не можа здзяйсняць абрад хрысціянскага пахавання. Кодэкс узгадвае толькі тры групы асобаў, якіх нельга хаваць па-каталіцку:

  1. трываючых у ерасі, адступнікаў ад веры і схізматыкаў;
  2. тых, хто выбраў спаленне ўласнага цела з прычынаў, не адпаведных хрысціянскай веры;
  3. іншых яўных грэшнікаў, каталіцкае па­хаванне якіх будзе публічным выклікам для вернікаў (пар. ККП, кан. 1184).

Чаму ж Касцёл злагодзіў сваю пазіцыю?

Прычынаў для гэтага некалькі. Па-першае, развіццё навукі, асабліва псіхалогіі і тэалогіі, прывяло да таго, што чалавек часта ідзе на самагуб­ства пад уплывам вялікіх псіхічных і духоўных праблемаў, якія зацямняюць яго адказ­насць за грэх. Па-другое, адбыліся значныя цывілізацыйныя змены. Ранейшая жорсткая душпастырская «педагогіка» становіцца не прыдатнаю для сучаснай ментальнасці і можа паслужыць не дабру душаў, а наадварот, адвярнуць людзей ад Бога. Таму Касцёл пайшоў іншым шляхам: дазволіў душпастырам больш індывідуальна падыходзіць да кожнага выпадку, каб не абагульняць праблему, а вырашаць яе так, каб гэта паслужыла збаўленню як мага большай колькасці душаў.

Касцёл у сучасным навучанні заахвочвае да таго, каб не падыходзіць да праблемы самагубства з абагуленым і павярхоўным асуджэннем, бо прычыны такога адчайнага кроку чалавека могуць мець як духоўныя, так і псіхічныя праблемы. Вядомыя выпадкі, калі самазабойчыя думкі з’яўляюцца наступствам моц­нага ўплыву злога духа, які дзейнічае праз адчай, роспач, дэпрэсію, жаданне паліхачыць, рызыкнуць жыццём і г.д. Сучасная псіхалогія грунтоўна даследуе гэтую праблему і звяртае ўвагу на тое, што ў момант самагубства чалавек часта мае поўнае зацьменне розуму і волі. На гэта звяртае ўвагу і Катэхізіс Касцёла: «цяжкія псіхічныя расстройствы, страх або сур’ёзная боязь выпрабаванняў, цярпенняў ці катаванняў могуць зменшыць адказнасць самагубцы» (ККК, 2282).

Тое, што адбываецца ў душы чалавека ў момант смерці, гэта вялікая таямніца, вядомая толькі аднаму Богу. Таму людзям нельга судзіць пра гэта, а тым больш сцвярджаць, што хтосьці трапіў у пекла. Касцёл заахвочвае нас да малітвы за кожнага чалавека без выключэння, бо нават самагубца мог у апошнія секунды свайго жыцця раскаяцца ў здзейсненым і заклікаць Божую міласэрнасць.

Добрым прыкладам пазіцыі Касцёла з’яўляецца сітуацыя, апісаная біёграфамі святога пробашча Яна Віянэя. Размаўляючы з жанчынай, муж якой здзейсніў самагубства, кінуўшыся з моста ў раку, гэты святы сказаў наступныя словы: «Паміж мостам і вадой твой муж меў дастаткова часу, каб прасіць Бога аб прабачэнні».

Каталіцкі Касцёл не перастае навучаць, што грэх самагубства — гэта адзін з найжахлівейшых грахоў, які прыводзіць чалавека да пекла.

Адначасова ён пера­сцерагае не спяшацца судзіць аб тым, якой будзе вечнасць канкрэтнага чалавека, бо гэта вырашае толькі суд Божы. Галоўнае ж заданне хрысціяніна — не пераставаць маліцца аб Божай міласэрнасці і прабачэнні для грэшнікаў, асабліва для тых, хто адышоў у вечнасць. «Нельга губляць надзеі адносна вечнага збаўлення асобаў, якія адабралі ў сябе жыццё. Бог, вядомым Яму чынам, можа даць ім магчымасць збавеннага жалю. Касцёл моліцца за людзей, якія адабралі ў сябе жыццё» (ККК, 2283).

Аднак варта паважаць рашэнне душпастыра, які добра ведае ментальнасць і звычаі сваіх парафіянаў і для духоўнага дабра вернікаў прымае рашэнне аб той ці іншай форме пахавання самагубцы. Касцёл дае нам вялікую свабоду, каб вырашаць знешнюю форму пахавання. Але найбольш істотным найперш з’яўляецца менавіта малітва. А сярод усіх скарбаў, якія мы можам тут, на зямлі, ахвяраваць за памерлага, найкаштоўнейшай і найбольш дзейснай з’яўляецца Ахвяра Божага Сына — святая Імша за збаўленне памерлага, незалежна ад таго, якім чынам абарвалася яго зямное жыццё.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла