Ружанец у вучэнні Пантыфікаў

Сярод мноства формаў набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанец найбольш вядомы і распаўсюджаны. Векавая традыцыя лічыць, што святы Дамінік і яго паслядоўнікі адыгралі вырашальную ролю ў пашырэнні гэтай Марыйнай малітвы. Да ХVI ст. Ружанец меў разнастайныя формы і толькі пры св. Пію V перавага была аддадзена той форме, якую мы цяпер ведаем.


Біскупы Рыма заўсёды стараліся заклікаць вернікаў да ўшанавання Марыі праз Святы Ружанец, які называлі таксама «Псалтыром Маці Божай» (лічба пятнаццаці дзясяткаў «Вітай, Марыя…», з якіх складаўся Ружанец да ўключэння ў яго «Таямніцаў святла», адпавядае колькасці псальмаў).

Да пашырэння гэтай Марыйнай малітвы ў вялікай ступені спрычыніўся папа Леў ХІІІ (1878–1903). Ён прысвяціў Ружанцу ажно шаснаццаць дакументаў: адзінаццаць энцыклік (ад Supremi apostolatus officio да Diuturni temporis), адну апостальскую канстытуцыю (Parta humano generi), тры апостальскія лісты, а таксама ліст да кардынала Л. М. Сінчэра з просьбаю, каб вернікі выказвалі сваю любоў да Маці Божай праз чытанне Святога Ружанца. Папа Леў ХІІІ бачыў у гэтай малітве «пераказ усёй хрысціянскай рэлігіі» і ўсяго Евангелля.

«Паводле сваёй кампазіцыі Ружанец — самая дасканалая форма малітвы, — пісаў Леў ХІІІ у энцыкліцы Diuturni temporis. — Яна дае моцную абарону нашай веры, а ў та­ямніцах, што з’яўляюцца прадметам нашай кантэмпляцыі, паказвае нам узвышаны прыклад цнотаў». Леў ХІІІ, як і яго наступнікі, указвае на Ружанец як найлепшы сродак супраць зла, што пануе ў свеце, у міжнародных і сацыяльных адносінах, а таксама ў сем’ях.

Калі вернік успрымае Ружанец як медытацыю над любоўю Хрыста, ён сам становіцца прыкладам перажывання веры, бо «зусім немагчыма, каб хтосьці разважаў <…> над гэтымі прыгожымі сведчаннямі любові нашага Адкупіцеля без пачуцця шчырай удзячнасці да Яго», —  падкрэсліваў Леў ХІІІ у энцыкліцы Magnae Dei Matris.

Верагодна, абапіраючыся на выказванні і погляды Льва ХІІІ пра Ружанец, яго наступнік папа Пій Х (1903–1914), у апостальскім лісце Summa Deus, напісаным з нагоды 50-й гадавіны Марыйных аб’яўленняў у Люрдзе, заўважыў, што гэтае «цудоўнае здарэнне» выклікала пашырэнне культу Беззаганнай і «Яе Святога Ружанца». Пій Х не раз выказваў  вялікую трывогу перад пагрозаю сусветнай вайны, якая толькі распачыналася, таму вельмі важнымі ў той час былі яго разважанні пра догмат аб пасрэдніцтве і заступніцтве Маці Божай у справе ўсталявання спакою ў свеце (энцыкліка Ad diem illum).

Бэнэдыкт XV (1914–1922), якога называлі «Папам спакою», таксама прыкладаў вялікія намаганні да таго, каб не дапусціць «непатрэбнага пралівання крыві». У дакуменце з нагоды 700-й гадавіны смерці св. Дамініка ён звярнуў увагу на Ружанец як дапамогу і крыніцу моцы ў цяжкія хвіліны выпрабаванняў. Маці Божая, якая «мае такі вялікі ўплыў на свайго Боскага Сына і з’яўляецца Пасрэдніцаю і Распарадчыцаю ўсіх ласкаў, удзеленых людзям, заўсёды аказвае сваю дапамогу… Таму Папы Рымскія пры кожнай наго­дзе падкрэсліваюць вартасць Ружанца і ўзбагачаюць яго скарбамі апостальскіх адпустаў», — пісаў Бэнэдыкт XV.

«Містычным вянцом», «містычнаю каронаю» называў Ружанец папа Пій ХІ (1922–1939) у сваёй энцыкліцы Ingravescentibus malis, а яго наступнік, папа Пій ХІІ (1939–1958), заахвочваў хрысціянскія сем’і змясціць Ружанец на самым ганаровым месцы сярод іншых малітваў. У энцыкліцы Ingruentium malorum Пантыфік горача заклікаў: «Калі будзеце перасоўваць пацеркі Ружанца паміж пальцамі, не забывайце пра тых, хто вядзе ўбогае жыццё ў няволі, у вязніцах, у канцэнтрацыйных лагерах. Сярод іх ёсць і біскупы, дзеці, бацькі і маці. Гэтак жа, як я люблю і атуляю ўсіх айцоўскім пачуццём, так і вы, ажыўленыя братэрскаю любоўю, якую абуджае і па­-мнажае хрысціянская рэлігія, злучыце свае малітвы з маімі і даручайце ўсіх Яе матчынаму сэрцу».

Новае разуменне марыялогіі прыйшло ў Касцёл пасля Другога Ватыканскага Сабору. Ян ХХІІІ (1958–1963), «Папа Сабору», прысвяціў пабожнай Марыйнай малітве два значныя дакументы: энцыкліку Grata recordatio пра ружанцовую малітву ў інтэнцыі місій і супакою, а таксама апостальскі ліст Il religio convegno, да якога далучыў разважанне на тэму гэтай пабожнай практыкі. У энцыкліцы Папа падзяліўся сваімі юнацкімі ўспамінамі пра рух Марыйнай пабожнасці, які развіўся дзякуючы дакументам Льва ХІІІ, і адзначыў, што Ружанец стаў для яго вельмі дарагім і ён штодзённа маліўся ўсе яго часткі.

Адказваючы на закід пра манатоннасць і неарыгінальнасць гэтай малітоўнай практыкі, Пантыфік падкрэсліў значэнне Ружанца як містычнай кантэмпляцыі (сузірання), глыбокай рэфлексіі і пабожнай інтэнцыі.

Папа Ян ХХІІІ няспынна прасіў вернікаў маліцца праз заступніцтва Марыі аб паспяховым ходзе паўсюднага Сабору і супакоі на зямлі. Гэтыя заклікі падтрымаў яго наступнік, папа Павел VI (1963–1978), нагадаўшы, што ўсё яшчэ працягваюцца страшныя канфлікты і «ў зма­ганнях удзельнічаюць нават хрысціяне, якія вераць у Евангелле любові» (апостальскі ліст Recurrens mensis october).

У апостальскім лісце Marialis cultus Павел VI вылучае ў Ружанцы тры фун­даментальныя вымярэнні: тэалагічнае, літургічнае і душпастырскае. Тэалагічнае вымярэнне — гэта евангельскі характар Ружанца, што вынікае са зместу яго таямніцаў. У літургічным вымярэнні «Псалтыр Маці Божай» паказаны як малітва хвалы, просьбы і перш за ўсё кантэмпляцыі. Душпастыр­скае вымярэнне выяўляецца ў тым, што Ружанец — найлепшая форма супольнай малітвы, якая зноў павінна заняць важнае месца ў хрысціянскіх сем’ях.

Святы Ян Павел ІІ (1978–2005), Папа, які абраў сабе ў якасці дэвізу словы Totus tuus, заахвочваў да ружанцовай малітвы з самага пачатку свайго Пантыфікату, падкрэсліваючы, што Ружанец — гэта не проста паўтарэнне пэўных формул, а глыбокі, даверлівы дыялог з Марыяй. У сваіх разважаннях перад малітваю «Анёл Панскі» Ян Павел ІІ падкрэсліваў евангельскія, эклезіяльныя і чалавечыя вартасці ружанцовай малітвы.

 

У апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae Пантыфік прапанаваў дапоўніць Ружанец «Таямніцамі святла» для таго, каб «развіць хрысталагічнае вымярэнне Ружанца», бо «менавіта ў гэтых таямніцах мы кантэмплюем важныя аспекты Асобы Хрыста як Таго, хто канчаткова аб’явіў Бога». У дакуменце Папа таксама падкрэсліў хрыстацэнтрычны характар гэтай малітвы, яе важнае значэнне ў кантэмпляцыйным жыцці, паказаў ролю Марыі ў духоўнай фармацыі веруючага, падзяліўся сваімі разважаннямі пра Ружанец як метад малітоўнай медытацыі і пра спосабы паляпшэння ружанцовай малітвы.

Праз увесь апостальскі ліст праходзіць упэўненая думка Пантыфіка аб тым, што Ружанец і цяпер, на пачатку трэцяга тысячагоддзя, застаецца «вельмі дзейснаю малітваю, якая прыносіць плады святасці».

«Кветкаю людской пабожнасці і найбольш плённаю крыніцаю ласкаў» называў Ружанец і наступнік Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкт XVI (2005–2013). «Ружанец не з’яўляецца практыкай, звязанай толькі з мінулым, малітвай даўніх часоў, пра якую трэба думаць з настальгіяй, — гаварыў Пантыфік. — Ружанец нібы перажывае новую вясну. Несумненна, гэта самы красамоўны доказ любові, які новыя пакаленні дараць Езусу і Яго Маці Марыі».

Сёння выразным прыкладам даверу да Марыі і Езуса ў гэтай кантэмпляцыйнай малітве можа стаць для нас папа Францішак. Па словах былога асабістага сакратара Папы, кардынала А. Ксерэба, Францішак, адчуваючы па­трэбу ў адпачынку, бярэ ў рукі Ружанец. Адгаворвае яго прынамсі тры разы ў дзень. Гэта дапамагае яму аднавіць сілы. Затым Папа вяртаецца да працы».

У кастрычніку, які ў Касцёле традыцыйна прысвечаны Ружанцу, мы таксама павінны зрабіць гэты «Псалтыр Маці Божай» сваёй штодзённаю малітваю, заглыбіцца ў яе прастату, глыбіню і адначасова ахапіць ёю ўсе свае справы, клопаты і абавязкі. Спалучаная са шчыраю кантэмпляцыяй, гэтая малітва ніколі не стамляе, а становіцца сапраўднаю сустрэчаю з Тою, якая таксама чакае нас, каб падзяліцца сваёю радасцю, болем, святлом і сваёю хвалою.


Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка
Паводле матэрыялаў сайтаў opoka.org.pl,
rozaniec.web-portals.pl

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла